Понедельник, 28 апреля 2025

Гісторыя на колах. Рэтрагрузавік «ГАЗ-51» верна служыць пружанцу Васілію Жабруну і яго сям’і

915

Мы працягваем расказваць пра аўтамотатэхніку, якая, нягледзячы на паважаны ўзрост, працягвае служыць сваім гаспадарам. Чарговы «герой» нашай рубрыкі — аўтамабіль «ГАЗ-51».

Васілій Жабрун і яго рэтрагрузавік.

Паўстагоддзя таму такі грузавік быў асноўным «рабочым конікам» арганізацый і прадпрыемстваў, якія ажыццяўлялі грузаперавозкі. Яшчэ 30 гадоў назад яго сям-там можна было ўбачыць на дарогах раёна, а цяпер толькі некалькі такіх аўтамабіляў засталося ў карыстанні. І адзін з іх належыць гараджаніну Васілію Жабруну.

Як успамінае Васілій Васільевіч, у 1992 годзе пасля заканчэння аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта ён быў размеркаваны ў калгас імя Леніна ў в.Харава, дзе заняў пасаду інжынера.

— Мой бацька ўсё жыццё прарабіў вадзіцелем на такіх грузавіках і якраз падчас майго прыезду ў калгас сабраўся ісці на заслужаны адпачынак, — расказвае Васілій Васільевіч. — І я вырашыў зрабіць яму падарунак, выкупіць стары калгасны «ГАЗ-51».

Зразумела, што працаздольную тэхніку ў той час наўрад ці хто з гаспадароў прадаў бы, бо ўсе адчувалі цяжкасці з абнаўленнем машыннага парка. А вось транспарт, які з-за інтэнсіўнай эксплуатацыі пераўтварыўся ў сапраўдны металалом, гаспадарка збыла з радасцю. Грузавік 1974 года выпуску стаяў на трох колах, на кабіне і кузаве «жывога месца» не было.

Аднак майстравітых Васілія і яго брата гэта не спалохала — і пад кіраўніцтвам дасведчанага бацькі маладыя людзі хутка аднавілі грузавік да працаздольнага стану. З першых дзён задаволены такім падарункам Васілій-старэйшы стаў выкарыстоўваць машыну для гаспадарчых патрэб. Чатырохколавы памочнік удзельнічаў у пасадцы і ўборцы бульбы, вазіў інвентар, дровы і сельгаспрадукцыю ў засекі сям’і Жабруноў. Аўтамабіль даказаў сваю надзейнасць і трываласць. На ім гаспадар ездзіў у Кіеў, Днепрапятроўск. Усюды выручаў гэты «конік». Нават зараз сын, якому грузавік перайшоў у спадчыну, смела можа паехаць на ім у Брэст.

— На такім грузавіку можна быць упэўненым, што абавязкова даедзеш. У той жа час далёка ехаць нерацыянальна, бо пры поўнай загружанасці машына спажывае 21 літр бензіну на 100 кіламетраў. Для параўнання: 20-тонная фура патрабуе на такую ж адлегласць 30 літраў саляркі.

Як успамінае Васілій Жабрун, аднойчы яму з братам давялося пераканацца ў надзейнасці «савецкай» зборкі. Неяк яны адправіліся па абрэзкі піламатэрыялаў і, каб не ездзіць двойчы, вырашылі загрузіць чатырохколавага «коніка» з верхам. Атрымалася прыкладна 5 тон груза, якія «ГАЗ-51»… пацягнуў. Толькі на пад’ездзе да дому не вытрымала кола, давялося мяняць на «запаску». Але машына ўсё роўна сваім ходам дабралася да канечнага пункта.

Цяпер вельмі складана стала з запчасткамі, даводзіцца шукаць аналагі. Так падабралі колы, задні мост, каробку перадач. Але ж падобныя замены патрэбны толькі зрэдку, у прынцыпе, дзякуючы простай канструкцыі, часта ламацца ў машыне няма чаму. Тым больш, што «стары» цяпер больш адпачывае, бо не можа паспрачацца з маладымі сапернікамі ў эканамічнасці расходу паліва і грузападымальнасці. Аднак і зараз у некаторых сітуацыях ён выручае свайго ўладальніка. Таму Васілій Жабрун і запланаваў з пацяпленнем заняцца чарговай рэстаўрацыяй грузавіка, які, як ён спадзяецца, праслужыць яшчэ не адзін дзясятак гадоў.

Даведка «РБ»

Гэтая мадэль грузавога транспарту была распрацавана яшчэ да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Яна павінна была замяніць састарэлы «ГАЗ-ММ», але… не склалася. Работы былі адноўлены пасля Перамогі, і ў 1946 годзе з канвеера сышоў першы «ГАЗ-51» з грузападымальнасцю 2,5 тоны. Горкаўскія аўтавытворцы атрымалі першыя станоўчыя водгукі і перайшлі на серыйны выпуск грузавікоў гэтай мадэлі.

Спачатку кабіна выраблялася з дрэва, потым стала суцэльнаметалічнай. На машыну ўстанаўлівалі радны шасціцыліндравы матор аб’ёмам 3,5 літра і магутнасцю 70 к.с., чатырохпазіцыйную КПП.

«Пяцьдзясят першы» аказаўся ўдалым аўтамабілем: простым па канструкцыі, надзейным, трывалым, для свайго часу дастаткова хуткім і эканамічным. З ростам попыту дадатковыя зборачныя лініі былі адкрыты ў Адэсе і Іркуцку. Усяго было сабрана амаль 3,5 мільёна адзінак аўто. Сустрэць «ГАЗ-51» можна было ў краінах Азіі, Афрыкі, Усходняй Еўропы, Фінляндыі. Па ліцэнзіі «клоны» выпускаліся ў Кітаі (Yuejin NJ130), КНДР (Sungri-58) і Польшчы (Lublin-51).

У 1975 годзе на змену гэтай мадэлі прыйшоў «ГАЗ-52».

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік