Воскресенье, 19 января 2025

Гісторыя, якая ажыла ў кадры

261

Чорна-белае, каляровае, у 3D-фармаце… Доўгі і няпросты шлях развіцця і станаўлення прайшло беларускае кіно, пакуль выйшла на вялікія экраны ў тым выглядзе, у якім мы прывыклі яго бачыць зараз. І сёння 100-годдзе беларускага кіно — гэта не проста дата ў календары, гэта сімвал нашай культурнай спадчыны, адлюстраванне гістарычнага развіцця цэлай эпохі.

Такую знамянальную дату адзначылі і ў Пружанскай кінавідэасетцы. На мінулым тыдні раённы кінатэатр «Спадарожнік» сардэчна прымаў ганаровых гасцей, ветэранаў галіны, навучэнцаў і жыхароў райцэнтра на святочным мерапрыемстве. У холе кінатэатра разгарнулася вялікая выстава пад назвай «Стагоддзе беларускага кіно», прысвечаная розным этапам развіцця айчыннага кінамастацтва. На выставе была прадастаўлена падборка часопісаў, брашур, фатаграфій, кніг, па матывах якіх зняты вядомыя фільмы.

Словы віншаванняў і падзякі супрацоўнікам раённай кінавідэасеткі выказаў намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч, а таксама ўручыў граматы і падзячныя пісьмы лепшым работнікам прадпрыемства.

— З адкрыццём кінатэатраў кіно стала самым прыемным баўленнем часу і зараз не губляе сваёй папулярнасці. І сёння мы можам ганарыцца тым, што нашы айчынныя фільмы знаходзяць водгук у сэрцах не толькі гледачоў нашай краіны, але і за яе межамі. Беларускія кінематаграфісты праз свае фільмы змаглі паказаць усяму свету самабытныя славянскія традыцыі і багатую духоўную культуру нашага народа, стварыць у вялікім свеце кіно непаўторны вобраз Беларусі, — падкрэсліў Руслан Васільевіч.

Дата святкавання выбрана невыпадкова. Так, 17 снежня 1924 года выйшла пастанова Савета Народных Камісараў «Аб кінавытворчасці ў БССР». У гэты ж дзень было створана Дзяржаўнае ўпраўленне па справах кінематаграфіі і фатаграфіі «Белдзяржкіно». На экраны выйшлі знакамітыя «Белыя росы», «Альпійская балада», «Людзі на балоце» і іншыя. Гэтыя фільмы сапраўды сталі народнымі. Сёння нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм» па праве ганарыцца таленавітымі рэжысёрамі, аператарамі, акцёрамі, якія сваімі трыумфальнымі пастаноўкамі стварылі залаты фонд нацыянальнага кіно краіны.

Да слоў віншаванняў таксама далучыўся начальнік аддзела культуры райвыканкама Канстанцін Панімаш.

— Мусіць, няма ніводнага чалавека, які б хоць раз у жыцці не схадзіў у кінатэатр, менавіта на прэм’еру беларускага кіно. Яно выпрацоў-вае ўласны густ і асабістае меркаванне на шматлікія жыццёвыя сітуацыі. Таксама можа даць падказку ці адказ на складанае пытанне. Таму ўздзеянне кіно на наш светапогляд самае прамое, — зазначыў Канстанцін Іванавіч. — Вельмі прыемна, што не адстае ад мэтраў кінаіндустрыі і сучаснае пакаленне. Сёння нараджаюцца новыя імёны, з’яўляюцца яркія кінастужкі, якія заваёўваюць прызнанне па ўсім свеце. Нашая моладзь актыўна наведвае кінатэатр, нягледзячы на магчымасці інтэрнэту.

Пружанская раённая кінавідэасетка радуе жыхароў горада і раёна з 1965 года. Тады ў цэнтры горада, каля сабора Аляксандра Неўскага, быў пабудаваны новы, на тыя часы, сучасны кінатэатр на 400 пасадачных месцаў з сімвалічнай назвай «Спадарожнік». Ён адразу прыцягнуў жыхароў усіх узростаў і стаў упадабаным месцам адпачынку гараджан.

Больш за 45 гадоў сваёй прафесійнай дзейнасці сістэме кіно прысвяціў Уладзімір Люсько, з якіх 30 гадоў працаваў на пасадзе дырэктара кінатэатра. Пад яго кіраўніцтвам быў зроблены рамонт і мадэрнізацыя «Спадарожніка», аснашчэнне сучаснай гукавой сістэмай, закуплена адпаведнае абсталяванне для дэманстрацыі фільмаў у фармаце 3D. Маладыя спецыялісты атрымалі ў спадчыну добрую базу, каб з гонарам прадоўжыць справу, распачатую Уладзімірам Уладзіміравічам.

— Як дырэктар кінатэатра я ганаруся тым, што магу быць часткай гэтай дзіўнай гісторыі, — кажа Таццяна Ланінская. — Я бачу, як кіно аб’ядноўвае людзей, натхняе і прымушае задумацца аб важным. Я выказваю шчырую падзяку сваім калегам за адданасць любімай справе і, вядома, ветэранам кінагаліны за шчырасць да сваёй прафесіі. Няхай наша кіно квітнее і з кожным годам з’яўляецца ўсё больш захапляльных, якасных фільмаў.

Завяршылася святочнае мерапрыемства паказам беларуска-расійскай стужкі «Чорны замак» паводле рамана Караткевіча «Чорны замак Альшанскі».

Галоўны герой — малады прафесар, гісторык-даследчык Антон Косміч вывучае гісторыю краіны, містычным чынам пераносіцца ў Сярэднявечча і аказваецца ўцягнуты ў ланцуг падзей са знікненнямі, таямніцамі і змрочнымі легендамі. У яго рукі трапляе старажытнае Евангелле з пасланнем да нашчадкаў, у якім згадваюцца загадкавыя падзеі, якія змянілі лёс роду Альшанскіх. Яму трэба будзе разгадаць таямніцы мінулых тысячагоддзяў…

Выхад гістарычнага фэнтэзі прымеркаваны да 25-годдзя Саюзнай дзяржавы і 100-годдзя беларускага кіно. Сюжэт фільма захапляльны і цікавы, у ім пераплецены наша гістарычнае мінулае і яго сучаснае прачытанне.

Ірына Велясевіч. Фота Кацярыны Масік