Понедельник, 2 декабря 2024

Гарачая музыка «Сонцастаяння»: грандыёзны рок-фестываль адгрымеў у Пружанах (+многа фота)

681

На цэлых двое сутак Пружаны пераўтварыліся ў сталіцу, можна сказаць, сусветнага року. Рок-фестывалем «Сонцастаянне» былі працяты гэтыя летнія дні.

Задоўга да часу «Ч», калі першыя фанфары адкрыцця свята рок-музыкі прагучалі з вялікай сцэны на стадыёне «Мухавец», прайшла падрыхтоўка да гэтага грандыёзнага дзейства. Пружанам пашанцавала ў тым плане, што горад яшчэ ў мінулым годзе добра падрыхтаваўся да фестывалю «Пружаны Фэст», затым — да «Вытокаў».

Не пакрыўлю душой, калі скажу, што было не сорамна перад вялікай колькасцю гасцей, якія з’ехаліся на фестываль. Не, дарэчы, былі і не зусім давольныя. Куды ж без іх? Бо і Сонца неаднолькава свеціць кожнаму. Але дробязі цьмянелі пад промнямі «Сонцастаяння».

Першыя акорды рок-фестывалю прагучалі ў пятніцу — пачаў чараду выступленняў наш знакаміты зямляк гітарыст May Lian.

Экспрэсія і мелодыка кампазіцый музыканта накіравала настрой у патрэбнае рэчышча: на сцэне будзе горача і зорна. Гэта пацвердзіў кіраўнік «Першай прадзюсарскай кампаніі» Дзмітрый Ракусаў. А яшчэ ён запэўніў, што «Сонцастаянне» возьме пастаянную прапіску ў Пружанах:

— Мы — за добрыя традыцыі, за развіццё рэгіёнаў. Таму ў мінулым годзе паспрабавалі запусціць «Пружаны Фэст» і гэты «блін» не стаў «камяком». Тады на фэсце пабывала амаль 18,5 тысячы гледачоў. Адкрыю тайну, мінулагодні рэкорд колькасці наведвальнікаў сёлета быў пабіты. Па афіцыйных дадзеных білеты набылі больш за 20 тысяч чалавек!

Ведаеце, трэба аддаць павагу артыстам, што прыехалі на фестываль. Тут сапраўды былі зоркі міжнароднай велічыні. Многія з іх з задавальненнем адказвалі на пытанні шматлікіх прадстаўнікоў СМІ. І ўсе як адзін гаварылі, што вельмі важна праводзіць такія фестывалі ў невялікіх гарадах, каб людзі мелі магчымасць убачыць рок-куміраў.

«Космасам» і «фантастыкай» назваў пружанскае «Сонцастаянне» саліст гурта «Goffman» Алег Арлоў.

— Фэст атрымаўся самым крутым у краіне і павінен атрымаць пастаянную прапіску ў Пружанах. Вялікі дзякуй усім, і арганізатарам, і тым, хто сабраўся паслухаць нашу музыку.

Лідар гурта «СерьГа» Сяргей Галанін таксама лічыць, што гэтае пачынанне трэба працягваць:

— Месца правядзення фестывалю выбрана вельмі добрае. Галоўнае, мяне ўражвае, што людзі сабраліся на «Сонцастаянне» цэлымі сем‘ямі, гэта вельмі важна.

— Быць рокерам — гэта крута і па-сапраўднаму! І вельмі рамантычна, — кажа лідар гурта «Сэнсавыя галюцынацыі» Сяргей Бабунец. — Пакуль ёсць моладзь, будуць і хлопцы з гітарамі, так што рок — вечны. І я вельмі рады, што мы выступаем на вялікім фестывалі ў Беларусі і паказалі тут усю моц Екацярынбургскага року.

