На жаль, тых, хто бачыў на свае вочы і памятае ў дэталях 22 чэрвеня 1941 года, ужо не шмат. З адным з іх – палкоўнікам ВПС Панамарэнкам Мікалаем Сямёнавічам – мне ўдалося пагаварыць. Вайну пачаў у Пружанах, а завяршыў у Берліне, больш за 35 гадоў аддаў арміі. А зараз вядзе жыццё 95-гадовага забытага Радзімай украінскага ветэрана.
Мікалай Сямёнавіч перанёс у жыцці шмат пакут і гора. Нарадзіўся ў 1921 годзе на Чарнігаўшчыне ў сялянскай сям’і пры незвычайных абставінах: бацька касіў жыта, а маці вязала снапы, ды там, у полі, і нарадзіла. У 9-гадовым узросце асірацеў. Цудам перажыў галадамор, да гэтага часу памятае, як страшным летам 1933-га людзі пухлі з голаду. Елі крапіву, лебяду, кветкі акацыі і шчаўе. Асобным радком у памяці застаўся 1937 год – год масавых рэпрэсій, жорсткасці і бязмежжа, калі людзі баяліся нават размаўляць адзін з адным.
У кастрычніку 1939 года Мікалая Сямёнавіча накіравалі служыць у Беларускую ваенную акругу, у 197 батальён аэрадромнага абслугоўвання (БАА) 7-й авіябазы, якая размяшчалася ў г. Пружаны і абслугоўвала 33 знішчальны авіяцыйны полк.
Як успамінае ветэран, напярэдадні вайны становішча на мяжы было бядотнае. Полк быў укамплектаваны даволі слаба: 44 самалёты Іл-16, 14 «Чаек» (І-153) і толькі два Міг-3. Прычым вучоба на іх праходзіла вельмі абмежавана. З-за недахопу новых самалётаў вылецець самастойна і адпрацаваць баявое прымяненне да пачатку вайны змаглі толькі некалькі лётчыкаў з 58, якія ўваходзілі ў склад палка.
Былі і іншыя прамашкі. Арганізацыя супрацьпаветранай абароны аэрадромаў знаходзілася ў запушчаным стане. Самалёты былі размешчаны па перыметры аэрадрома, а кулямётныя спаркі – на ўскрайку (падчас налёту 22 чэрвеня яны адразу былі знішчаны). Адсутнічалі і сродкі элементарнай маскіроўкі.
Напярэдадні вайны пачасціліся разведвальныя палёты нямецкай авіяцыі над памежнай зонай. 29 сакавіка 1940 года НКУС аддаў загад зброі не ўжываць, парушэнне межаў не фіксаваць, палёты савецкіх самалётаў над мяжой забараніць. Тым не менш, 18 чэрвеня 1941 года камандзір 43 дывізіі палкоўнік Г.Захараў праляцеў уздоўж мяжы акругі і правёў разведку прымежнай паласы. Усе прылеглыя раёны былі забітыя нямецкай тэхнікай і войскамі. Не заставалася сумненняў у набліжэнні вайны, але дырэктыва зверху аб прывядзенні войскаў у баявую гатоўнасць прыйшла занадта позна.
Сувязь штабоў з авіяцыйнымі часцямі падтрымлівалася ў асноўным пры дапамозе правадоў, пры гэтым ні адзін з аператыўных аэрадромаў не меў выхаду на правадную сувязь з галоўным штабам акругі. Больш таго, армія арандавала тэлефонна-тэлеграфную сувязь грамадзянскіх ведамстваў. Чым і скарысталіся дыверсанты. У гадзіну ночы 22 чэрвеня дзяжурны нібыта з дывізіі атрымаў тэлеграму: «Камандзіру палка ў 4.00 выканаць «Т» (два белыя палотнішчы, выкладзеныя літарай “Т”, якія паказвалі на пачатак паласы) для прыёму самалётаў». Як аказалася – нямецкіх. Нейкім цудам дзяжурны не паспеў перадаць загад камандзіру.
Тое, што здарылася далей, урэзалася ў памяць, як кажа ветэран, навечна, зрабіўшы 22 чэрвеня і ноч на 23 чэрвеня 1941 года найбольш памятнымі і трагічнымі з усіх франтавых дзён і начэй:
«На світанку мы пачулі гул бамбавікоў. У неба адразу падняліся І-16 дзяжурнага звяна, якім камандаваў С.Гудзімаў. Ён без ваганняў урэзаўся ў баявы парадак бамбавікоў і атакаваў «Хенкель», які задымеў і каменем пайшоў да зямлі. Гудзімаў тут жа зайшоў у хвост другому самалёту, але трапіў пад ураганны агонь. У адказ, расстраляўшы ўсю абойму, пратараніў «Хенкель», першым адкрыўшы лік збітых варожых самалётаў у вайне.
