У нумары газеты за 7 верасня мы прапанавалі чытачам уключыцца ў абмеркаванне праблемы праезду на веласіпедах па вуліцах Пружан. Нагадаем, каб яе вырашыць і арганізаваць належныя ўмовы для руху веласіпедыстаў па вуліцах г.Пружаны, было праведзена іх абследаванне з мэтай удасканалення веласіпеднага руху і прапанаваны варыянты вырашэння сітуацыі.

1.Па вуліцах Заводскай і Кобрынскай, а таксама па частцы вуліцы Чырвонаармейскай (ад вуліцы Кастрычніцкай да вуліцы Пушкіна) і па частцы вуліцы Леніна (ад вуліцы Савецкай да перасячэння з вуліцай Тармасава) арганізаваць веласіпедны рух па краі праезнай часткі.
2.Па вуліцах Інтэрнацыянальнай, Кастрычніцкай, Р.Шырмы арганізаваць веласіпедны рух па краі тратуара.
Вось якімі думкамі падзяліліся нашы чытачы.
Язда на веласіпедзе — гэта здароўе
— Мне здаецца, што вырашэннем праблем праезду на веласіпедзе займаліся тэарэтыкі, а не практыкі. Калі б гэтыя людзі дабіраліся да месца працы на веласіпедзе, рашэнне было б адно: там, дзе няма веладарожак, дазволіць веласіпедыстам рухацца па праезнай частцы.
Мы так шмат гаворым пра экалогію і пра здаровы лад жыцця. А язда на веласіпедзе – гэта важны крок да добрага здароўя. Але ж у нас у горадзе не першы год адбіваюць жаданне карыстацца гэтым відам транспарту. То за адсутнасць люстэрка штрафавалі, то цяпер прымушаюць ездзіць па тратуарах, дзе праз кожныя дзесяць метраў перашкода ў выглядзе высокага бардзюра, або… пешахода, з якім на вузкай прасторы не размінуцца.
Сямён Паўлавіч.
Калі тратуар шырокі — едзь!

— Мой пункт гледжання такі: калі тратуар мае шырыню тры метры і больш, на ім трэба рабіць веладарожку. У іншых выпадках няхай веласіпедысты рухаюцца па дарозе, але, зразумела, дакладна выконваюць усе правілы дарожнага руху. Прымушаць веласіпедыста ехаць па вузкім тратуары – гэта проста непавага да людзей.
Мікалай Андрэевіч.
Нязручны тратуар па вуліцы Леніна
— Мае прапановы наступныя. Вуліцу Леніна абсталяваць па аналогіі з вуліцай 8 Сакавіка: з аднаго боку праезнай часткі зрабіць веладарожку. Адзін мінус: прыпаркавацца з гэтага боку ўжо будзе нельга. Але ж па тратуары на Леніна рухацца немагчыма не толькі на веласіпедзе, а і з дзіцячай каляскай, нават для пешахода ён нязручны.
Кірыл.
Лужыны аб‘ехаць можна?
— Хачу звярнуць увагу, што веладарожка проста неабходна ў Арабніках, накшталт такой, што ёсць ад кальца ў накірунку Бярозы.
Ёсць вялікая праблема з вуліцамі Вінаградава і Камсамольскай, але абследаваць іх я б параіла пасля дажджу. З-за лужын і пешаходы, і веласіпедысты вымушаны рухацца проста па сярэдзіне праезнай часткі.
Што тычыцца высокіх бардзюраў, то вельмі замінае бардзюр па вул. Р.Шырмы ля сталовай, дзе харчуюцца гімназісты.
Таццяна Віктараўна.
Як ездзіць, пакуль ідзе ўдасканаленне?
— Па-першае, мне здаецца, неабходна ў бліжэйшы час прывесці ў належны выгляд бардзюр, якім заканчваецца пешаходны пераход на скрыжаванні вуліц Свабоды і Чырвонаармейскай у бок лазні.
Але найбольш хвалюе іншае: а як нам, веласіпедыстам, ездзіць, пакуль вуліцы і тратуары не прывядуць у належны выгляд? Няўжо нас і далей будуць спыняць і штрафаваць, калі мы будзем рухацца па праезнай частцы, пры тым, што тратуары не прыстасаваны для гэтага? І па тых жа Кобрынскай і Чырвонаармейскай, на якіх толькі ПЛАНУЕЦЦА дазволіць рух па дарозе?
Вольга Сяргееўна.
Ад рэдакцыі
Мяркуючы па тэлефанаваннях, якія паступалі ў рэдакцыю з нагоды ўдасканалення руху веласіпедыстаў па вуліцах горада, у асноўным адгукнуліся на абмеркаванне веласіпедысты. І гэта зразумела: найперш праблема датычыць іх. Але ж тое, што некаторыя патрабуюць (напрыклад, былі меркаванні дазволіць веласіпедыстам ездзіць, дзе і як ім хочацца, толькі таму, што ў Пружанах такіх удзельнікаў руху шмат) не паддаецца разумнаму сэнсу.


