
Для кожнага з нас аптэка — гэта сапраўдная скарбонка дапамогі, дзе даецца шанец пазбавіцца ад хваробы і дрэннага самаадчування.
З улікам такога прызначэння здаецца, што такія ўстановы павінны быць падобныя адна на адну. Аднак аптэкі, насамрэч, адрозніваюцца і менавіта дзякуючы характару іх персаналу, стаўленню работнікаў да сваіх абавязкаў.

У аптэцы № 137, што ў в. Новыя Засімавічы, загадвае ўсім працэсам Ірына Верамяйчук, якая, як сапраўдная гаспадыня, імкнецца стварыць атмасферу ўтульнасці. Кожнага наведвальніка яна сустракае заўсёды добразычліва. Як сцвярджае Ірына Валянцінаўна, інакш немагчыма, бо рэдкі пакупнік лекаў заходзіць з добрым настроем. Дык навошта дадаткова яму яго псаваць, калі ён разлічвае на дапамогу?
— І калі атрымліваецца дапамагчы чалавеку, тады асабліва цэніш сваю работу, асабліва, калі чуеш ад людзей падзяку, — сцвярджае гаспадыня здароўя.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік