Понедельник, 2 октября 2023

Гісторыя Лыскаўскай аптэкі

384

Ці ведаеце вы, што ў XV стагоддзі для таго, каб стаць аптэкарам, трэба было вучыцца 14 гадоў: чатыры гады хадзіць у вучнях, 10 гадоў быць памочнікам аптэкара, а затым здаць экзамены, каб атрымаць ліцэнзію. Прытым фармацэўтыка была выключна мужчынскай справай: жанчын дапусцілі сюды толькі ў другой палове XIX стагоддзя.

На фатаграфіі 1915-1918 г. выразна бачна шыльда «Аптэка»

Першая аптэка на тэрыторыі Беларусі адкрылася ў 1561 годзе, у Пінску і Брэсце аптэкі з‘явіліся на пяць гадоў пазней, у 1566-м, у Пружанах – у 1828 годзе. А адлік існавання аптэкі ў Лыскаве вядзецца з1897-га (Лыскава тады ўваходзіла ў склад Ваўкавыскага павета Гродзенскай губерні). Так што сёлета ўстанова адзначае сваё 125-годдзе. Заснавальнікам аптэкі быў Ліпа Ільіч Гольдберг.

Дарэчы, адсутнасць аптэчнай установы не азначае, што раней мясцовыя жыхары зусім не мелі магчымасці набываць лекі: функцыі аптэк у старажытнасці часткова бралі на сябе манастыры. Манахі займаліся зборам лекавых траў і выраблялі з іх настоі і парашкі. З крыніц, якія дайшлі да нас, вядома, што першыя манахі прыбылі ў Лыскава ў 1682 годзе. Ёсць дакументальныя пацвярджэнні, што ў 1764 годзе яны абслугоўвалі бальніцу, у 1798-м «утрымлівалі шпіталь» і лячылі сваімі зеллямі.

Знахарка Грынюк

Дапамагчы аднавяскоўцам стараліся і знахары, якія з пакалення ў пакаленне перадавалі веданне зёлак, таямнічую мову прыроды. Нават яшчэ ў 50-60-я гады ХХ стагоддзя не зарасталі сцежкі да дома мясцовай знахаркі «Сапуніхі», якая лячыла святой вадой і рознымі травянымі адварамі. Прозвішча гэтай жанчыны было Грынюк. Была яна мудрай і немітуслівай, інтанацыі яе мовы – а гэта інтанацыі дабрыні.

І ўсё ж лепшым стаў той час, калі людзі мелі магчымасць атрымаць лекавыя сродкі, вырабленыя спецыяльна абучанымі спецыялістамі ў прызначаных для гэтага памяшканнях. Але да гэтага мы яшчэ вернемся ў нашым аповедзе.

Аптэка ў Лыскаве некалькі разоў мяняла і гаспадароў, і месца знаходжання. Мы ведаем, што ў 1906 годзе яе ўладальніцай стала Шпрынца Айзек. Яна не была фармацэўтам, а толькі гаспадыняй аптэкі і апякункай яўрэйскай школы.

10 жніўня 1937 года ў тры гадзіны дня ў цэнтры Лыскава пачаўся пажар. Агонь хутка распаўсюджваўся па пабудовах, згарэла і аптэка, якой на той час больш за чвэрць стагоддзя кіраваў Залман Каган. Пасля гэтага аптэка перамясцілася ў жылы дом.

Пачалася Вялікая Айчынная вайна, а з ёй – і расправы над яўрэйскім насельніцтвам. У кастрычніку 1942 года рыхтаваліся арышты яўрэяў і ў Лыскаве. 74-гадовы Залман Каган, урач Стэла Айзенберг, яе маці –зубны ўрач, а таксама зубны тэхнік Перкаль з жонкай і сынам вырашылі не чакаць аблавы, а скончыць жыццё самагубствам. Яны развіталіся з маладым фармацэўтам, дачкой мясцовага святара Ганнай Канькоўскай, селі за стол, накрыты белым абрусам, сказалі адзін аднаму: «Да сустрэчы!» – і чокнуліся бакаламі, у якія быў наліты яд… Калі прыйшлі фашысты, забіраць ужо не было каго.

А Ганна Канькоўская засталася працаваць у аптэцы, дапамагала партызанам, якім былі патрэбны перавязачныя матэрыялы і медыкаменты, пастаянна рызыкавала сваім жыццём. Бяда прыйшла напрыканцы кастрычніка 1943 года, калі карнікі напалі на партызанскі атрад.

З успамінаў Г.Л. Канькоўскай: «У адной з зямлянак народных мсціўцаў немцы знайшлі медыкаменты, узятыя ў нашай ап- тэцы. Мяне адправілі ў Германію. Там я таксама працавала ў аптэцы. Па патрабаванні яе загадчыка перакладала просьбы фельчара з лагера ваеннапалонных, які часта прыходзіў у аптэку. У лагеры бушавалі дызентэрыя, малярыя, былі параненыя. Я садзейнічала, як магла, каб былі адпушчаны неабходныя сродкі, а часам па дамоўленасці выносіла патрэбныя лекі, бінты…».

Пасля заканчэння вайны Ганна Лявонцьеўна вярнулася на радзіму, працавала ў аптэцы Магілявецкай псіхіятрычнай бальні- цы, пасля выхаду на пенсію жыла ў дачкі ў Гродне і Скідзелі.

А.А. Пятруніна (злева) і К.Н. Берднікава на ганку аптэкі, фота 1949 г.

У пасляваенны час аптэка ў Лыскаве знаходзілася ў падчыненні Ружанскай раённай і абслугоўвала ўсе населеныя пункты ў акрузе. Пад яе была прыстасавана частка дома, арандаванага ў фельчара І. Сянкевіча. Кіраўніцтва ёй у сакавіку 1949 года прыняла выпускніца Пензенскай фармацэўтычнай школы Антаніна Пятруніна (да яе тут працавала К.Н.Берднікава).

У тыя гады вялікая ўвага ўдзялялася збору лекавых раслін, нарыхтоўцы чарніц, якая таксама вялася аптэкамі. Травянымі зборамі забяспечваліся бальніцы. Антаніна Аляксееўна ведала толк у зёлках, вучыла рыхтаваць смачныя і карысныя травяныя чаі, а таксама ўмела рабіць святаяннікавае масла – добры сродак і ад апёкаў, і пры хваробах страўніка. У 1952 годзе Лыскаўская аптэка была прызнана лепшай сельскай аптэкай Брэстчыны, а яе загадчыца атрымала грашовую прэмію.

У 1953 годзе А.А. Пятруніну перавялі ў Ружанскую аптэку, дзе яна адпрацавала больш за 40 гадоў. Варта адзначыць, што сёлета ружанскі старажыл адзначыла сваё 95-годдзе.

Святлана Гавейна, фота 2017 г.

Шмат вады ўцякло з таго часу. Зараз аптэка ў Лыскаве ўваходзіць у сістэму пружанскай ЦРА №7. З дзясятак гадоў таму яна пераехала ў сучасна абсталяванае памяшканне ў цэнтры аграгарадка. Амаль 40 гадоў гаспадарыць тут Святлана Гавейна.

Святлана Фёдараўна – добры спецыяліст, які ў той жа час пастаянна імкнецца да самаразвіцця: нядзіўна, колькасць новых лекавых прэпаратаў пастаянна павялічваецца. А яшчэ яна – уважлівы чалавек, які імкнецца знайсці агульную мову з кожным кліентам аптэкі, з павагай ставіцца да пажылых людзей і заўсёды гатова аказаць максімальную дапамогу.

Вера Церахава, в. Магілёўцы