Суббота, 15 февраля 2025

Гісторыя аднаго экспаната. Медыцынскі касцюм

6 833

У музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” у калекцыі “Адзенне” захоўваецца каля двухсот прадметаў. У свеце сённяшніх падзей я вырашыла напісаць пра медыцынскі халат, які з’яўляецца неад’емнай часткай прафесійнага касцюма медыка. Але калі прапанавалі медыкам менавіта белы халат?

Вядома, што ў старажытнасці падчас эпідэмій урачы для наведвання хворых апраналі доўгія сукенкі. Твары іх былі закрытыя, каб яны не ўдыхалі заразы. На нос была надзета доўгая дзюба, напоўненая духмянымі рэчывамі. У руках, на якіх былі пальчаткі, яны трымалі доўгую палку, якой паказвалі, чым хворы павінен карыстацца і што прымаць. Гэтым яны агароджвалі сябе ад заразы і маглі, не падвяргаючы сваё жыццё небяспецы, аказваць чалавеку патрэбную дапамогу.

У сярэдневяковай Еўропе існавала строгая прафесійная і сацыяльна-прававая градацыя паміж урачамі, якія займаліся толькі лячэннем унутраных хвароб, і хірургамі, якія займаліся адносна простымі аперацыямі: выдаленнем зубоў і кровапусканнем. Адпаведна, адрозніваліся і іх касцюмы. Першыя былі апрануты ў дарагія мантыі, аздобленыя каштоўнымі камянямі.

Паступова на змену мантыі і каштоўнасцям, як абавязковым атрыбутам вучонага-ўрача, прыйшоў звычайны сурдут. Урачы пачалі хадзіць у бальніцу ў адным і тым жа брудным сурдуце, запырсканым крывёю. Гэта было прадметам гонару і служыла доказам вялікага вопыту і запатрабаванасці ўладальніка такога адзення.

У XIX ст. пышныя мантыі і брудныя сурдуты замяніў халат. Галоўнымі крытэрыямі яго прыдатнасці былі гігіенічнасць і зручнасць. У 1860 г. доктарскі халат увайшоў у паўсядзённую практыку ўрачоў.

Выбар белага колеру цалкам зразумелы: з аднаго боку, ён дазваляе ўбачыць найменшыя забруджванні на тканіне і нагадвае пра неабходнасць рэгулярнага мыцця і дэзынфекцыі. З іншага — практыка выварваць вопратку і павязкі ў хлорным растворы не пакідала альтэрнатывы: ніякі іншы колер у такіх умовах не захаваўся б.

Сёння медыцынскі белы халат служыць асновай даверу пацыентаў да медыцынскага работніка.

Марына Каўтунюк, галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы “Пружанскі палацык”