Чым бліжэй да восені, тым больш клопатаў у бацькоў. Кожны жадае, каб у новым навучальным годзе іх дзіця выглядала бездакорна. Падстаў для хвалявання не павінна быць, праблемы з набыццём усяго неабходнага даўно адышлі ў мінулае, але жнівеньскую мітусню на школьных кірмашах ніхто не адмяняў. Каб з усёй адказнасцю падысці да гэтага пытання, пачынаць рыхтавацца трэба ўжо зараз. Канікулы — самы час, каб прадумаць усе дэталі і нічога не ўпусціць.

За апошняе дзесяцігоддзе школьная форма зведала мноства пераўтварэнняў. Штораз прадукцыя канцэрна «Беллегпрам» становіцца ўсё больш папулярнай. Шырокі асартымент тавараў, навінкі, поўны памерны шэраг цешаць пакупнікоў. Бацькі могуць быць упэўненымі: з улікам дзяржпадтрымкі школьны бум і сёлета пройдзе паспяхова.
Дзяржаўная праграма набірае абароты
У рамках выканання п. 11 падпраграмы «Сям‘я і дзяцінства» Дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь» на 2021-2025 гады з 1 жніўня ў Пружанскім раёне ідзе выплата шматдзетным сем‘ям аднаразовай матэрыяльнай дапамогі да пачатку новага навучальнага года.
На яе маюць права сем’і, якія выхоўваюць трох і больш родных або ўсыноўленых, удачароных дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў (па стане на 31 жніўня). У склад сям‘і не ўлічваюцца прыёмныя дзеці і дзеці, якія знаходзяцца пад апекай.
Выплаты ажыццяўляюцца з 1 па 31 жніўня на бягучы разліковы рахунак або карт-рахунак (базавы рахунак), адкрыты адным з бацькоў у аддзяленні ААТ «ААБ Беларусбанк». Памер дапамогі на кожнага школьніка складае 30% бюджэту пражытачнага мінімуму на душу насельніцтва, які дзейнічае на 1 жніўня 2024 года.

Калі ў вас ёсць пытанні, можна тэлефанаваць па нумарах: 4-15-63, 4-16-04, або звярнуцца ў каб. 212 упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама (г. Пружаны, вул. Чырвонаармейская, 78, 2-гі паверх).
Прафсаюзы заўсёды побач
У разгар школьных кірмашоў значную дапамогу аказваюць прафсаюзныя арганізацыі.
— З 2002 года праводзіцца традыцыйная дабрачынная акцыя «Прафсаюзы — дзецям», у рамках якой са сродкаў, сабраных грамадскімі працоўнымі аб’яднаннямі, аказваецца фінансавая дапамога як шматдзетным, так і няпоўным сем’ям. Таксама падобная падтрымка выдаецца тым, у каго сын або дачка ідзе ў першы клас, дзецям-сіротам і тым сем’ям, што выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, — паведамляе старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук. — На прадпрыемствах есць практыка, калі першакласнікам у такіх сем’ях арганізуюць святочныя мерапрыемствы, гульнявыя праграмы з выездам на дом. У арганізацыях выконваюцца прапісаныя ў калектыўных дагаворах дадатковыя нормы па падтрымцы членаў прафсаюза падчас навучальнага года. Бацькам даецца свабодны ад працы дзень або некалькі гадзін на першую вераснёўскую лінейку з захаваннем заработнай платы. Безумоўна, у кожнай арганізацыі свае правілы і па ўсіх пытаннях трэба звяртацца да старшынь пярвічак на месцах.
Грамадская дапамога
Актыўную работу па падтрымцы сем’яў, хто мае такую патрэбу, штогод праводзяць грамадскія аб’яднанні. Як паведаміла першы сакратар райкама БРСМ Ульяна Апаляйчук, саюз моладзі дзейнічае ў актыўнай звязцы з установамі і арганізацыямі раёна. У канцы жніўня яны таксама плануюць дабрачынную акцыю «У школу з добрым сэрцам». Актывісты аб’яднання правядуць пікеты па зборы канцылярскіх прыналежнасцей, якія потым размяркоўваюцца па канкрэтных сем’ях.
Штогод да маштабнай рэспубліканскай акцыі «У школу — з «Белай Руссю»!» далучаецца і раённая арганізацыя грамадскага аб‘яднання. Па словах яе старшыні Таццяны Кашкан, запланавана ўручэнне да 30 грашовых сертыфікатаў на набыццё неабходных школьных рэчаў, а таксама карысных падарункаў першакласнікам. Гэта датычыцца тых сям’яў, у якіх ёсць члены арганізацыі. Акцыя стартуе ў другой палове жніўня.

ДУ «Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» таксама праводзіць акцыю «Збяры дзіця ў школу», якая накіравана на дапамогу дзецям з малазабяспечаных сем’яў у падрыхтоўцы да новага навучальнага года. Як паведаміла дырэктар цэнтра Нэлі Георгіеўна Педчанка, усе жадаючыя могуць перадаць канцылярскія прылады на адрас: г. Пружаны, вул. Кастрычніцкая, 104А, каб. 3. Таксама ў гандлёвым аб’екце «Дзіцячы свет» размешчаны кошык для дабрачыннай дапамогі. Усе жадаючыя могуць прыняць удзел у акцыі і ўнесці свой маленькі ўклад у вялікую справу.
Дарэчы, у мінулым годзе канцылярскія тавары і школьныя прылады былі ўручаны 19 школьнікам з 16 сем’яў, якія пражываюць на тэрыторыі Пружанскага раёна.
«Дзіцячы свет» адчыняе дзверы
У гэтым годзе «Дзіцячы свет» падрыхтаваў для школьнікаў усё неабходнае ды па разумным кошце. У магазіне рэалізуецца шырокі асартымент не толькі школьнага адзення дзелавога стылю, але і спартыўная форма, абутак. Увогуле акцэнт тут робіцца толькі на беларускіх вытворцаў лёгкай прамысловасці, каб бацькі былі ўпэўненыя, што набываюць карысныя і бяспечныя рэчы згодна з рэкамендацыямі гігіеністаў.
У дадатак у поўным маштабе ёсць канцылярыя, рукзакі, спецыяльныя сшыткі для лабараторных, практычных работ, контурныя карты і атласы, разлічаныя на ўсе ўзроставыя групы дзяцей.

Да ведама бацькоў!
У «Дзіцячым свеце», а таксама ў шэрагу прамтаварных магазінаў раёна дзейнічаюць акцыі, якія могуць крыху дапамагчы ў фінансавых тратах.

У іх ліку наступныя:
- продаж школьных тавараў у беспрацэнтны крэдыт на 3 месяцы з першым узносам дзясятай часткі ад сумы;
- акцыя «У школу з радасцю»: па 31 жніўня пры пакупцы тавараў школьнага асартыменту (партфеляў, адзення дзелавога стылю, папярова-белых і школьна-пісьмовых тавараў) на суму ад 60 да 149,9 руб. даецца скідка 10% ад рознічнай цаны; на суму ад 150 руб. і вышэй — скідка 15% ад рознічнай цаны;
- па 8 верасня пакупнікам прадастаўляецца скідка ў памеры 5% ад рознічнай цаны на школьныя партфелі.
Ад рэдакцыі
- Школьныя кірмашы ў магазіне «Дзіцячы свет» па вул. Савецкай, 11 адбудуцца 11 і 18 жніўня.
- Сёлета арыенціровачны сярэдні кошт камплектаў адзення дзелавога стылю і абутку для школьнікаў складзе ад 120 да 620 руб. Для вучняў пачатковых класаў — ад 120 да 600 руб., сярэдніх класаў — ад 180 да 580 руб., для старшакласнікаў — ад 170 да 620 руб. Арыенціровачны кошт аптымальнага набору школьна-пісьмовых прылад для ўсіх узроставых груп не перавысіць 270 руб. Таксама ўстаноўлена лімітавая максімальная гандлёвая надбаўка на тавары школьнага асартыменту. У сярэднім з улікам акцый і скідак яна складае прыкладна 23%.
Якасная тканіна, выдатны крой, свабодны сілуэт — вось рысы трэндавай школьнай формы. Гледзячы на дзіця, ні ў кога не павінна ўзнікаць думкі, што яно адчувае дыскамфорт і сціснута ў рухах. Рэч, якая добра сядзіць, у першую чаргу зручная, падкрэслівае акуратны знешні выгляд. Вось чаму варта давяраць найлепшым беларускім вытворцам. Усё таму, што прыгожае і стыльнае адзенне, несумненна, умацоўвае ўпэўненасць дзіцяці ў сабе, а значыць, істотна ўплывае на якасць адукацыі.
Падрыхтавала Ірына Велясевіч.
Фота аўтара