Суббота, 8 февраля 2025

Гардзей, Дамір, Захар, Анісія, Анжаліка, Віялета. Высветлілі, як пружанцы называлі дзетак у 2020 годзе

766

Паводле інфармацыі аддзела ЗАГС райвыканкама, за 2020 год у Пружанскім раёне зарэгістравана 1626 актаў грамадзянскага стану.

У мінулым годзе на Пружаншчыне нарадзілася 182 хлопчыкі і 199 дзяўчынак. Адметна, што 125 дзяцей былі першымі па ліку ў сям’і, 129 — другімі, 84 — трэцімі, 30 — чацвёртымі, 7 — пятымі, 6 — шостымі. Сярэдні ўзрост маці склаў 28 гадоў, татаў — 31 год.
Сярод самых папулярных імёнаў хлопчыкаў летась аказаліся Арцём, Аляксандр, Данііл, Дзмітрый, Уладзіслаў, Максім, Мацвей, Раман. Некаторыя бацькі далі сваім дзецям больш рэдкія імёны, як Гардзей, Дамір, Захар, Мірон, Міраслаў, Радзіслаў, Рустам, Станіслаў.
А вось дзяўчынкам часцей за ўсё давалі імёны Ганна, Вікторыя, Ксенія, Марыя, Аляксандра, Кацярына, Паліна, Ульяна. Рэдкімі імёнамі дзяўчынак сталі Анісія, Анжаліка, Віялета, Дамініка, Маліка, Міліяна, Міра, Раміна, Юліяна.
— Як паказвае жыццё, імёны маюць якасць «адпачываць», — гаворыць начальнік аддзела ЗАГС Наталля Цібароўская. — У сямідзясятыя гады мінулага стагоддзя дзяўчынак часцей называлі Людміла, Тамара, Наталля. У дзевяностыя гэтыя імёны амаль зніклі. А цяпер яны «адпачылі» і зноў успрымаюцца незвычайнымі і арыгінальнымі.
А вось што тычыцца шлюбнай статыстыкі, то ў мінулым годзе ўпершыню ўступіла ў шлюб 168 мужчын і жанчын. Адной нявесце шлюбны ўзрост быў зніжаны ў сувязі з цяжарнасцю.
14 шлюбаў зарэгістравана паміж беларусамі і замежнымі грамадзянамі: расіянамі, украінцамі і малдаванамі. Сярэдні ўзрост уступлення ў шлюб мужчын — 32 гады, жанчын — 30 гадоў.
«Што тычыцца скасавання шлюбаў, то па выніках года сярэдні ўзрост мужчын, якія скасавалі шлюб, — 37 гадоў, жанчын — 36», — зазначыла Наталля Радзівонаўна.
Фота з архіва рэдакцыі.
Падрыхтавала Марына Вакульская.