Понедельник, 12 мая 2025

Гісторыя аднаго экспаната з Палаца роду Сапегаў. Крэсла — музычная шкатулка

2 100

Сёння мы хочам расказаць пра музычную шкатулку, якая знаходзіцца ў экспазіцыі нашага музея. Яна выканана ў выглядзе… крэсла. Прыгожага разьбянога крэсла з мудрагелістымі ножкамі і спінкай, упрыгожанай разнымі дубовымі лістамі і жалудамі.

Крэсла было зроблена ў ХІХ ст. у Заходняй Еўропе з чырвонага дрэва. На сядзенні і спінцы — прыгожая мазаіка з выявай горнага казла. Яно мела механізм звычайнай музычнай шкатулкі. Унізе крэсла знаходзіўся ключ, пры дапамозе якога яе механізм заводзіўся, нацягваючы спружыну.

Што самае цікавае, шкатулка пачынала граць толькі пасля таго, як хто-небудзь сядаў на крэсла. Уявіце сабе, што вы селі на яго і… слухаеце маленькі экскурс у гісторыю музычных шкатулак. Іх прататыпы з’явіліся яшчэ ў эпоху ранняга сярэднявечча на арабскім усходзе і ў Візантыі. Пазней еўрапейскія майстры “гадзінных спраў” пачалі ўстаўляць у свае вырабы механізмы, якія дазвалялі прайграваць папулярныя музычныя творы.

Першыя паўнавартасныя музычныя механізмы з’яўляюцца ў 1796 годзе ў Жэневе. Антуан Фаўр усталёўваў іх у флаконы для парфумы, гадзіннікі і іншыя рэчы побыту.

А ў 1815 годзе ў Швейцарыі адкрыўся першы завод па вытворчасці музычных шкатулак, прычым любога памеру і формы. Яны былі кішэннымі і памерам з шафу, вырабляліся ў выглядзе клетак з птушкамі, музычных інструментаў і іншых, на першы погляд, простых рэчаў. Такіх, напрыклад, як гэтае крэсла.

Алена Паляшчук, малодшы навуковы супрацоўнік ДУК “Ружанскі палацавы комплекс роду Сапегаў”