Бронзавую ўзнагароду першага этапа Адкрытага Кубка Рэспублікі Беларусь па фігурным катанні заваявала спартсменка пружанскай СДЮШАР № 2 Ганна Калінка.

Турнір з 5 па 8 верасня праходзіў на сталічнай «Малінаўка-Арэне». Ганна Калінка змагалася ў катэгорыі майстроў спорту. Саперніцамі былі яшчэ пяць мацнейшых фігурыстак краіны. Сярод іх у тым ліку ўдзельніца зімовай Алімпіяды-2022 Вікторыя Сафонава.
У мінулы чацвер Ганна выступіла з кароткай праграмай, па выніках якой размясцілася на другім радку прамежкавага пратакола. У пятніцу прадставіла адвольную, пасля якой стала трэцяй. У сукупнасці два выступленні дазволілі выхаванцы аддзялення фігурнага катання СДЮШАР № 2 г. Пружаны заваяваць бронзавую ўзнагароду і заняць трэцяе месца па выніках першага этапа Адкрытага Кубка Рэспублікі Беларусь па фігурным катанні.

Удвая прыемны гэты поспех яшчэ і таму, што Ганна была адзінай прадстаўніцай рэгіянальнай школы фігурнага катання ў сваёй катэгорыі. Трэнерамі фігурысткі, якая з гэтага навучальнага года яшчэ і студэнтка 1 курса спецыяльнасці «Мытная справа» эканамічнага факультэта БрДТУ, з’яўляюцца Вольга Уважаная і Таццяна Хадаровіч.
Варта сказаць і пра выступленні хлопцаў. Абсалютным чэмпіёнам турніру стаў ураджэнец Пружан Яўген Пузанаў. На другім радку — Васіль Барахоўскі. Абодва фігурысты — выпускнікі пружанскай СДЮШАР № 2 і члены асноўнага складу нацыянальнай каманды Беларусі па фігурным катанні.
Нагадаем, што зараз аддзяленне фігурнага катання працягвае набор хлопчыкаў і дзяўчынак 5-6 гадоў у групы пачатковай падрыхтоўкі. Калі ў вас ёсць жаданне прывесці дзіця на прагляд, звязвайцеся з трэнерамі па нумарах: +37529-721-66-37 (Вольга Анатольеўна) і +37529-723-80-51 (Таццяна Уладзіміраўна).
Уладзіслаў Шпарла.
Фота Кацярыны Масік і Беларускага саюза канькабежцаў