Понедельник, 21 апреля 2025

Героя для артыкула падказала чытачка! Пачытайце пра васьмікласніка СШ №1 Даніка Ганчарэвіча, які бескарысліва робіць добрыя ўчынкі

510

Чарговую дзіцячую старонку хочацца распачаць з маленькай, але вельмі важнай гісторыі. Гісторыі пра дабро, якое зрабіў адзін вучань 8 «В» класа СШ №1. І завуць яго Данік Ганчарэвіч. Прыгожы, сціплы хлопчык, пра якога мы нічога і не ведалі б, калі б не адна наша ўдзячная чытачка.

Жанчына патэлефанавала ў рэдакцыю і з захапленнем, не паспеўшы нават назвацца, распавяла пра Чалавека (менавіта так, з вялікай літары), які у той красавіцкі дзень, калі вярнулася зіма, дапамог ёй змагацца з сумётамі.

— Я ледзь упраўлялася са снегам, тут бачу: на двор заходзіць незнаёмы хлопчык, узяў лапату і давай чысціць дарожку… А потым, калі ўвесь двор пачысціў, таксама моўчкі пайшоў дамоў. Добра, што паспела даведацца яго імя і прозвішча.

13-гадовы хлопчык зрабіў добрую справу ціха, бескарысліва, не чакаючы просьбы і не патрабуючы ніякіх падзяк. А потым, як высветлілася, увогуле пра свой учынак забыўся.

Калі 3 красавіка, на першай у чвэрці класнай гадзіне, яго аднакласнікі пачалі ўзгадваць, ці зрабілі нешта карыснае падчас вясенніх канікул, Данік проста моўчкі сядзеў і слухаў.

— А я ўжо ведала пра яго прыгожы ўчынак: тая жанчына тэлефанавала і ў школу. Таму я пачала распытваць Даніка. А той толькі ўсміхаецца і плячыма паціскае: маўляў, нічога незвычайнага не зрабіў. Вось такі ён! Сціплы, спагадлівы, сумленны, прыстойны, а ў дадатак яшчэ і вясёлы, і кампанейскі таварыш, — з цяплом расказвае пра хлопчыка яго класны кіраўнік, настаўніца англійскай мовы Алена Трафімчук.

Пагаварылі мы і з самім героем. Данік насамрэч вельмі шчыра здзівіўся павышанай увазе да яго асобы.

— Нічога асаблівага я не зрабіў, — усміхаецца хлопчык. — Мной рухала звычайнае жаданне дапамагчы таму, хто тут і цяпер мае патрэбу. Так мяне і маіх малодшых брацікаў мама вучыць. Тварыць дабро — гэта лёгка, як дыхаць. Тварыць дабро — гэта проста, як і гаварыць. Тварыць дабро — гэта натуральна, як і есці.

І не паспрачаешся… Дзякуй бацькам Даніка, якія гадуюць сапраўдных мужчын!

Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік