Понедельник, 9 марта 2026

Гэтыя людзі не падвядуць

653
Старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Вольга Зубкова (пасярэдзіне) разам з аператарамі машыннага даення МТК «Калядзічы-1100» Наталляй Крахмаль, Аленай Капарэйка, Галінай Дзенісейка, Ганнай Шарава і Любоўю Тамашук.

Акцыя «Наш жывёлавод» набірае абароты на Пружаншчыне. Здаецца, зусім нядаўна віншавалі шчырых працаўнікоў у ААТ «Ружаны-Агра», як на гэтым тыдні ў адзін дзень наведаліся ў такія гаспадаркі, як «Шані-агра-прадукт» і «Агра-Калядзічы».

Сапраўды, адзін у полі зусім не воін, пацвердзяць дадзеную аксіёму і дырэктары сельгаставарыстваў раёна. Наколькі прасцей займацца сельскай гаспадаркай, калі пэўна ведаеш, што кармы будуць убраны і захаваны, тэхніка знаходзіцца ў спраўным стане і каровы накормлены, абласканы і падоены. А людзей працы на малочнатаварных фермах і комплексах у нашым рэгіёне з кожным годам толькі большае. Што выклікае непадробную радасць і гонар за сваіх землякоў.

Узяць хаця б МТК «Каштанаўка» ў ААТ «Шані-аграпрадукт». Тут створаны ўсе ўмовы для працы, усюды чысціня і парадак. А з гэтага і пачынаюцца прыбаўкі ў надоях, бо людзі стараюцца аддзячыць дабром на дабро. Такія мы, беларусы, абавязкова і ўсюды стараемся быць прыветнымі і адказнымі. Гэта падкрэслівала і старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Вольга Зубкова. Канечне, дзякавала за высокія паказчыкі ў малочнай галіне, жадала моцнага здароўя, ніколі не сумаваць і верыць, што наперадзе чакаюць новыя перамогі як на працы, так і ў асабістым жыцці. Да шчырых пажаданняў далучылася і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі гаспадаркі Алена Талакнянік.

Што б хацелася дадаць, дык гэта пра жаночую палову калектыву малочнатаварнага комплексу. Прыгожыя, задорныя, усмешлівыя і крыху сарамяжлівыя, што толькі надае большай прывабнасці нашым самым непаўторным. Крыху нават зайздросна, бо мужчынам сярод такіх кветак працаваць адно задавальненне, відаць, стараюцца адзін перад адным, каб нечым дагадзіць, крыху аблегчыць нялёгкую працу на комплексе. Так трэба рабіць заўсёды!

Здымак на добрую і доўгую памяць Вольгі Зубковай і старшыні прафсаюзнай пярвічкі ААТ «Шані-аграпрадукт» Алены Талакнянік (крайнія справа) з калектывам МТК «Каштанаўка»: аператарам машыннага даення Валерыяй Языкавай, ветфельчарам Лізаветай Шваб, трактарыстам Аляксандрам Якутам, аператарамі машыннага даення Святланай Зуевай і Яўгеніяй Кураевай, жывёлаводам Аркадзем Мялкоўскім, начальнікам комплексу Людмілай Бяловай і яе намеснікам Ірынай Міранюк.

Не менш цёплай атрымалася сустрэча Вольгі Васільеўны і старшыні прафсаюзнай пярвічкі ААТ «Агра-Калядзічы» Святланы Ляўковіч з калектывам малочнатаварнага комплексу «Калядзічы-1100», куды напрыканцы мінулага года ўжо наведваліся карэспандэнты «раёнкі» і расказвалі праз газету пра дасягненні працаўнікоў у надоях малака. Заслуга ў гэтым кожнага работніка, няхай гэта трактарыст, слесар ці аператар машыннага даення. Разам робяць агульную справу, не баяцца ставіць высокія планкі ў працы і дасягаць іх. Значыць, пазіцыі ніяк не здаём, з задорам, усмешкай і душэўнай цеплынёй да сваіх каровак. Каб жылося і хацелася жыць! Каб жадалася і ўсё магло быць!

Якраз патрапілі на комплекс падчас перазменкі. Жанчыны нават паспелі падфарбавацца, хаця і так нашы беларускі выглядаюць на выдатна. Такія мілыя, непасрэдныя. І што ж атрымліваецца? Здаецца, сельская гаспадарка, а колькі тут жаноцкай прыгажосці! І гэта мы пабывалі толькі на двух комплексах. А што мужчынам трэба? На руках насіць не просім, але быць апорай проста абавязаны.

Канечне, гэта лірыка, але так хочацца хоць неяк падтрымаць нашых сельскіх працаўнікоў. Даць ім магчымасць лішні раз усміхнуцца, адчуць сябе ў чарговы раз патрэбнымі і незаменнымі. Яны гэтага, як ніхто, заслугоўваюць.

Каб не адзін дзень грэў душу ўспамін пра прыемную сустрэчу працаўнікам з МТК «Каштанаўка» і «Калядзічы-1100» былі ўручаны падарункі ад прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК. Шчаслівыя ўсмешкі на тварах гаварылі аб тым, што для людзей вельмі важна звычайная чалавечая ўвага, калі на цябе спадзяюцца і цэняць.

Кожны чалавек у нашай краіне, калі сумленна працуе, заслугоўвае павагі. Але жывёлаводы яшчэ заслугоўваюць паклону за іх шчырае стаўленне да цяжкай справы, якой прысвяцілі сваё жыццё.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік