Воскресенье, 20 апреля 2025

Гэта НАША гісторыя! Сярод удзельнікаў патрыятычнага форуму на «Мінск-арэне» былі і пружанцы

738

Патрыятычны форум «Гэта НАША гісторыя», прысвечаны Дню народнага адзінства, прайшоў 17 верасня на «Мінск-арэне». Удзел у ім прыняла і прадстаўнічая дэлегацыя Пружанскага раёна.

Тое, што ў гэтым форуме прыняў удзел Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, надало мерапрыемству асаблівую значнасць і важнасць.

Звяртаючыся да прысутных, Кіраўнік дзяржавы заклікаў суграмадзян адкласці асабістае ўбок і зрабіць усё для захавання суверэнітэту і незалежнасці краіны. Прэзідэнт канстатаваў, што на беларускіх землях у розныя часы ішлі разборкі буйных сусветных ігракоў. «Ну а мы, пры чым мы? Дык вось, гэта галоўны ўрок для ўсіх. Для нас, хто жыве на тэрыторыі Беларусі. Для праўладных і не. Для апазіцыянераў і збеглых. Мы павінны запомніць: калі мы не возьмем галаву ў рукі, то ў цяперашнім перадзеле свету мы зноў будзем у гэтым страшным палітыка-эканамічным замесе», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён заўважыў, што да гэтага часу знаходзіцца пад уражаннем падзей саміту ШАС, які прайшоў напярэдадні ў старажытным горадзе Самаркандзе ва Узбекістане. «Вось там асабліва адчуваеш, калі сядзіш сярод кіраўнікоў дзяржаў, нерв эпохі. Там ты асабліва адчуваеш: наша зямля! Колькі б нас ні было — дзесяць, дванаццаць, дваццаць мільёнаў — памерці павінны, але захаваць яе для сваіх дзяцей. У адваротным выпадку будзем зноў пад бізуном гарбаціцца стагоддзямі», — падкрэсліў беларускі лідар.

«Вось у чым момант. І ўрок адзін: нас не будуць штурхаць то ўлева, то ўправа, то з Усходу на Захад, дзяліць і рэзаць, калі мы будзем жыць на сваёй зямлі, будзем яе шанаваць, нікому не аддаваць. І будзем свята захоўваць свой суверэнітэт над гэтай тэрыторыяй. Таму асабістае ў бок! Толькі народ, толькі дзяржава!» — заклікаў Прэзідэнт.

Да Аляксандра Лукашэнкі выйшлі юныя беларусы і з ім разам і ўсім залам праспявалі Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь.

Затым пачалося па-сапраўднаму грандыёзнае прадстаўленне. Мы перанесліся ў язычніцкую эпоху, дакрануліся да гісторыі ўзнікнення праваслаўя на нашай зямлі, якое было непарыўна звязана з абаронцай нашай зямлі, святой Ефрасінняй Полацкай.

Затым на сцэну ўзыйшоў артыст, які ўвасабляў канцлера Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегу, аўтара трэцяга Статута ВКЛ. Жыццёвым дэвізам гэтага выдатнага беларускага дзеяча было перакананне: «Не толькі я, але і маё жыццё належыць Айчыне». Было вельмі прыемна ўсведамляць, што частка жыцця гэтай гістарычнай асобы цесна звязана з Пружаншчынай.

Амаль тры гадзіны канцэрта ўмясцілі ў сябе значныя падзеі гісторыі нашай краіны. На сцэну выходзілі як зоркі беларускай эстрады: Вікторыя Алешка, Алёна Ланская, Ірына Дарафеева, гурты «Аўра», «Сябры», «Песняры», «Свята», «Бяседа», — так і пачынаючыя артысты. Удзел у шоу таксама прынялі акцёры вядучых беларускіх тэатраў. Выдатна было адчуваць сябе часцінкай гэтага свята, гісторыі сваёй краіны!

Віктар Ільюшчанка. Фота аўтара і з сайта president.gov.by