Менавіта грэцкія крупы і цукар у апошні час выклікаюць павышаны інтарэс, выступаюць своеасаблівай меркай сацыяльнай напружанасці. Іх цана, прысутнасць на прылаўках, якасць не на жарт хвалююць спажыўцоў. Каб праблем з грэчкай не ўзнікала, на дзяржаўным узроўні было прынята рашэнне аб павелічэнні плошчаў пад яе. Побач са збожжавымі крупяныя культуры — таксама харчовая бяспека нашай краіны, спакой яе жыхароў.
У 2022 годзе ў Беларусі павялічылі плошчы пад грэчку да 35 тысяч га. Спадзяёмся, што ў хуткім часе імпарт гэтай культуры патрэбны будзе хутчэй для асартыменту, чым для запаўнення рынку.
Сельгаставарыствы нашага раёна таксама атрымалі дзяржзаказ на грэчку. Пад яго вызначалася пасяўная плошча, закуплялася насенне. На сённяшнюю дату ўсе гаспадаркі справіліся з уборкай культуры. Яе ўраджайнасць склала 17,4 ц/га. Усяго было намалочана крыху больш за 900 тон.
У ААТ «Шані-аграпрадукт», дзе пад грэчку сёлета было адведзена 40 га, намалацілі 20 тон. Каля в. Сасноўка, дзе пабывалі карэспандэнты на мінулым тыдні, яна займала 16 га. Гэта быў апошні няўбраны палетак.
Як адзначае начальнік участка аддзялення «Гарадзечна» Мікалай Пекун, вырошчваннем грэчкі давялося займацца ўпершыню. Да справы падыходзілі сур’ёзна. Знаёміліся з напрацоўкамі тых таварыстваў рэспублікі, якія ўжо не першы год вырошчваюць гэтую культуру.
Чакаць ад грэчкі высокай ураджайнасці не даводзіцца, але тым большую ўвагу варта ўдзяліць выбару прыдатных для яе вырошчвання ўчасткаў, насення. Не на апошнім месцы, канечне, і ўнясенне мінеральных угнаенняў, і наступны догляд грэчкі. Начальнік участка спадзяецца, што ў будучым ім удасца дэталёва асвоіць вырошчванне расліны, каб дамагчыся добрай ураджайнасці.
Дарэчы, вельмі важным аспектам у гэтай справе, па словах Мікалая Аляксеевіча, з’яўляюцца пчолы, якія апыляюць расліну, тым самым павялічваюць ураджайнасць. Каля вышэйназванага палетка якраз і размяшчаліся два пчальнікі мясцовых жыхароў.
На полі мы засталі камбайнера Георгія Касьяна і яго памочніка Сяргея Пунько, якія шчыравалі на камбайне «Палессе GS-10». Георгій Уладзіміравіч расказаў, што ўборка грэчкі — працэс даволі працаёмісты, патрэбна выбіраць аптымальны для гэтага час, ды і сама тэхніка павінна быць адладжана бездакорна.
Усё зерне адвозілася на зернесушыльны комплекс у аг. Шані, дзе праводзіліся яго сушка і чыстка. Пасля чаго яно адпраўлялася на ААТ «Гомельхлебапрадукт», адзінае ў Беларусі прадпрыемства па перапрацоўцы грэчкі.
Так што кашы з грэцкіх круп хопіць на ўсіх, з запасам.
Вадзім Раўнейка. Фота Юліі Янушка