Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 14 лістапада ў час нарады ў Палацы Незалежнасці расказаў аб выкрыцці злачынных схем у малочнай галіне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
«У сувязі з тым, што да мяне хадакі пайшлі па некаторых пытаннях, я хацеў бы публічна агучыць праблему. Можа, нехта адкажа на некаторыя пытанні з прысутных (прэм’ер-міністр, віцэ-прэм’ер, кіраўнік Камітэта дзяржаўнага кантролю), выслухаўшы гэта. Але паколькі следства па гэтай справе ідзе, я не магу многія факты агучваць. Але тыя, хто спрабуе на мяне выйсці, яны пачуюць і зразумеюць, што я маю на ўвазе», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Аб выкрытай праваахоўнікамі схеме кіраўнік дзяржавы расказаў на прыкладзе магілёўскага прадпрыемства «Бабуліна крынка». Некалькі гадоў таму туды быў назначаны новы кіраўнік. Ён сфарміраваў сваю «каманду» з ліку прыбліжаных знаёмых і сваякоў і пачаў «новую збытавую палітыку».
«У верасні 2019 года на пасаду дырэктара назначаны спадар Скітаў. Сфарміраваў сваю каманду менеджараў (многія любяць аб гэтым гаварыць: «Каманда… мы тут…». Я заўсёды вас перасцерагаў ад гэтага: ніякіх каманд, павінна быць кіраўніцкая структура і іншае), новую збытавую палітыку, поўнасцю замкнуў на сабе фінансавыя патокі, — заўважыў Прэзідэнт. — Вадзіцеля начальнікам назначыў. І сваякі — стрыечны пляменнік, стрыечны брат і сын (як жа без гэтага?)».
«У выніку аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў узяты ў распрацоўку 8 камерцыйных груп, якія ўстанавілі кантроль на выгадных для сябе ўмовах над экспартам у Расію прадукцыі шэрага айчынных малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў. Цяпер пачнуць выць і крычаць: была «справа ўрачоў», была справа яшчэ некага, цяпер — «справа малочнікаў». Я спецыяльна гэта пры губернатарах кажу, таму што гэта характэрна для вас. Я проста ўзяў «Бабуліну крынку». Але адказваць будзеце ўсе. Прытым строга будзеце адказваць», — папярэдзіў Прэзідэнт.
«Адметнай асаблівасцю дзейнасці ўладальнікаў беларускіх фірм з’явілася наяўнасць падкантрольных суб’ектаў гаспадарання на тэрыторыі Расіі, што давала магчымасць прадаваць прадукцыю з мінімальнай нацэнкай, а затым рэалізоўваць тавар канечнаму спажыўцу па больш высокай цане, заніжаючы падаткаабкладальную базу. Атрыманая інфармацыя паказала, што рэалізацыя схемы не магла ажыццяўляцца без удзелу службовых асоб прадпрыемстваў і дзяржорганаў. Раман Аляксандравіч (прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка. — Заўвага БЕЛТА), таксама адкажаце, калі там будуць вашы асобы. Там свецяцца і члены ўрада. Я не называю прозвішчы, пакуль ідзе следства», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Шляхам подкупу асобныя камерсанты атрымлівалі права першачарговага размеркавання малочнай прадукцыі (масла, сыры, іншай малочнай прадукцыі) на сваю карысць з магчымасцю закупкі па цане ніжэйшай за ўстаноўлены індыкатыў.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што такая злачынная схема стала магчымай, таму што ва ўрадзе не выпрацавана сістэма рэалізацыі прадукцыі. «Многія прапануюць праз біржу ўсё прадаваць і гэтак далей. Гэта ваша справа. Але як толькі замялі гэтых дзеячаў, пасадзілі куды трэба, зусім іншыя цэны на прадпрыемствах. І ўсё пачалося, спадар Субоцін (старшыня Віцебскага аблвыканкама. — Заўвага БЕЛТА), з Віцебскай вобласці. Можа, да вас. Але не дай бог (губернатараў папярэджваю) промахі будуць у вашу бытнасць, мала не падасца. Будзе аж у вачах цёмна, якімі б вы надзейнымі і адданымі мне ні былі. Гэта пытанне не Лукашэнкі. Гэта пытанне дзяржаўнай важнасці», — заявіў Прэзідэнт.
Ён звярнуў на выкрытыя факты ўвагу старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю: «Яшчэ раз хачу публічна, Васіль Мікалаевіч, папярэдзіць вас. Гэта добра, што вы бачыце фермы непрыбраныя. Гэта з іх запатрабуюць. Але вось тут вашы промахі. Займіцеся прынцыпова».
«Я даручыў старшыні Камітэта (КДБ. — Заўвага БЕЛТА) усіх перапісаць, усю ўласнасць. А ўласнасці там вельмі шмат. Усё павінна быць накіравана ў даход дзяржавы. Урон мы бачым. Памнажайце на тры (не ўсе ўбачылі), а можа, на пяць. Уся ўласнасць павінна быць у дзяржавы. Нахабнымі сталі да крайнасці», — абурыўся Аляксандр Лукашэнка.
Як адзначыў старшыня КДБ Іван Тэртэль, у выніку аператыўнай дзейнасці было затрымана 26 чалавек, на гэты момант 15 арыштаваны.
Кіраўнік дзяржавы даручыў упаўнаважаным Прэзідэнта заняцца сітуацыяй у давераных рэгіёнах. Асаблівую ўвагу ён даручыў удзяліць сталіцы. «У вас у Мінску конь не валяўся. Займайцеся. Разбяромся з усімі», — рэзюмаваў беларускі лідар.