Среда, 15 января 2025

Гаворым ці маўчым па-беларуску? У Палацыку прайшла тэатральна-дыскусійная імпрэза

1 047

Ідучы на тэатральна-дыскусійную імпрэзу ў “Пружанскім палацыку”,  я нават да канца і не магла ўявіць сабе фармат мерапрыемства: ці то тэатр будзе з дыскусіяй, ці то дыскусія з тэатрам. Але, схаваўшы як мага далей свае сумненні, вырашыла ўстрымацца ад папярэдніх высноў. Што і казаць, палацык заўсёды любіць здзіўляць неардынарнымі прапановамі і задумкамі.img_9365

Падтрымаць яго намаганні ўзялася  суполка “Будзьма беларусамі!”, якая прывезла ў Пружаны нашумелую пастаноўку дакументальнага спектакля «Білінгвы» акцёрскай кампаніі «Насупраць» (г.Брэст) рэжысёра Дзяніса Фёдарава  з акцёрам Анатолем Бараннікам. Менавіта з гэтага монаспектакля адразу і пачалася дыскусія.

Маналог акцёра быў пабудаваны з жывых інтэрв’ю, якія браліся ў розных жыхароў Брэста. Тут няма нейкага перапрацаванага тэксту, працы драматурга. Гэта проста гутаркі-разважанні на тэму  «двумоўя»:  “Ці існуе ў Беларусі такая з‘ява як «білінгвізм», або яна «жыве» толькі на паперы? Хто я паміж дзвюх моў?”.

Героі  Анатоля Баранніка па-рознаму глядзяць на моўную сітуацыю ў Беларусі. Гэта і маладыя людзі, якія не разумеюць, навошта наогул размаўляць па-беларуску, і беларускамоўныя брастаўчане, якія мяркуюць, што мова — адзін з важных элементаў станаўлення нацыі.img_9343

У спектакля адзіны рэквізіт сцэны – вялізны камень-валун, які ледзь нясе на пачатку і выносіць напрыканцы пастаноўкі акцёр. Гэта сімвал  цяжару моўнага пытання ў краіне.

Усё падштурхоўвала да дыялогу. І аповед рэжысёра. І гутарка з пружанкай   Настассяй Пілюгінай, якая расказала пра  стварэнне адпаведнай суполкі ў сацыяльнай сетцы, што аб’яднала каля 300 маладых беларускамоўных пружанцаў. І размова з вядучай курсаў «Мова нанова» ў Брэсце  Воляй Малафеечавай, якая праводзіць іх ужо чатыры гады і прапануе ствараць больш такіх праграм, бо яны вельмі запатрабаваны.

Прысутныя, якіх сабралося даволі шмат для невялікай гасцёўні палацыка, пачалі распавядаць пра ўласны моўны досвед. Усё выглядала як арганічны працяг спектакля.

Носьбіты беларускай мовы, якія прыйшлі на дыскусію, даказвалі, што беларусы павінны і хочуць размаўляць на беларускай мове. Гэта бачна ў адносінах да беларускамоўных у грамадстве. “Больш паважлівае абслугоўванне ў бальніцы”, “нават прадаўцы ў краме больш уважліва ставяцца да беларускамоўнага чалавека”, “хоць лічаць дзівацтвам, але імкнуцца размаўляць на мове”, “беларускамоўныя газеты прыемней чытаць, а тэлебачанне – глядзець”, “прыемна бачыць беларускамоўную рэкламу і шыльды ў горадзе, нават вітацца з людзьмі па-беларуску”, — дзяліліся прысутныя.

Свае думкі пра білінгвізм выказвалі амаль усе, захопленыя спектаклем: жыхары горада, навучэнцы каледжа, госці з Бярозы і Брэста. Шчыра і ад сэрца.

Далучыліся да дыскусіі і літаратары. Брастаўчанін Сяргей Амяльчук, які, дарэчы, прэзентаваў новы зборнік берасцейскіх паэтаў “Жарсць кахання” (дзе можна ўбачыць і вершы пружанцаў – Міколы Папекі, Міколы Купрэева і Міколы Засіма), і журналіст Яўген Бяласін, які даў добрыя парады для суразмоўцаў.  А выкладчыца пружанскага каледжа Вольга Балабушка нават прачытала досыць каларытны асабісты верш.

Завітаў на імпрэзу і госць з Канады – ураджэнец в.Жадзены Алесь Кот,  які падсумаваў дыскусію: “Трэба рабіць крокі да мовы: хтосьці – вялікія, хтосьці – малыя. І тады мы прыйдзем да яе”. А яшчэ Алесь лічыць:  “Пружаны для мяне самы лепшы горад у Беларусі, і я хацеў бы, каб  людзі тут жылі ўсё лепш і лепш. Любіце сваю спадчыну. Вельмі вам удзячны за тое, што я адзін з вас, што я — пружанец! Рабіце правільны выбар.

Я свой выбар ужо зрабіла: не ведаю, калі змагу гаварыць, але слухаць па-беларуску у мяне атрымалася добра.

Алена ЗЯЛЕВІЧ, фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *