Сёння гаворка пойдзе пра яшчэ адзін цікавы экспанат, які захоўваецца ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык», — прэс-пап’е. Давайце разбяромся, што гэта такое і з чым яго «ядуць».
Гісторыя прэс-пап’е (ад фр. presser — «націскаць» і papier — «папера») бярэ пачатак з перыяду вынаходніцтва чарніла і ручак з пёраў. Яго выкарыстоўвалі ў якасці грузу для лістоў паперы, каб тыя не разляталіся і не рассыпаліся.
Прэс-пап’е першапачаткова ўяўляла сабой масіўную пліту з цяжкіх матэрыялаў, зверху ўпрыгожаную скульптурнымі фігуркамі. Потым настольнае прэс-пап’е пашырыла свае функцыі і змяніла свой знешні выгляд. Яго сталі вырабляць у выглядзе паўмесяца з ручкай і прымацаванай паперай.
Падстаўка для паперы рабілася з дрэва, а верхняя частка ўпрыгожвалася металам, каштоўнымі камянямі, фігуркамі. Выкарыстоўваць такі прадмет было вельмі зручна, паколькі ён і прыціскаў дакументы, і прыбіраў лішкі чарнілаў, паскараючы іх высыханне.
Са з’яўленнем шарыкавай ручкі прэс-пап’е перастала быць неабходным і неўзабаве пераўтварылася ў звычайнае ўпрыгожванне пісьмовага стала. Але засталося жаданым аб’ектам для калекцыянераў, паколькі ўяўляе сабой сапраўдны твор мастацтва.
Прэс-пап’е, якое захоўваецца ў Пружанскім музеі, датуецца 1961-м годам. Зроблена з дрэва і пакрыта лакам. Зверху пазначана дата першага палёту чалавека ў космас і маецца надпіс «СССР».
Марына Каўтунюк,
галоўная захавальніца фондаў музея-сядзібы «Пружанскі палацык»