Пачалася бамбёжка аэрадрома. Гэта было сапраўднае пекла. Фашысты заходзілі адзін за адным, узлётная паласа была моцна пашкоджана, на стаянках гарэлі самалёты. Вакол ляжала шмат забітых лётчыкаў і тэхнікаў. Яшчэ больш было параненых. Адзін з Міг-3 згарэў на аэрадроме, іншы быў зрашэчаны кулямі, пад ім ляжаў тэхнік з распоратым асколкам жыватом. Я быў кантужаны выбуховай хваляй, а потым паранены асколкам у галаву. Мяне адцягнулі ў хмызняк, дзе ўрач дастаў асколак і зрабіў перавязку. Людзі кідаліся, шукалі выратавання і сховішча, але іх не было…
Здавалася, гэтаму жаху не будзе канца. Але раптам наступіла зацішша, самалёты зніклі, пакінуўшы стогны і крыкі цяжкапараненых».
Дарэчы, Мікалай Сямёнавіч цалкам адмаўляе факт дыверсіі, нібыта зробленай на аэрадроме, пра якую цяпер любяць казаць некаторыя даследчыкі-«відавочцы»: быццам бы самалёты былі запраўлены вадой, пашкоджаны, таму і не здолелі ўзляцець.
«Праз паўгадзіны другі налёт. Група Ме-109 ляцела беспакарана, бо з-за пашкоджання ўзлётнай паласы ацалелыя самалёты не змаглі ўзляцець і былі знішчаны на зямлі. Быў узарваны і склад боепрыпасаў. Тыя лётчыкі, што засталіся ў жывых, з адным пісталетам ТТ былі асуджаны на смерць або палон. Некалькі ацалелых самалётаў тэхнікі перакацілі на руках у хмызнякі і пералескі за мяжу аэрадрома.
У канцы дня, калі былі чутны ўжо стрэлы падыходзячых да аэрадрома часцей праціўніка, паступіў загад пакінуць аэрадром. Адыходзілі як маглі, усе, хто мог рухацца. Засталіся цяжкапараненыя і ваенныя ўрачы. На ўсё жыццё я запомніў словы начальніка медыцынскай службы жанчыны-ваенурача, якая на загад адыходзіць адказала: “Я застаюся з параненымі, пакінуць іх – значыць, здрадзіць”.
Мне аддалі загад вывезці жывых лётчыкаў. Заправіўшы ЗІС-5 з бакаў іншых пашкоджаных машын, мы разам з дваццаццю лётчыкамі і тэхнікамі адправіліся ў шлях. Адыходзячыя рухаліся калонай на Слуцк. Насустрач нам імчаўся аўтамабіль, у кузаве якога знаходзілася некалькі чалавек у чырвонаармейскай форме. Яны махалі рукамі і крычалі: «Назад! Назад! Наперадзе нямецкі дэсант». Некаторыя машыны павярнулі. Але, праехаўшы з паўсотні кіламетраў, мы не сустрэлі ніякага дэсанту. Сустрэнутыя намі салдаты аказаліся дыверсантамі. Тыя, хто павярнуў, – трапілі ў пекла…
Страшнымі былі тыя чэрвеньскія дарогі 41-га года. Бясконцыя натоўпы ўцекачоў, напалоханых, галодных жанчын, старых, дзяцей. 4-я армія была падобная на дажджавога чарвяка, парэзанага на кавалкі, кожная частка якога варушылася і рухалася сама па сабе. Галоўны штаб патрабаваў дзейнічаць так, каб “не сорамна было далажыць Сталіну”. Амбіцыйныя загады штабістаў, якія не мелі пастаяннай сувязі з дывізіямі, навязвалі войскам пагібельную справу.
Так для мяне пачалася вайна».
За выратаванне лётнага і тэхнічнага саставу Мікалай Панамарэнка атрымаў медаль «За адвагу», а выратаваныя ім лётчыкі 33-га авіяпалка працягнулі сваю баявую біяграфію. Пасля са зводак яны даведаліся, што ў першы дзень вайны дзве нямецкія эскадрыллі спалілі на аэрадромах у Пружанах і Купліне 128 самалётаў. Такая доля спасцігла ўсе аэрадромы ўздоўж мяжы.
Аналізуючы ўсе вядомыя сёння прычыны нашых першых ваенных няўдач, Мікалай Сямёнавіч дадае яшчэ адну – няўменне ваяваць. Усе намаганні да вайны зводзіліся да павелічэння колькасці войскаў і штабных вучэнняў на картах.
– Памяць раз за разам вяртае мяне да гэтых драматычных дзён. Кожны раз думаю пра шчасце, якое мне падарыў лёс – застацца ў жывых…
На здымках:
Радавы Мікалай Панамарэнка, 1940 год. Палкоўнік М.С.Панамарэнка, фота 2008 года; З праўнучкай Насцяй
Фота з архіву сям’і прадаставіў сын ветэрана – Панамарэнка Генадзь Мікалаевіч, галоўны фізіятэрапеўт Міністэрства абароны РФ, доктар медыцынскіх навук, прафесар.
Алена Зялевіч