Суббота, 14 декабря 2024

Германія ці Японія? Не, у завода радыёдэталяў бліжэй і танней

586

Не за гарамі той перыяд, калі скончацца палявыя работы і надыдзе час рыхтаваць сельскагаспадарчую тэхніку да чарговага сезона. Для прадпрыемстваў АПК такія работы па выдатках займаюць ледзь не першае месца, толькі крыху саступаючы затратам на набыццё насення і гербіцыдаў. Набыццё запчастак, рамонт патрабуюць сур’ёзных капіталаўкладанняў, памер якіх, здараецца, не нашмат саступае цане новай тэхнікі.

Аграрыям нашага раёна пашанцавала, што ў рашэнні гэтай праблемы істотную падтрымку яны могуць атрымаць ад ААТ «Пружанскі завод радыёдэталяў». А заключаецца дапамога ў тым, што прадпрыемства аказвае паслугі па рамонце вузлоў і механізмаў, а таксама ў вырабе новых запчастак замест сапсаваных.

Інструментальна-спецтэхналагічны цэх №3 завода можна назваць «спадчынай савецкіх часоў». Гэта структурнае падраздзяленне было ўведзена для вырашэння вытворчых пытанняў, якія ўзнікалі ў працэсе дзейнасці іншых цэхаў. Майстры выраблялі на замену аснастку станкоў, здаралася, што поўнасцю аднаўлялі іх працаздольнасць. Таксама іх дапамога была патрэбна калегам з іншых падраздзяленняў ва ўкараненні ў вытворчасць новай прадукцыі з аптымальным сабекоштам.

Дырэктар ААТ «Пружанскі завод радыёдэталяў» Андрэй Каласей.

Аднак за апошнія гады, як зазначае дырэктар акцыянернага таварыства Андрэй Каласей, інструментальшчыкі, акрамя выканання сваёй асноўнай задачы, сталі запатрабаванымі і ў пабочных кліентаў.

— Мы аказваем паслугі па рамонце навяснога сельскагаспадарчага абсталявання, вырабляем запчасткі да тэхнікі. Без перабольшання скажу, што ў нашай практыцы заказаў не было такой дэталі, якую не змаглі б паўтарыць майстры завода, — сцвярджае Андрэй Васільевіч. — У багажы былі вельмі складаныя заказы: з адваротнай разьбой, фігурнай праточкай, тэрмаапрацоўкай і іншымі асаблівасцямі, якія патрабавалі нестандартных і нават ювелірных падыходаў. Здаралася, што на выраб, здавалася б, дробязі выдаткоўвалі тыдзень, але заказчык заўсёды атрымліваў патрэбнае.

У «тэнароў» ёсць такія паняцці, як «арыгінальная» або «неарыгінальная» запчастка. Відавочна, што перавагі за першым варыянтам, бо другі з вялікай верагоднасцю будзе адрознівацца па якасці. І ўсё ж калі ж замена была зроблена інструментальшчыкамі завода радыёдэталяў, то паміж першым і другім варыянтам можна смела ставіць знак роўнасці. Больш за тое, заказчыкі адразу адчуваюць фінансавую розніцу, таму што арыгінал каштуе ў 3-5, а бывае і ў 10 разоў даражэй за дапамогу пружанскіх майстроў. Што істотна ўплывае на спіс кліентаў прадпрыемства: па дапамогу сюды звяртаюцца практычна ўсе арганізацыі Пружаншчыны, якія выкарыстоўваюць рухомы тэхнапарк, а таксама шэраг прадпрыемстваў з іншых раёнаў Брэстчыны і нават Гродзеншчыны.

Як зазаначае дырэктар завода, такая паслуга сёлета набыла яшчэ адну адметнасць. Справа ў тым, што з-за палітычнай абстаноўкі і розных санкцый аграрыям стала складана набыць запчасткі да імпартнай тэхнікі. Замежныя пастаўшчыкі вымушаны адмаўляцца ад раней заключаных кантрактаў. У той жа час, як кажуць, святое месца пустым не бывае, а калі ёсць попыт, то знойдзецца той, ад каго паступіць прапанова. У гэты раз на змену тым, хто не можа трымаць сваё слова, выйшаў ПЗР. Прадпрыемства ўзяло на сябе работы па вырабе шэрагу патрэбных дэталяў імпартнага паходжання. Адзначым, што тыя контрагенты, што звярнуліся сюды з падобнымі заяўкамі, засталіся задаволенымі. Не толькі якасцю работы, але і сумленнем пружанскіх майстроў, якія не імкнуцца скарыстацца момантам і падняць цэны, а трымаюць свае тарыфы ў раней устаноўленых рамках.

Інжынер-тэхнолаг Аляксандр Волчык і токар-расточнік Аляксандр Зубко выконваюць заказы ад арганізацый раёна, якія паступаюць на эксперыментальную вытворчасць завода.

Дарэчы, выручка, якую дае структурнае падраздзяленне ў агульную скарбонку прадпрыемства, займае даволі нязначную долю ў даходах, хаця па колькасці зробленага цэх №3 — у ліку лідараў акцыянернага таварыства.

Для забеспячэння бесперапыннай работы інструментальнага цэха і аператыўнасці выканання заказаў створана адпаведная база, завод мае ў неабходным аб’ёме сыравіну. А галоўнае — падрыхтаваныя высокапрафесійныя кадры. Узначальвае падраздзяленне Ігар Камянюк, які мае працяглы працоўны стаж і асвоіў «азы» гэтай работы з самых пачаткаў. Члены працоўнага калектыву маюць не меншую кваліфікацыю, хаця тут нямала спецыялістаў маладога ўзросту, сярод якіх можна вызначыць інжынера-тэхнолага Аляксандра Волчыка, а таксама Аляксандра Зубко, якога ўжо зараз можна назваць майстрам на ўсе рукі.

Алег Сідарэнка. Фота аўтара