Воскресенье, 14 июля 2024

Гэтым словам Лукашэнкі апладзіравалі стоячы. Поўная прамова Прэзідэнта на кліматычным саміце ў Дубаі

35

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 1 снежня выступіў на пленарным пасяджэнні Сусветнага саміту па барацьбе са змяненнем клімату. У час сваёй прамовы кіраўнік дзяржавы, як відаць, адышоў ад запланаваных тэзісаў і дадаў рэзкасці свайму выступленню. У выніку словам беларускага лідара заапладзіравалі ў зале (магчыма, за выключэннем першых прамоўцаў — аб іх Аляксандр Лукашэнка выкажацца пазней). І гэта былі ўжо не радавыя апладысменты, якія гучаць у падзяку кожнаму прамоўцу, — кіраўніку дзяржавы апладзіравалі стоячы. Прыводзім выступленне Прэзідэнта Беларусі цалкам.

Спадар старшыня!

Паважаныя ўдзельнікі нашага форуму!

Перш за ўсё традыцыйна хачу падзякаваць кіраўніцтву Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў за гасціннасць і высокі ўзровень арганізацыі гэтай канферэнцыі. Няпростай канферэнцыі, на якую прыбыло толькі кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў больш, чым прыязджае на сесію Генеральнай Асамблеі ААН.

Сёння мы, лідары дзяржаў свету, гаворым пра будучыню планеты Зямля — нашага агульнага дому. Іншага дому ў нас не было і не будзе. Гаворым пра будучыню сваіх дзяцей і ўнукаў. Пра будучыню ўсіх, хто прыйдзе ў гэты свет пасля нас.

Мы прадстаўляем розныя культуры, розныя сістэмы каштоўнасцей, розныя цывілізацыі. Але мы адзіныя перад тварам глабальнага выкліку, які кінула нам сама прырода.

Клімат мяняецца. Вучоныя робяць самыя змрочныя прагнозы. Тое, што мы чуем іх і рэагуем, вельмі прагрэсіўна. Але каб эфектыўна процістаяць пагрозе, неабходна сумленна і адкрыта назваць яе першапрычыны.

Перш за ўсё гэта адсутнасць пачуцця меры ў імкненні да геапалітычнай, у тым ліку ваеннай (я сказаў бы, перш за ўсё ваеннай) перавагі тых, хто правакуе і распальвае ачагі войнаў у розных кутках планеты. А войны з’яўляюцца галоўнай крыніцай бруду на нашым кантыненце. Гэта прага нажывы, якая ператварае прыродныя рэсурсы ў асабісты капітал і абкрадае будучыя пакаленні. Гэта спробы ўстараніць са свайго шляху краіны, якія перашкаджаюць падпарадкаваць увесь свет, і разбурыць, выцягнуўшы з зямлі ўсе сокі. І робіцца ўсё часам нібы ў мэтах устойлівага развіцця (ёсць такая праграма ў ААН).

Беларусь у адпаведнасці з Парыжскім пагадненнем у поўнай меры выконвае ўзятыя на сябе абавязацельствы і нават перавыконвае іх. Мы аказваем бясцэнныя экасістэмныя паслугі нашаму кантыненту, захоўваючы ўнікальную крыніцу кіслароду — прыродныя балоты, лясы, лёгкія Еўропы. Развіваем зялёную і атамную энергетыку, мінімізуючы рызыкі змянення клімату.

Парадаксальна, але ў адказ атрымліваем новыя эканамічныя санкцыі, бар’еры ў міжнародным гандлі, абмежаванне доступу да тэхналогій. І не толькі мы.

Пара прызнаць: зялёны парадак дня бессэнсоўны ва ўмовах канфрантацыі. Ён патрабуе павагі суверэнітэту краін і безумоўнай справядлівасці.

Нельга душыць палітычных апанентаў санкцыямі і ў той жа час патрабаваць затратных для нацыянальных эканомік рашэнняў. Рашэнняў, ад якіх залежыць чысціня ўсёй атмасферы, усіх грунтавых вод і сусветнага акіяна. І яшчэ: як можна чакаць дарагіх эфектыўных мер па захаванні клімату ад краін і народаў, якія да гэтага часу не адышлі ад каланіяльнага прыгнёту?

