Суббота, 26 апреля 2025

Гісторыя аднаго экспаната. Авоська

356

Нядаўна фонды музея-сядзібы «Пружанскі палацык» папоўніў новы экспанат — сетка «авоська». Тая самая плеценая з суровых нітак, малюсенькая і бязважкая, якая стратэгічна змяшчалася нават у кішэні ўладальніка і была гатова злавіць у свае сеткі дэфіцытны тавар.

Незаменную авоську бясспрэчна можна лічыць адным з сімвалаў СССР. Сёння яе немагчыма ўбачыць на вуліцах або ў магазінах: авоську выцеснілі сучасныя пакеты і шоперы.

Нягледзячы на сваю папулярнасць у Савецкім Саюзе, гісторыя авоські пачынаецца зусім у іншай краіне — у Чэхіі. У канцы ХІХ стагоддзя прадпрымальнік Ваўржын Крчыл вырашыў заняцца вытворчасцю жаночых сетак для валасоў. Але справа па нейкіх прычынах не атрымала належнага развіцця. Таму Крчыл прыдумаў новае прымяненне ўласнаму вынаходніцтву, каб вярнуць хоць трохі ўкладзеных сродкаў.

Да наяўных сетак прадпрымальнік прыладзіў ручкі і стаў пазіцыянаваць іх як сумкі. Але ў той час вынаходніцтва не ацанілі: ні патэнта, ні шырокага распаўсюджвання і выкарыстання авоська не атрымала.

Толькі ў 30-я гг. XX ст. прадпрымальнікі ўзнавілі вытворчасць авосек і не пралічыліся. Найбольшую папулярнасць гаспадарчая сетка атрымала ў Савецкім Саюзе, дзякуючы сваёй трываласці і змяшчальнасці. Авоську рабілі з моцных нітак, што дазваляла павялічыць яе грузападымальнасць да 70 кг. Пазней для зручнасці да ручак сталі прыладжваць гнуткія трубкі.

Авоська стала называцца менавіта так у 1935 г. Здарылася гэта дзякуючы вядомаму расійскаму коміку Аркадзю Райкіну. У адным са сваіх эстрадных нумараў ён паказаў мужычка, які трымае падобную сетку і кажа: «…А гэта — авоська. Авоська я што-небудзь у ёй прынясу…»

Знаходлівыя савецкія людзі сталі выкарыстоўваць сеткі не толькі па прамым прызначэнні. У іх захоўвалі часнок і цыбулю, падвешваючы на сцены. У авосьцы вывешвалі і прадукты за акно. Дзеці рабілі з сумак кольцы для гульні ў баскетбол, а мужчыны лавілі ў іх ракаў.

Прымяненне авоські спынілася ў канцы ХХ ст. і зноў з’явілася толькі ў пачатку ХХІ-га. Сёння ў авоські ёсць сур’ёзны шанец на адраджэнне, паколькі яна з’яўляецца экалагічна чыстым прадуктам, чаму цяпер надаецца асаблівая ўвага. Дызайнеры ўжо пачалі прыдумляць і выкарыстоўваць новыя модныя авоські для сваіх калекцый.

Марына Каўтунюк, галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы «Пружанскі палацык»