Хочацца нагадаць, што акрамя веласіпедыстаў па гарадскіх вуліцах ездзяць яшчэ і вадзіцелі аўтатранспарту, якія, дарэчы, бясспрэчна выконваюць Правілы дарожнага руху і палемікі з гэтай нагоды наогул не вядуць. Але і так зразумела: выкананне Правілаў дарожнага руху датычыць усіх без выключэння: аўтамабілістаў, веласіпедыстаў, пешаходаў. Іншая справа – забяспечыць пэўныя ўмовы для іх выканання, над чым зараз і працуюць службовыя асобы. Дарэчы, і пра гэта таксама ўжо пісала наша газета, для зручнага праезду на веласіпедах па гарадскіх тратуарах будуць праводзіцца паступовыя работы па паніжэнні бардзюраў і з‘ездаў.

Вывучэнне пытання з нагоды праезду на веласіпедах працягваецца. Аб яго выніках “раёнка” паведаміць дадаткова.
Пяць пытанняў пра два колы
З пачатку бягучага года на тэрыторыі раёна зарэгістраваны тры дарожна-транспартныя здарэнні з удзелам веласіпедыстаў. Адна аварыя здарылася па віне п’янага веласіпедыста, які ехаў па праезнай частцы. У выніку сутыкнення з аўтамабілем веласіпедыст загінуў.

Як расказвае начальнік аддзялення ДАІ А.Я.Міхальчук, апошнія гады рэгіструецца пастаянны рост колькасці падобных аварый. Пры гэтым наш раён у гэтай сумнай статыстыцы нават выдзяляецца на фоне рэспублікі.
Аляксандр Яўгенавіч патлумачыў, што ў асноўным аварыі здараюцца з-за таго, што кіроўцы двухколавага транспарту слаба ведаюць Правілы дарожнага руху. І адказаў на найбольш праблемныя пытанні.
Як рухацца на веласіпедзе, калі тратуар ёсць толькі з аднаго боку вуліцы?
— У любым выпадку веласіпедысты пры наяўнасці тратуара (нягледзячы на тое, з якога боку праезнай часткі ён зроблены) павінны рухацца па ім.
Як рухацца, калі на вуліцы няма тратуараў?
— Тады неабходна ехаць па спецыяльна выдзеленай веласіпеднай дарожцы або (пры адсутнасці такога элемента) па ўмацаванай абочыне ці па краі праезнай часткі на адлегласці не больш за метр ад яго.
Як веласіпедыст павінен перасякаць скрыжаванне?
— Толькі па пешаходным пераходзе і пры гэтым весці веласіпед у руках. У адваротным выпадку прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.
Як павінен быць абсталяваны веласіпед для язды ў цёмны час сутак?
— На веласіпедзе для язды ў цёмны час сутак неабходна ўстанавіць: спераду — ліхтар белага колеру, ззаду — чырвонага колеру. Таксама рэкамендуецца апранаць святловяртальную камізэльку. Трэба нагадаць, што цёмным часам сутак лічыцца час пасля заходу сонца.
Як перавозіць грузы ці пасажыраў на веласіпедзе?
— Перавозіць пасажыраў на двухколавым транспарце ўвогуле забаронена. Выключэнне тычыцца толькі дзяцей ва ўзросце да 7 гадоў пры наяўнасці спецыяльнага крэсла. Габарыты транспартуемага на веласіпедзе груза могуць выступаць за памеры двухколавага транспарту па даўжыні або шырыні, але не больш за паўметра з бакоў ці ззаду багажніка.
Матэрыялы падрыхтавалі Алег СІДАРЭНКА, Кацярына ПАШКЕВІЧ і Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).
Усе фота носяць ілюстрацыйны характар.