Понедельник, 9 декабря 2024

Гісторыя аднаго экспаната. Бульётка, або чайнік-самавар

1 559

Ці ж можна адмовіцца ад кубка гарачага чаю?! Чаяванне займае важнае месца ў жыцці чалавека: напой саграе ў халодную пару і ахалоджвае ўлетку, збірае сям’ю і гасцей за агульным сталом…


Сёння гаворка пойдзе пра яшчэ адзін цікавы прадмет, які захоўваецца ў фондах музея-сядзібы «Пружанскі палацык», – бульётку. Яна ўяўляе сабой фігурную танкасценную металічную ёмістасць са здымным дном. Уражваюць тры высокія дэкаратыўныя ножкі ў выглядзе стылізаваных лап міфічнай жывёлы. Бульётка выпушчана ў першай палове XX ст. на Вюртэмбергскай металічнай фабрыцы Адольфа Кнехта, якая з 1920-х гг. займалася вырабам посуду ў стылі арт-дэко. Гэты прадмет быў канфіскаваны Брэсцкай мытняй пры незаконным перасячэнні мяжы і перададзены ў наш музей.


Што ж увогуле такое бульётка? Напэўна, першае, што прыходзіць у галаву, – пасудзіна для булёну. Аднак нічога агульнага з булёнам ёмістасць з сугучнай назвай не мае. Знешне яна крыху нагадвае самавар, а па функцыянальным прызначэнні — гэта своеасаблівы тэрмас.

Першапачаткова бульётка служыла для нагрэву вады ў паходных умовах (з французскай мовы назва так і перакладаецца — “кіпяціць, варыць”), а пазней стала выконваць функцыю аксесуара да самавара.

У пасудзіну налівалі кіпень і падпальвалі спіртоўку, што размяшчалася пад рэзервуарам, каб падтрымліваць тэмпературу вадкасці. Рабілі ў бульётках не толькі чай, але і пунш, глінтвейн, іншыя напоі. Як ні дзіўна, выкарыстоў-валіся бульёткі нават для варкі яйкаў (такія яйкаваркі нярэдка рабілі ў форме курыц і ўпрыгожвалі разнастайнымі ўзорамі).

Дакладны год вынаходніцтва бульёткі не выяўлены, але вядома, што найбольш папулярнымі яны былі ў XVIII стагоддзі і выкарыс- тоўваліся, як бачна па часе вырабу нашай пасудзіны, і 200 гадоў пасля. Першыя бульёткі вырабляліся з серабра, яго сплаву з меддзю ці мельхіёру. Яны маглі мець форму чайніка, жывёл, птушак, нават паравоза. Нескладана здагадацца, што дазволіць сабе такі выраб маглі толькі заможныя сем’і. Дарэчы, у некаторых дамах нават існавалі спецыяльныя сер-віравальныя столікі для бульётак.

Але паступова мода на бульёткі пайшла на спад: папулярнасць пачалі набываць самавары.
Арына Сысаляціна, малодшы навуковы супрацоўнік музея-сядзібы “Пружанскі палацык”