З тым, што лета — час адпачынку, не пагодзяцца не толькі аграрыі, але і абітурыенты. Для першых і другіх зараз па-сапраўднаму гарачая пара. Усё таму, што і работнікі поля, і былыя выпускнікі школ, па сутнасці, робяць заклад у будучыню. Адны — у харчовую, іншыя — у прафесійную. Якраз тых, хто марыць звязаць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай, і чакаюць у гэтыя дні ў Пружанскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы. Тут набірае абароты прыёмная кампанія-2024.
Спіс спецыяльнасцей, якія прапануюць будучым навучэнцам дзённай і завочнай формы, у параўнанні з годам мінулым застаўся нязменным. Па словах дырэктара ўстановы адукацыі Дзмітрыя Чайкоўскага, для тых, хто паступае пасля 9-га класа, іх чатыры. Дакументы на бюджэт у дадзеным выпадку прымаюць да 3-га, на платную форму атрымання адукацыі — да 13 жніўня ўключна.
На выбар былых 11-класнікаў — дзве спецыяльнасці, прычым толькі на бюджэтнай аснове. Абітурыентаў чакаюць па 6 жніўня ўключна. Традыцыйна прыём вядзецца па конкурсе сярэдняга бала атэстата, а найбольш запатрабаванай застаецца спецыяльнасць «Тэхнічнае абслугоўванне і рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі».

Якраз гэтую спецыяльнасць, адну на дваіх, выбралі і двайняты Раман і Руслан Мардані. Сёлета хлопцы скончылі Шарашоўскую СШ. Пра магчымасці каледжа даведаліся непасрэдна ад дырэктара Дзмітрыя Чайкоўскага, які прыязджаў у школу на прафарыентацыйнае мерапрыемства. Падаваць дакументы прыехалі са старэйшым братам Максімам і бацькам Уладзімірам Міхайлавічам, які працуе на шарашэўскім участку «Камунальніка». Кажа, што цікавасць да тэхнікі сыны праяўлялі з самага дзяцінства. Шанцы на паступленне самі хлопцы ацэньваюць як высокія, сярэдні бал кожнага — больш за 7,0. Прызнаюцца, што ў будучым хацелі б працаваць на Пружаншчыне, а на пытанне, ці не сустрэнемся з імі праз пару гадоў у полі як з лідарамі па намалотах сярод сямейных экіпажаў, адказваюць: хочацца гэтага.
Падаюць дакументы ў Пружанскі раён абітурыенты з усяго першага рэгіёна. Найбольш актыўныя — выпускнікі школ з суседніх раёнаў.

Напрыклад, падаваць дакументы на механіка на аснове агульнай базавай адукацыі прыехаў Іван Мікулік з Кобрына. На прафесійны выбар сына аказаў уплыў тата, які працуе вадзіцелем у адным з сельгаспрадпрыемстваў. Пружанскі каледж Іван разам з мамай Святланай Альфрэдаўнай разглядаюць як стартавы плацдарм на шляху да атрымання вышэйшай адукацыі. Прызнаюцца, што двойчы на дзень праглядаюць маніторынг падачы дакументаў, які, дарэчы, можна знайсці на абноўленым сайце ўстановы адукацыі uocollege.by.

А вось Максім Седун з Камянеччыны ўжо да паступлення ведае, дзе будзе працаваць. Хлопец узяў мэтавае накіраванне ў ААТ «Відамлянскае». І ў дадзеным выпадку, прызнаецца мама Ірына, сын любіць штосьці майстраваць, таму і настроены атрымаць у каледжы кваліфікацыю тэхніка-электрыка.
Дарэчы, план мэтавага набору, як адзначае Дзмітрый Чайкоўскі, сёлета павялічылі, плануюць набраць 107 такіх навучэнцаў на ўсе спецыяльнасці дзённай формы. Баяцца браць мэтавае накіраванне, запэўнівае дырэктар каледжа, не варта.
— Так, гэта тры, а не два гады адпрацоўкі пасля заканчэння каледжа, але ж і каласальны вопыт. Гэта па-першае. А па-другое, некаторыя з заказчыкаў кадраў яшчэ і стымулююць навучэнцаў. Многія з мэтавікоў, якія добра вучацца, атрымліваюць не толькі стыпендыю, але яшчэ і выплату ад будучага працадаўцы ў памеры да 10 базавых велічынь, — расказаў Дзмітрый Уладзіміравіч.

Па яго словах, перш за ўсё ў каледж паступаюць дзеці, улюбёныя ў вясковае жыццё і аграрную справу. У кожнай групе ёсць не адзін навучэнец з аграрнай дынастыі. Да таго ж, навучанне ў каледжы — магчымасць не толькі атрымаць сярэднюю спецыяльную адукацыю і практычны вопыт, але і праявіць сабе. І прыкладаў такіх нямала: штогод навучэнцы становяцца пераможцамі конкурсаў «Лепшы араты» і «ProfSkills». Гэта, у сваю чаргу, дазваляе ім паступаць у про-фільныя ВНУ без уступных іспытаў. А яшчэ навучэнцы маюць магчымасць прама ў каледжы атрымаць вадзіцельскія правы. У перспектыве ж у іх ёсць усе шансы заняць кіруючыя пасады. Да прыкладу, сённяшнія дырэктары «Агра-Калядзічаў», «Ліноўскага», «Пружанскага», «Роўбіцкага», «Радзімы» і не толькі заканчвалі Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж.
— Мы сочым за лёсамі нашых выпускнікоў і вельмі ганарымся іх поспехамі. І дасягаюць вяршынь, што прыемна, як хлопцы, так і дзяўчаты. Прыемна было чытаць матэрыялы рэспубліканскіх СМІ пра тую ж Наталлю Канавегу. Канечне, большасць нашых навучэнцаў — хлопцы, але ў спісе абітурыентаў ужо і гэтай прыёмнай кампаніі ёсць дзяўчаты. Запрашаем да нас у каледж. Спецыяльнасці, якія можна атрымаць тут, запатрабаваны не толькі ў нашым раёне, але і ва ўсёй краіне, а Пружанскі каледж — выдатны прафесійны старт у будучыню, — кажа адказны сакратар прыёмнай камісіі Алена Багдановіч.
Нам жа застаецца толькі нагадаць, што прыёмная камісія працуе штодзень, акрамя нядзелі, з 9 да 18 гадзін. Зрабіце правільны выбар, у Пружанскім каледжы вас чакаюць!
Уладзіслаў Шпарла.
Фота Кацярыны Масік
Больш фота: https://vk.com/album-23306785_303521211 і https://ok.ru/budni/album/981458684808