Понедельник, 16 сентября 2024

Гісторыя аднаго экспаната: парта Эрысмана

719

Звычайная школьная парта з нахіленай стальніцай… Гэты, на першы погляд, просты экспанат, які захоўваецца ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык”, выклікае ў мяне вельмі шчымлівыя настальгічныя ўспаміны. Я вучылася за такой партай у першым класе, а потым нас перасадзілі за звычайныя сталы. Памятаю, як мы радаваліся, што цяпер будзем вучыцца «як дарослыя». Але, на самай справе, сядзець за «касой» партай было куды зручней. Да канструкцыі гэтага твора мэблевага мастацтва варта было б прыгледзецца сучасным вытворцам корпуснай мэблі. Вартая ўвагі і яго гісторыя.

Пачалася яна ў Расіі, у далёкім 1870 годзе. Прамое дачыненне да яе мае швейцарскі афтальмолаг Фрыдрых Гульдрэйх, які ў свой час пераехаў жыць у Расію: ажаніўся з Надзеяй Суславай (першай рускай жанчынай, якая стала ўрачом), прыняў праваслаўе, стаў Фёдарам Фёдаравічам Эрысманам і пачаў прыватную афтальмалагічную практыку.
Падчас работы ўрач звярнуў увагу на тое, што зрок у вучняў да выпускных класаў часта зніжаецца. І выказаў здагадку, што, магчыма, усяму віной з’яўляецца нязручная школьная мэбля. І меў рацыю. Ён абследаваў вучняў з 15 рускіх гімназій, і ў 1870 годзе апублікаваў навуковую працу «Пра ўплыў школы на паходжанне блізарукасці» і… прыдумаў першую канструкцыю парты, якая была названа яго імем.
Парта Эрысмана — гэта змацаваныя паміж сабой лаўка і стол. Стальніца нахіленая, дзякуючы чаму вучні, седзячы роўна, бачылі кнігі і сшыткі пад прамым вуглом. Лаўка заходзіла за край стала, спінка падтрымлівала паясніцу, а падстаўка давала ўпор нагам. Вучань не мог ні адхіліцца ад стала, ні згорбіцца за ім, сядзець мог толькі ў адным становішчы. Але, дзякуючы эрганамічным разлікам Эрысмана, гэта было даволі зручна.
У хуткім часе па ўласным Указе імператара Аляксандра II парты Эрысмана сталі ўсталёўваць ва ўсіх школах. Іх выраблялі з дубу і выпускалі ў чатырох памерах. Але была адна праблема: аднамесныя парты каштавалі дорага і займалі занадта шмат прасторы. Патрабаваліся вялікія класныя памяшканні, каб размясціць усіх вучняў. Праблему вырашыў сельскі настаўнік Пётр Караткоў.
Ён удасканаліў парту Эрысмана: зрабіў яе двухмеснай, а таксама дадаў некалькі важных дробязей: кручкі для сумак збоку, выемкі для чарніліц і пёраў, паліцу для кніг. Саму стальніцу Караткоў зрабіў адкідной. Цяпер вучню, каб устаць для адказу, не трэба было вылазіць з-за парты, дастаткова было адкінуць сваю палову стальніцы ўверх. У 1887 годзе Караткоў атрымаў патэнт на вынаходніцтва і медаль на Урала-Сібірскай прамысловай выставе.
Школьная парта Эрысмана паступова “перавандравала” ў СССР. Парты паставілі не толькі ў пачатковай, але і ў старэйшай і вячэрняй школах. Вучні ўставалі, з грукатам адкідваючы дубовую накрыўку. Менавіта дубовыя парты “зняліся” ў такіх савецкіх фільмах, як «Сябар мой Колька!», «Вясна на Зарэчнай вуліцы», «Дзікі сабака Дзінга», «Атэстат сталасці» і многіх іншых.
Потым парты Эрысмана пачалі вырабляцца з ДСП, а лаўкі саступілі месца крэслам. У апошніх быў толькі адзін плюс: класы стала лягчэй прыбіраць. У астатнім жа здарылася тое, супраць чаго выступаў Эрысман: вучні зноў атрымалі магчымасць адсоўвацца ад стала, а значыць, пачалі горбіцца, паколькі мэбля часта не падыходзіла па росце.
“Касыя” парты на некаторы час затрымаліся ў пачатковай школе, але зніклі і адтуль.

Марына Каўтунюк, галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы “Пружанскі палацык”