1 мая 1986 года. Сонечны цёплы дзень. Ужо гарэў Чарнобыль, але ніякіх афіцыйных звестак пра гэта пакуль не паступала, і людзі выйшлі на першамайскую дэманстрацыю з добрым настроем, вясёлымі ўсмешкамі.
Гэты Першамай, у адрозненне ад многіх падобных, запомніўся: была мая чарга рабіць рэпартаж са святкавання для «раёнкі» — тагачаснай «Зары камунізму». Трыбуну ў Пружанах ставілі насупраць райвыканкама, і святочныя калоны рухаліся ўздоўж вуліцы Камуністычнай (цяперашняй Р.Шырмы). Па-летняму гарачы, паўднёвы моцны вецер уздымаў з дарогі пясок. Нават падумаць немагчыма было, што нёс гэты вецер чорны боль…
У параўнанні з гэтай бядой цяпер здаюцца дробнымі і смешнымі мае першамайскія хваляванні: пакуль я бегала па плошчы з блакнотам і фотаапаратам, маленькая дачка паціху знайшла сабе больш цікавы занятак: ляпіла «кулічыкі» з пяску пад елкамі каля ЗАГСа. Пашукала я яе. Наогул дзяцей на плошчы было шмат: школьнікі праходзілі ў калоне арганізавана, па класах, малыя — разам з бацькамі, з кветкамі і паветранымі шарамі ў руках…
Падчас дэманстрацыі быў зроблены і гэты фотаздымак. На ім — медработнікі Пружанскай бальніцы, сярод якіх Ліля Мікалаеўна Дронь, Людміла Мікалаеўна Пстыга, Людміла Міхайлаўна Зарэцкая, Ніна Васільеўна Ткачук. Звычайнае фота на памяць стала знакавым.
Ірына СЯДОВА.