18 лістапада адбыўся рэйд у рамках паўнамоцтваў гарадской назіральнай камісіі. Мэтамі такой работы можна назваць высвятленне небяспечных жыллёвых умоў, папярэджанне ўзнікнення надзвычайных сітуацый, прафілактыка правапарушэнняў грамадзянамі, якія вядуць асацыяльнае жыццё, а таксама клопат пра жыхароў горада, якія па розных абставінах трапілі ў цяжкае жыццёвае становішча.
У склад рэйдавай групы ўвайшлі намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч, сакратар гарадской назіральнай камісіі Святлана Карэтка, в.а. начальніка РАНС Павел Талстой і ўчастковы інспектар РАУС лейтэнант міліцыі Аляксандр Пейгановіч.
Увогуле ў раёне працуе 13 назіральных камісій: 12 у сельсаветах і адна гарадская. Таксама для каардынацыі работы створана рабочая група, якую ўзначальвае Руслан Супрыновіч.
— Рэгулярна я сумесна з прадстаўнікамі РАНС, РАУС, сельвыканкамаў, камунальнай службы выязджаю для аказання дапамогі і садзейнічання назіральным камісіям. У тым ліку вяду кантроль за выкананнем мерапрыемстваў, якія былі прапісаны раней, — кажа Руслан Васільевіч.
Падчас рэйду мы пабачылі шмат, хацелася б сказаць, цікавага, але, уласна кажучы, цікавасцей тут не было ніякіх. Наадварот, убачанае ўзрушвала: звалкі смецця ў дварах і на вуліцы, жудасны стан домаўладанняў, увогуле адсутнасць падабенства некаторых «дамоў» на чалавечае жыллё…
Адпаведныя службы вядуць барацьбу з «ненадзейнай» катэгорыяй насельніцтва, але барацьба гэтая, на жаль, не заўсёды паспяховая. Складаюцца пратаколы за антысанітарыю, загрувашчванне тэрыторыі, выпісваюцца пастановы, даюцца штрафы (дарэчы, некаторыя гараджане пастаянна выплачваюць падобныя спагнанні).
Перыядычна шэраг грамадзян, якія не ў стане справіцца са сваімі шкоднымі звычкамі, адпраўляюць на лячэнне, ім аказваюць неабходную дапамогу… Але, тым не менш, хутка ўсё вяртаецца на кругі свае.
Трэба адзначыць, што людзі, да якіх атрымалася трапіць падчас гэтага рэйду, былі не вельмі рады «гасцям». На першы погляд, магло паказацца, што наогул ніякія зносіны ім не патрэбныя, а прапановы «проста паразмаўляць» палохалі. Тут лагічна ўзнікае пытанне: насамрэч гэтыя асобы інтраверты, якім не патрэбны субяседнік, ці можа ў такіх выпадках абуджаецца сорам? Мне здаецца, у нашым выпадку было другое: не проста ж так людзі не глядзяць у вочы, пазбягаюць адкрытага позірку…
Пасля падобных сустрэч міжволі нараджаюцца філасофскія пытанні. Дзе чалавек «звярнуў не туды»? У які момант яго заспела ўласная кропка незвароту? Чаму не ўсім дадзена вытрымаць удары лёсу і спакусы? І галоўнае: чаму чалавек так упарта адмаўляецца ад дапамогі, якую яму рэальна прапануюць?..
Пасля завяршэння рэйдавых мерапрыемстваў Руслан Супрыновіч звярнуў увагу на тэрміновыя работы ў гэтым напрамку, агучыў неабходныя захады для паляпшэння сітуацыі.
Юлія Янушка. Фота аўтара