Няма спакою ні галаве, ні рукам. Гэтак можна сказаць пра хлебаробаў. Здаецца, ужо ж зімой маглі б яны адпачыць. Але менавіта ў гэтую пару года дбайны гаспадар думае аб будучым ураджаі. Ды што думае, калі апошнія зімовыя месяцы зусім не адпавядаюць сваім назвам. Таму сёлета аграрыі краіны прыступілі да сяўбы ўжо ў лютым! Што да Брэстчыны, то на сёння ўсе раёны вобласці распачалі вясенне-палявыя работы.
У гэтым годзе ў рэгіёне яравыя культуры плануецца пасеяць на плошчы звыш 400 тыс. га, збожжавыя і зернебабовыя — на 153 тыс. га, буракі будуць высеяны на амаль 22 тыс. га, лён — 6,3 тыс. га. У мінулым годзе вобласць атрымала рэкордныя ўраджаі як па вале, так і па ўраджайнасці збожжавых: атрымалі 1 млн 580 тыс. тон хлеба, ураджайнасць склала 39,9 ц/га. Задача на сёлета — перавысіць гэтыя паказчыкі.
Гаспадаркі Брэстчыны забяспечаны ў поўным аб’ёме насеннем, 20 % з якога — элітнае. Паліва спатрэбіцца каля 37 тыс. тон, у грашовым эквіваленце гэта звыш 105 млн рублёў. Парк тэхнікі абноўлены прыкладна на 10 %, было набыта амаль 400 трактароў. Насенне, угнаенні, тэхніка — усё гэта добра, але чалавек усё роўна адыгрывае самую важную ролю ў пасяўной кампаніі. Усяго да сяўбы плануецца прыцягнуць не менш за 400 чалавек.

Што да Пружаншчыны, то нашы гаспадаркі таксама не ўпускаюць момант і актыўна праводзяць веснавыя работы. Уносяцца арганічныя ўгнаенні пад яравую сяўбу — на 6 сакавіка ўнесена 513,3 тыс. тон (55 %), мінеральных на гэтую ж дату (з улікам восені) унеслі ў наступнай колькасці: азоту — 158 т дз.р., фосфару — 628, калію — 3815 т дз.р. На вывазцы арганікі задзейнічана 23 трактары, у тым ліку 3 энерганасычаныя.
Па меры падсыхання глебы бяромся за ворыва ў вясенні перыяд, на сераду бягучага тыдня ўзарана 2030 га. Падрыхтоўваем глебу пад сяўбу ранніх яравых збожжавых і зернебабовых (без кукурузы, грэчкі і проса) — пры плане ў 10800 га выйшлі на паказчык у 1079 га.
У раёне праводзіцца таксама і падкормка азімых збожжавых на зерне — план 21267 га, на 06.03.2024 ужо падкормлена 57 %. Гэты агратэхнічны прыём робіцца і на азімым рапсе — з 6180 га апрацавалі 4549 га. Шматгадовыя травы на раллі і палепшаныя лугапашавыя ўгоддзі абагачаюцца калійнымі ўгнаеннямі.
Гэта проста лічбы, за якімі стаіць цяжкая сялянская праца, але такая важная для кожнага беларуса і краіны ў цэлым.
Вадзім Раўнейка.
Фота з архіва рэдакцыі