Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і расійскі лідар Уладзімір Пуцін правялі ў Крамлі сумесную сустрэчу з удзельніцай 21-й касмічнай экспедыцыі на МКС Марынай Васілеўскай і лётчыкам-касманаўтам Алегам Навіцкім, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Сімвалічна, што сустрэча кіраўнікоў дзяржаў з касманаўтамі Беларусі і Расіі адбылася ў Дзень касманаўтыкі. Зусім нядаўна Марына Васілеўская і Алег Навіцкі вярнуліся з арбіты. Для Беларусі гэта падзея асабліва значная: упершыню ў гісторыі суверэннай рэспублікі яе грамадзянін здзейсніў касмічны палёт. На МКС у Марыны Васілеўскай была свая задача — правесці шэраг даследаванняў для беларускай навукі.
Уладзімір Пуцін павіншаваў касманаўтаў са святам і ў іх асобе — усіх, хто працуе ў гэтай галіне.
Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу яшчэ раз выказаў удзячнасць расійскаму боку за супрацоўніцтва ў сферы космасу і падтрымку.
«Для вас гэта звычайна, для нас гэта вялікая навіна, таму што першая дзяўчына-касманаўт апынулася ў космасе. Першы беларускі касманаўт незалежнай Беларусі. І Алег — наш: ён жа нарадзіўся пад Мінскам. Мама яго жыве там, нядаўна сустракаліся. Гэта сімвалічна. Таму я вам вельмі ўдзячны. Гэта не проста даніна павагі, што мы тут. Калі б тады вы не далі адмашку і не згадзіліся, не было б гэтага палёту. Дзякуй за Марыну і дзякуй, што камандзірам гэтага палёту быў Алег. Гэта і ёсць наша адзінства: нарадзіўся ў Беларусі, служыў у Савецкім Саюзе (лётчык, выпрабавальнік), стаў касманаўтам у Расіі», — адзначыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сфера касманаўтыкі для беларусаў не чужая. Ды і сам ён ужо даўно паглыблены ў спецыфіку: бываў на розных касмадромах і ў галіновых установах розных краін, вывучаў тэхнічны бок пытання. «Мы не сімвалічна, мы вельмі сур’ёзна працуем над сумеснымі праграмамі Беларусі і Расіі. Спадарожнікавыя праграмы мы робім разам. Мы з савецкіх часоў захавалі гэтыя заводы па вытворчасці спадарожнікаў. Разам з расіянамі працуем. Цяпер — пілатуемыя палёты. Я гаварыў Уладзіміру Уладзіміравічу, што мы і далей будзем разам працаваць. Ён учора мяне падтрымаў», — расказаў Аляксандр Лукашэнка.
«Оптыка за вамі», — растлумачыў Уладзімір Пуцін.
«Гэта без пытанняў. У нас оптыка, дарэчы, не горшая, чым на Захадзе. Таму падтрымана, што мы будзем працаваць разам, у тым ліку будзем лятаць у космас, будзем працаваць і ў цэнтры падрыхтоўкі (касманаўтаў. — Заўвага БЕЛТА) і ў іншых месцах, дзе рыхтуюць, трэніруюць нашых пілотаў», — дадаў беларускі лідар.
«Вас віншую з вяртаннем на Зямлю, — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да касманаўтаў. — Даліся вы нам, асабліва мне, вельмі нялёгка: калі не стартанула адразу ракета, у мяне ўсё ўпала. Я ўжо думаў: бяда. Не, малайцы. Усё нармальна, усё спрацавала. Вы своечасова вярнуліся, правялі эксперыменты патрэбныя. Я думаю, што мы яшчэ не раз убачым сумесныя палёты расіян і беларусаў». Планы тут сапраўды грандыёзныя: у бліжэйшыя гады Расія плануе вывесці на арбіту першы модуль айчыннай арбітальнай станцыі. Гэта адкрывае вялікія перспектывы для двухбаковага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі.Алег Навіцкі падкрэсліў, што брацкія і саюзніцкія адносіны дзвюх дзяржаў дарагога вартыя. Паводле яго слоў, падрыхтоўка беларускіх касманаўтаў прайшла паспяхова: паводле ацэнак інструктараў, абедзве дзяўчыны падышлі да яе вельмі адказна. «Усе надзеі, якія ўскладаліся на Марыну, яна поўнасцю апраўдала», — сказаў касманаўт.
Ён таксама павіншаваў прэзідэнтаў з Днём касманаўтыкі, адзначыўшы іх уклад у развіццё гэтага напрамку ў Беларусі і Расіі. «Вельмі прыемна, што наша тэхніка сапраўды самая надзейная. Гэта паказаў і аварыйны старт Аляксея Аўчыніна, калі пайшоў падрыў ракеты пад ім. Тут аўтаматыка адмяніла пуск рухавікоў перад стартам: у Марыны быў пульс 66, ніхто не хваляваўся, Трэйсі (член экіпажа, астранаўт NASA Трэйсі Дайсан. — Заўвага БЕЛТА) была спакойная. Наша тэхніка не падводзіць проста», — заявіў Алег Навіцкі.
Марына Васілеўская прызналася, што для яе было шчасцем стаць першым касманаўтам у гісторыі суверэннай Беларусі. «Я старалася зрабіць усё магчымае, каб выканаць праграму на 100 працэнтаў і нават больш. Пакарэнне космасу грамадзянінам Рэспублікі Беларусь — гэта вельмі значная падзея для нашай краіны. Хацелася б, вядома, і далей прадаўжаць у гэтай сферы. Шчаслівая, рада і ганаруся тым, што гэты праект адбыўся».