Зыходзячы з гэтага, Беларусь заклікае ўсіх, хто абавязаны ўзяць на сябе цяжар гістарычнай адказнасці: першае — уносіць суразмерны ўклад у вырашэнне пытанняў кліматычнай бяспекі за ўсе стагоддзі бяздумнага стаўлення да прыроды; па-другое, узмацніць падтрымку краін, якія сталі на шлях развіцця, і дзяржаў з пераходнай эканомікай; трэцяе — перастаць выказваць «заклапочанасці» і пачаць дзейнічаць у імя захавання жыцця на Зямлі.

Напэўна, чарговы раз мы тут сабраліся і чарговы раз выкажам сваю заклапочанасць, на жаль. Праз тыдзень усе забудуць. У нас няма маральнага права жыць толькі для сябе. Мы павінны заглядваць за гарызонт, паважаць законы прыроды і ствараць аснову для прадаўжэння чалавечага роду тут і цяпер. На нашай планеце. Іншага дому ў нас няма і не будзе.

І на заканчэнне. Усе прамоўцы, асабліва прамоўцы з прамоўцаў, якія выступалі тут першымі, заклапаціліся: а дзе ўзяць грошы? Ды кіньце вы. Прысутны тут нават журналіст вам скажа, дзе ўзяць грошы. Каб адказаць на гэта пытанне, трэба зазірнуць у нядаўнюю гісторыю. Прыклад. Каб знішчыць Ірак і Афганістан і прыўнесці ў гэтыя краіны «даброты» для народаў, патрачана, паводле ацэнак, ад паўтара да двух трыльёнаў долараў. Ірак і Афганістан абышоўся агрэсару каля двух трыльёнаў долараў. А палічыце, колькі грошай пайшло на тое, каб абараніць гэтыя краіны? А колькі людзей загінула? Гэта ў доларах не ацэніш. Сёння ідзе вайна ва Украіне. Гэта ўжо не паўтара-два трыльёны долараў. Гэта ўжо абыдзецца ў пяць трыльёнаў долараў, калі ўдасца дамовіцца ў бліжэйшы час аб міры.

Чаму сёння няма міру ў гэтай частцы планеты? Таму што тыя прамоўцы, якія выступалі ў першых радах, гавораць і аб міры, гавораць аб тым, каб планета была чыстай, паклапаціліся пра ўнукаў, а ў той жа час развязалі і вядуць самую страшную вайну на планеце.

А на Блізкім Усходзе ў колькі абыдзецца бойня? А калі ўспыхне ў Ціхім акіяне? Гэта трыльёны, трыльёны долараў. Дык давайце іх накіруем на чысціню планеты. І не трэба будзе шукаць, як у нас кажуць, па завуголлі гэтыя грошы.

Мы тут сабраліся для таго, каб чарговы раз выказаць заклапочанасць. А тыя, хто тут выступалі ў першых радах, хто «паклапаціліся пра ўнукаў», яны ж вядуць гэтыя войны. А войны — гэта страшнае забруджванне планеты. Давайце гэта спынім. Таму самае галоўнае — нам трэба навучыцца гаварыць менш слоў, а больш рабіць.

Я разумею: калі мы прымем нейкую дэкларацыю або мемарандум, як у нас заўсёды бывае, мы наўрад ці нечага даб’ёмся. Як тут гаварылі, зноў жа, у пачатку прамоўцы, 80 працэнтаў бруду на планеце гэта ад 20 вядучых дзяржаў. Давайце ў дэкларацыю, спадар старшыня, запішам не заклапочанасць, а запатрабуем ад іх скараціць хаця б напалавіну выкіды ў атмасферу. Мы гэтага не зробім. Дык навошта сабраліся? Вось яны грошы, жывыя грошы. 10 трыльёнаў долараў, якія мы можам, спыніўшы войны, накіраваць на ачышчэнне нашай планеты.

І давайце дзейнічаць. Не пачнём дзейнічаць — прырода прымусіць нас жыць па яе законах.

Дзякую вам.

БЕЛТА