Среда, 21 февраля 2024

Гарадскія кантрасты нераўнадушша, або Смецце шукае гаспадара

396

Здаецца, якія могуць быць тут кантрасты? Але ж яны ёсць. Тут, як у элеменце сілкавання, маецца палярнасць: процілегласць двух сіл – станоўчай і адмоўнай.

У доме №4 па вуліцы Савецкай шмат актыўных жыхароў, якія ніколі не чакаюць, пакуль іх папросяць навесці прыгажосць на кветніках і ў двары, а дружна бяруцца за работу.

Дык вось, ёсць нераўнадушныя людзі са станоўчым зарадам, а ёсць — з адмоўным. Першыя заўсёды на пазітыве, яны так і жывуць, ствараюць вакол сябе атмасферу прыгажосці, хараства, гармоніі. Гэтыя людзі ніколі не пройдуць міма чужой бяды, заўсёды дапамогуць. Яны рэагуюць на праяўленні безгаспадарчасці, але стараюцца прапанаваць, як сітуацыю лепш выправіць, а ў большасці выпадкаў самі яе выпраўляюць. Там, дзе жывуць станоўча нераўнадушныя, заўсёды парадак, прыгажосць, зручнасці, якія яны самі ствараюць, каб і ім было добра, і іншым. Яны такія: ім не шкада рабіць дабро.

Другім жа нераўнадушным, але з адмоўным зарадам, нешта ўсё перашкаджае. Ім дрэнна, што ў суседа ўсё добра, што ён умее стварыць пазітыў, у яго парадак у жытле і побач з ім. Такія, адмоўна нераўнадушныя, таксама востра рэагуюць, калі бачаць, што, напрыклад, камунальныя службы дапусцілі нейкую безгаспадарчасць, што з’явілася выбоіна на тратуары, што смецце не прыбрана і інш. Замест таго, каб самому нешта зрабіць або хоць бы патэлефанаваць у адпаведную службу, такія пачынаюць бессістэмна крытыкаваць: маўляў, глядзіце, як у нас усё дрэнна, нікому да гэтага няма справы, куды глядзяць улады…

На вуліцы Паркавай нехта добраўпарадкоўвае тэрыторыю каля дома,..

У большасці такія крыкуны за ўсё жыццё нікому нічога добрага не зрабілі і не збіраюцца рабіць. Ім усё дрэнна, усё не так. Вось такія самі ж і не даносяць свой хлам і смецце да кантэйнера, чакаюць калі за імі адрамантуюць, залатаюць, прысыплюць, прыбяруць. Што цікава, на так званыя дваравыя суботнікі адмоўна нераўнадушныя не выходзяць, яны ўпэўнены, што і без іх там абыдзецца. Тут у іх энергія не выпрацоўваецца, сядзяць як мышы пад венікам.

а нехта нават уласнае смецце да кантэйнера не даносіць.

Ёсць сярод нас і раўнадушныя, якім усё роўна, што адбываецца вакол. Яны жывуць у сваім свеце – такім маленькім і шэрым, не заўважаюць, што жыццё віруе, што цвітуць сады, што вясна ідзе, што сонейка свеціць, што суседні двор прыведзены ў парадак, а іхні – не. І, хутчэй за ўсё, не будзе, бо тут жывуць раўнадушныя, якім і так добра.

Да каго з гэтых трох катэгорый вы сябе адносіце?

Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік