Понедельник, 2 декабря 2024

Гарэзныя гармонікі, ці Новыя перамогі юных пружанскіх артыстаў

2 006

«Гарэзныя гармонікі»

Так называўся I Рэспубліканскі адкрыты дыстанцыйны конкурс, на якім паспяхова выступілі навучэнцы народнага аддзялення Пружанскай дзіцячай школы мастацтваў імя Р.Р.Шырмы.

У прыватнасці, вучань 7 класа баяна Арцём Абрамчук быў узнагароджаны дыпломам I ступені, а баяністка Ганна Кароль (таксама выхаванка педагога Жанны Фёдараўны Вахновіч) — дыпломам II ступені.

Але самую значную перамогу школе мастацтваў на “Гарэзных гармоніках” прынёс вучань 3 класа акардэона Максім Лукашчук — ён стаў лаўрэатам III ступені.

Як адзначыла яго выкладчыца Аксана Уладзіміраўна Лысевіч, хлопчык здзіўляе рэдкай працавітасцю і адказнасцю:
— Толькі першы год як Максім залічаны ў групу перспектыўных дзяцей, а ўжо такі высокі вынік. Упэўнена, пасля першай перамогі ён працягне працаваць з яшчэ большым азартам і стараннасцю. Хлопчык любіць акардэон, захапляецца яго гарманічным гучаннем і нават імкнецца пісаць маленькія ўласныя музычныя кампазіцыі.

Любоў да акардэона ў свой час Максіму прывілі ў Сланімцоўскім сельскім клубе, куды ён хадзіў з пяці гадоў. Клуб закрылі, а жаданне цалкам асвоіць ігру на клавішных інструментах у хлопчыка засталося.

Ды і мама Святлана ў нейкай ступені падтрымлівае гэтую цікавасць: у доме Лукашчукоў часта гучаць музычныя кампазіцыі ў выкананні дуэта “Баян MIX” і акардэаніста Пятра Дрангі. Магчыма, у сям’і расце новы віртуоз.

Алеся Смайлік