Воскресенье, 20 апреля 2025

Гісторыя аднаго экспаната. Падлогавы гіравы гадзіннік «KIENZLE» з Ружанскага палаца Сапегаў

468

Сёння пагаворым пра гадзіннік. Здавалася б, штодзённа і проста, але гаворка пойдзе пра гадзіннік з музейнага фонду Ружанскага палацавага комплексу роду Сапегаў. Сваімі меладычнымі ўдарамі ён адмярае кожныя паўгадзіны жыцця нашага музея.

Падлогавы гіравы гадзіннік «KIENZLE», размешчаны ў першай выставачнай зале, – прадмет нямецкай прамысловай вытворчасці канца XIX – пачатку XX стст.

Выкананы ў характэрным стылі падлогавых гадзіннікаў: вышыня ў рост чалавека, прамыя лініі корпуса, празрыстыя дзверцы. Размешчаны гадзіннік на невялікім пастаменце, корпус дэкарыраваны разной гірляндай і пілястрамі.

Калі прыгледзецца, то можна заўважыць, што ў драўляным корпусе з цёмнага дубу да гэтага часу захавалася арыгінальнае з кругавым фацэтам (краявым ухільным зрэзам) шкло. На старадаўнім цыферблаце з латуні прысутнічаюць рэльефныя ўпрыгожванні і чаканка. Лічбы арабскія прадстаўлены ў 12-гадзінным і 24-гадзінным фарматах, а чорныя стрэлкі выкананы са сталі.

Скрозь шкло бачны маятнік, гіры на ланцугах і восем прамых гонгаў (стрыжневых струн), размешчаных вертыкальна ў два шэрагі. Яны і выдаюць мілагучны бой.

Апроч відавочных элементаў захаваліся і арыгінальныя замкі. Часцяком у корпусе гадзіннікаў або пастамента размяшчаліся даволі ёмістыя схованкі. У мінулым любая з рэчаў інтэр’еру несла ў сабе не толькі сэнсавае, але і эстэтычнае напаўненне.

Алена Паляшчук, малодшы навуковы супрацоўнік Ружанскага палацавага комплексу роду Сапег