Заканчэнне масавага жніва і верасень на календары не азначаюць, што аграрыі ўжо могуць пакінуць палеткі. Усе выдатна разумеюць: уборка працягваецца, нягледзячы на тое, што ўбраны асноўныя культуры. Вось і ў ААТ «Роўбіцкае» яшчэ шчыруюць камбайны. Каля гэтага палетка адчуваеш добра знаёмы водар. Ён і падказвае: тут, каля вёскі Чадзель, сёння ўбіраюць грэчку.

Менавіта «Роўбіцкае» ў гэтым сезоне першае пачало і… першым закончыла ўборку культуры. Грэчкай тут было засеяна 120 га. Амаль усе яны знаходзіліся каля Чадзеля, яшчэ адно невялікае поле – непасрэдна ў Роўбіцку. На тое, каб у зводцы насупраць графы з грэчкай стаяла адзнака ў 100%, спатрэбілася чатыры дні і работа двух «КЗС-12».

Першым чынам, пытаюся ў камбайнера Сяргея Раманоўскага не пра намалоты, а пра тое, ці любіць ён грэцкую кашу. Чую ў адказ наступнае: «Не фанат, але паважаю». А вось убірае грэчку, як і іншыя культуры, Сяргей Сяргеевіч дзясяты сезон запар. Другі – у якасці работніка «Роўбіцкага». Да гэтага 24 гады служыў вадзіцелем пажарнага паста ў Сухопалі, а на жніво ў гаспадарку прыходзіў падчас адпачынку.

Для Сяргея Пстыгі ўборачная-2021 запомніцца тым, што ўпершыню ён паспрабаваў сябе ў якасці памочніка камбайнера. А наогул з 1992 года працуе вадзіцелем у таварыстве.
— Паколькі грэчку крыху падсушылі, камбайну ісці па полі значна лягчэй, ды і зерне лёгкае, — апавядае Сяргей Васільевіч.
— Сапраўды так. У бункер нашага «КЗС-12» змяшчаецца прыкладна чатыры тоны, пасля ўсё выгружаем у трактар, які адвозіць грэчку на зернясховішча, — працягвае размову Сяргей Раманоўскі.

Па словах галоўнага агранома Андрэя Вітальевіча Капузы, на гэты раз у «Роўбіцкім» намалацілі 198 тон грэчкі. 120 з іх пойдуць у лік дзяржзаказу. Сярэдняя ўраджайнасць культуры склала 16,5 ц/га.
Усяго ж у раёне грэчкай занята 532 га, і гэтыя плошчы – адны з самых вялікіх у вобласці. Больш пасеялі толькі ў Камянецкім і Кобрынскім раёнах. На Пружаншчыне, акрамя «Роўбіцкага», грэчку з такой жа плошчы — 120 га — трэба ўбраць ААТ «Пружанскае» (тут пачалі яе ўборку ў чацвер) і «Ліноўскае». Найбольшыя плошчы – 160 га – у «Пружанскім райаграсэрвісе». Найменшыя – усяго 12 га – у доследнай станцыі.
Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік