У чарговы раз Расійскі цэнтр навукі і культуры ў Брэсце зрабіў цудоўны падарунак для ўсіх пружанцаў. У гэты чацвер у цэнтральнай раённай бібліятэцы адкрылася фотавыстава «Гарады Расіі». Экспазіцыя — магчымасць здзейсніць віртуальнае падарожжа ў вельмі блізкую па духу многім беларусам краіну і выбраць горад для падарожжа рэальнага. Прымеркавалі выставу да значнай для дзвюх краін-суседак даты — Дня яднання народаў Беларусі і Расіі, які будзе адзначацца ўжо 2 красавіка.
У фае другога паверха бібліятэкі, якое ўжо паспела стаць своеасаблівай культурнай прасторай нашага горада, можна ўбачыць фотаэцюды з выявамі 20 расійскіх гарадоў. На здымках — Масква, Санкт-Пецярбург, Смаленск, Ніжні Ноўгарад, Уладзівасток, многія іншыя гарады і іх самыя пазнавальныя славутасці — візітоўкі вялікай краіны.
Экспазіцыя, як і нядаўняя выстава, прысвечаная 1000-годдзю Брэста, ці мінулагодняя «Пётр Вялікі — асоба і эпоха», стала магчымай дзякуючы віцэ-консулу Генеральнага консульства Расійскай Федэрацыі ў Брэсце, кіраўніку аддзялення Расійскага цэнтра навукі і культуры Юліі Сяменчанка. Яна стала ганаровай госцяй урачыстага адкрыцця, на якім таксама прысутнічалі намеснік старшыні Пружанскага райвыканкама Руслан Супрыновіч і галоўны спецыяліст аддзела культуры Таццяна Пура, кіраўнікі ўстаноў адукацыі і культурных устаноў, навучэнцы каледжа, жыхары горада.
Руслан Васільевіч у прывітальным слове адзначыў, што віцэ-консул Юлія Сяменчанка ўжо не проста госць, а добры сябар Пружанчыны. Намеснік кіраўніка раёна падкрэсліў, што наш горад гатовы да больш глыбокага супрацоўніцтва з рэгіёнамі Расіі, у тым ліку пабрацімства з мэтай наладжвання трывалых эканамічных і культурных сувязей. Таксама Руслан Васільевіч павіншаваў прысутных са святам.
— Мы ўсё жыццё ішлі плячом да пляча. Мы сапраўды два брацкія народы, якія выраслі з аднаго кораня. Нам гісторыя гаворыць, што калі мы падтрымліваем адзін аднаго, то дасягаем поспехаў у культурным, спартыўным, эканамічным накірунках. Нягледзячы на ўсе перашкоды, у тым ліку санкцыйныя, народы Беларусі і Расіі глядзяць у будучыню з пазітывам, — адзначыў Руслан Супрыновіч.
У сваю чаргу, Юлія Сяменчанка сказала, што Расійскі дом у Брэсце праводзіць вялікую колькасць мерапрыемстваў і запрасіла ў абласны цэнтр, каб пазнаёміцца з поўнай фотаэкспазіцыяй гарадоў Расіі. Яна, дарэчы, займае два паверхі Рускага дома. Гасцям віцэ-консул пажадала міру, дабрыні, працвітання і дабрабыту, выказала спадзяванне, што разам народы Беларусі і Расіі здолеюць дасягнуць самых значных вышынь. У падарунак Юліі Сяменчанка была перададзена новая кніга Уладзіміра Ліхадзедава «Пружаны. Падарожжа ў часе» з фотаздымкамі нашага горада, зробленымі ў XIX-XX стагоддзях. Свой саламяны выраб у падарунак уручыла віцэ-консулу і народны майстар Беларусі Марыя Кулецкая.
Не магло абысціся мерапрыемства, прысвечанае Дню яднання беларускага і рускага народаў, і без беларускай часткі. Цудоўную музычную кампазіцыю «Прывітальная» і этнаграфічную пастаноўку «Калаварот жыцця» прадставілі ўдзельнікі тэатра моды «Таямніца» пад кіраўніцтвам Алёны Сівачэнка Калядзіцкага сельскага Дома культуры. Пасля экскурсіі па выставе, якую правяла дырэктар бібліятэкі Таццяна Гуторкіна, гасцей запрасілі на прэзентацыю кніжнай выставы «Незвычайныя мясціны Беларусі». Загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі Юлія Лаўраш расказала пра славутасці кожнага з рэгіёнаў нашай краіны і пра кнігі, у якіх можна пазнаёміцца з імі.
У гэты ж дзень Юлія Сяменчанка пабывала ў музеі рэвалюцыйнай, працоўнай і баявой славы СШ № 1 г. Пружаны імя ЧБВА. Віцэ-консул таксама перадала ў падарунак школьнай бібліятэцы 70 кніг з творамі рускай мастацкай літаратуры. Намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч шчыра падзякаваў за супрацоўніцтва і запрасіў Юлію Яўгенаўну на святкаванне 590-годдзя Пружан. Раскрыем, бадай, самае цікавае для пружанцаў: па словах Руслана Васільевіча, грандыёзныя святкаванні адбудуцца 15 ліпеня. Юлія Сяменчанка запэўніла ў тым, што, па-першае, абавязкова прыездзе, па-другое — гэта далёка не апошняя выстава, арганізаваная Рускім домам у нашым горадзе. Адкрыты тут і да сустрэчных прапаноў. Напрыклад, мінулым летам на базе дома ў абласным цэнтры ўсе жадаючыя маглі пазнаёміцца з выставай лялек Алы Хвядун «Родам з дзяцінства».
Ну а пакуль мы чакаем новых выстаў, раім адкрыць для сябе ўсю прыгажосць расійскіх гарадоў, не выязджаючы з роднай краіны. Знаёміцца з фотаэцюдамі можна да 10 красавіка ў гадзіны работы бібліятэкі.
Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік
Фотаальбомы з урачыстага адкрыцця выставы: https://vk.com/album-23306785_292136428 і https://ok.ru/budni/album/958229142408