Стартаваў новы школьны “алімпійскі” сезон. Ён адкрыў нам новыя “зорныя” імёны і ў чарговы раз пацвердзіў статус лепшых з лепшых пастаянных удзельнікаў школьнага інтэлектуальнага руху. Да апошніх, у прыватнасці, адносіцца вучань 11 класа гімназіі Андрыян Зарэчны. У 2018 годзе гэты юнак перамог у раённым этапе школьнай алімпіяды па нямецкай мове і разам з настаўніцай, якая прывяла яго да перамогі, стаў героем нашай публікацыі. У мінулым сезоне паспрабаваў свае сілы ў матэматыцы і фізіцы — і зноў стаў лепшым у раёне. Акрамя гэтага, замкнуў тройку прызёраў па інфарматыцы. Дарэчы, яшчэ будучы ў 9 класе, Андрыян стварыў спецыяльную мабільную прыладу з аўтарскімі анімацыйнымі ролікамі, якая дапамагае вучням 8-х класаў вывучаць фізіку.

Сваю адданасць дакладным навукам юнак даказаў і ў гэтым годзе — атрымаў вышэйшы вынік у раёне па фізіцы і стаў другім па матэматыцы.
Той факт, што Андрыян не займаецца з рэпетытарамі, а самастойна замацоўвае школьную праграму і старанна рыхтуецца паступаць у Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт на адзін з самых складаных факультэтаў электронна-інфармацыйных сістэм, кажа пра многае. Андрыян — унікальны школьнік. — Ён — працаўнік, — адным словам дае вычарпальную характарыстыку свайму выхаванцу класны кіраўнік Лілія Уладзіміраўна Юк. — А яго інтэлектуальныя здольнасці — гэта добрая глеба для навуковых адкрыццяў. Гэты юнак — сапраўдны фанат фізікі і матэматыкі. Ён апантаны, не пабаюся гэтага слова, навукай. І пры гэтым вельмі сціплы, інтэлігентны і выхаваны, за што асобны дзякуй ягоным бацькам. Андрыяну можна даверыцца ў любой сітуацыі: калі настаўнік ці аднакласнік просіць аб дапамозе, ён зробіць усё, каб дапамагчы. Ён неканфліктны, сумленны, выканаўчы, а галоўнае — фантастычна працавіты.
— Не, я самы звычайны, — не згаджаецца Андрыян. — Проста ўважліва слухаю настаўнікаў на ўроках, а потым старанна раблю хатнія заданні. Што ў гэтым незвычайнага? Таццяна Анатольеўна Каралюк на ўроках фізікі і Галіна Сяргееўна Вакула на матэматыцы так усё добра тлумачаць, што не зразумець гэтыя прадметы немагчыма. Яны вучаць разважаць і разумець, што фізіка-матэматычныя законы ляжаць у аснове ўсяго сусвету.
— У такім выпадку, з якой геаметрычнай фігурай Вы, малады чалавек, сябе б параўналі? — пытаюся ў Андрыяна. І тут жа атрымліваю арыгінальны адказ.
— Можа, гэта нясціпла будзе гучаць, але — са шматграннікам, у якога некалькі граняў адвалілася. Я люблю практычна ўсе школьныя прадметы, вось толькі з рускай і беларускай мовамі адносіны не складваюцца на “дзясятку”, — адказвае юнак. Але, як я даведалася, ён нядаўна паспрабаваў свае сілы ў рэпетыцыйным тэсціраванні па рускай мове і набраў… больш за 60 балаў, а гэта, прабачце, даволі моцны вынік.
— Можа, і моцны, але недастатковы, — кажа Андрыян і сам чамусьці ледзь стрымлівае смех (аказваецца, ён яшчэ і гумарыст). — Аднак адчайвацца не варта. Як паказаў вопыт вучоных, адкрыць новы закон прыроды можа любы чалавек, нават з дрэнным веданнем мовы. Дастаткова яблыку на галаву зваліцца!
Алена Зялевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.