Наогул, прызнаецца музыкант, Беларусь яму вельмі падабаецца, гэта казачная краіна з цудоўнай прыродай, дзе захаваліся хутары, гняздуюцца буслы, усё вельмі прыгожа і акуратна. Ён расказаў, што марыць праехаць на байку па нашай краіне і павіншаваў беларусаў з 80-годдзем вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і надыходзячым Днём Незалежнасці.

—Хачу, каб нашы краіны былі моцнымі, магутнымі і падтрым-лівалі адна адну, — падкрэсліў Сяргей Бабунец.

А на сцэне зоркі змянялі зорак. Жывы гук, 16 культавых гуртоў, розныя стылі, манера выканання, больш або менш знаёмыя кампазіцыі, нават фанаты дзяліліся па ўзросту і перавагах.

Аб‘ядноўвала ўсіх неверагодная энергетыка. Таму час ад часу галасы гледачоў — меламанаў з усёй Беларусі зліваліся ў дружны магутны хор.

«Браты Грым», «Чыж & Co», «Чёрный кофе», «Маральны кодэкс», лідар гурта «Агата Крысці» Вадзім Самойлаў, «КняZz», залаты склад гурта «Парк Горкага», «Sun Road», «СерьГа», «Goffman», «Сэнсавыя галюцынацыі», «Кіпелаў», «Bandиты»…

Дарэчы на Кіпелава прыехалі дзяўчаты з беларускага фан-клуба, разгарнулі сцяг гурта. І расказалі, што стараюцца бываць на ўсіх канцэртах любімых выканаўцаў.

Тыя, хто стамляўся ад музыкі, маглі бавіць час у шматлікіх фуд-кортах, каштаваць смачныя стравы, ласавацца марожаным. Хаця рок ёсць рок — «збегчы» ад гуку было немагчыма. Для зручнасці гледачоў са «стаячага» сектара арганізатары прывезлі драўляныя паддоны, якія выступілі ў ролі і крэслаў, і шэзлонгаў, і нават столікаў.

Гандлёвыя палаткі прапанавалі сувеніры, а таксама майкі, худзі, кепкі з сімволікай фестывалю, гуртоў.

Дарэчы, у дні фестывалю проста небывалы паток аўтамабіляў рушыў па трасе да Пружан, вырас попыт на наёмнае жыллё, дзе можна пераначаваць, але многія з іншагародніх гледачоў аддалі перавагу адпачынку з палаткай.

Цэлы палатачны гарадок вырас каля басейна за гарадскім паркам. Палаткі ўсталявалі і ў самім парку. Тут была свая атмасфера свята, пасля канцэртаў гучалі песні пад гітару. Так што жыццё бурліла да самай раніцы.

А месенджары застракацелі фотаздымкамі, відэа і водгукамі тых, каго проста перапаўнялі эмоцыі.

Варта аддаць належнае арганізатарам фестывалю: работа была праведзена проста грандыёзная.

Пракаменціравалі ход падрыхтоўкі і само свята, старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч і намеснік старшыні Руслан Супрыновіч. Расказвалі пра зробленае, аналізавалі памылкі (куды ж без іх), і зазіралі наперад — казалі пра далейшую работу па ўдасканаленні падрыхтоўкі да наступнага фестывалю.

— «Пружаны Фэст» быў трэніроўкай, а «Сонцастаянне» — сапраўдны экзамен, — падкрэсліў Міхаіл Міхайлавіч. — І гэты экзамен, мяркуючы па водгуках гледачоў, здадзены на «дзясятку»!

Адгрымелі два дні року. Насычаная атмасфера свята крыху стаміла, але гэта была прыемная стомленасць, са смакам добрага настрою. Час праляціць хутка. І мы будзем з нецярпеннем чакаць, калі зноў загучаць фанфары рок-фестывалю «Сонцастаянне», але ўжо 2025 года.

Віктар Ільюшчанка,

Уладзіслаў Шпарла.

Фота Кацярыны Масік

Вялікія фотаальбомы з «Сонцастаяння»: https://vk.com/album-23306785_303234034 і https://ok.ru/budni/album/980612566920