Суббота, 5 октября 2024

Гісторыя з фатаграфіяй. Ад Сталіна да Леніна — адзін крок

932

Быў час, калі на цэнтральнай плошчы Пружан было адразу два помнікі правадырам: Леніну і Сталіну. Ленін — з традыцыйна працягнутай у светлую будучыню рукой.
Помнікі з‘явіліся амаль адразу пасля вызвалення Пружан ад фашыстаў. Насупраць іх спачатку стаяла Прачысценская царква са знесенай снарадам званіцай, лёс якой вырашаўся больш за дзесяць гадоў. Нарэшце царкву знеслі, з яе цэглы пабудавалі ўнівермаг (цяперашні «Дзіцячы свет»), а на рагу Савецкай і Камсамольскай — будынак, дзе размясціліся магазін «Гастраном» і рэстаран. Рука Леніна якраз накіроўвалася ў гэты бок.


Дырэктарам гастранома працавала Фаіна Пятроўна Майстар, і вострыя на язык пружанцы сачынілі прыпеўку: «Стаіць Ленін на бруку, на высокім «каблуку» і паказвае рукой — ідзі да Фані за мукой».
У сярэдзіне 1970-х месцам правядзення святочных дэманстрацый і парадаў стала плошча па вуліцы Камуністычнай, каля новага будынка райкама партыі і райвыканкама. Да 60-гадовага юбілею Кастрычніцкай рэвалюцыі — у 1977 годзе — тут паставілі новы помнік Леніну, а стары дэманціравалі. А помнік Сталіну нечакана знік намнога раней. Можна меркаваць, што гэта адбылося ноччу на 1 лістапада 1961 года, калі цела І.В.Сталіна вынеслі з Маўзалея, або адразу пасля гэтай падзеі. І ў Пружанах з‘явілася новая байка. На пытанне: «Куды Сталін падзеўся?» – вастрасловы адказвалі: «У зялёнкі ў лес пайшоў»…
Ірына СЯДОВА. Фота з асабістага архіва Леаніда ПАТАПЧУКА
Шаноўныя чытачы, калі ў вас ёсць свае «гісторыі з фатаграфіямі», дасылайце іх на электронны адрас RRBud2@brest.by або тэлефануйце нам па нумарах: 9-12-36, 9-15-02.