Суббота, 5 октября 2024

Ганна Антонаўна Літвіновіч

320
Калі рукі — не для суму. У доме Ганны Літвіновіч шмат вырабаў, зробленых уласнаручна.

Напачатак я прапаную табе, шаноўны чытач, пачытаць гэты артыкул, адлюстраваным у люстэрку. Хаця б вялікія літары загалоўка. Прачытаў? Насамарэч, як бачыш, гэта не вельмі проста. А можаш прачытаць адлюстраваны дробны газетны тэкст? Між тым, у Пружанах жыве жанчына, для якой падобны занятак нароўні з гульнёй. Адлюстраваныя тэксты яна чытае гэтак жа лёгка, як звычайныя, надрукаваныя ў газеце ці кнізе. У свой час такі занятак быў часткай яе прафесіі. Ганна Антонаўна Літвіновіч 28 гадоў адпрацавала лінатыпісткай у Пружанскай гарадской друкарні.

Музыка гарачых літар

Лінатып, калі хто не ведае, гэта вялікі станок з наборнай клавіатурай, з дапамогай якога рабілі нашу газету ў «дакамп‘ютарны» час. Ён нечым падобны на ткацкі, але «тчэ» не тканіну, а набраныя літары і радкі, якія потым выплаўляюцца з металу ў люстраным выглядзе. Безумоўна, ужо «нармальныя», адціснутыя ў гранках тэксты потым старанна вычытвалі ў рэдакцыі — карэктар, дзяжурны па нумары і, нарэшце, рэдактар газеты. Але за тым, каб памылак у іх было як найменш, пільна сачылі і наборшчыкі: набіраючы радкі, іх перачытвалі. Я добра памятаю, што нашы карэспандэнцкія артыкулы, набраныя на лінатыпе Ганнай Антонаўнай, праходзілі ў газету амаль без наступнай праўкі.

Гэта зараз на дапамогу паліграфістам прыйшла камп‘ютарная тэхніка, але нават у 80-я гады мінулага стагоддзя пра яе нават не марылі. Што ўжо казаць пра 1960-я. Работа лінатыпіста была не проста складанай, але і адносілася да шкодных. Штодзень побач быў свінцовы сплаў, разагрэты амаль да 300 градусаў. За шкоднасць лінатыпістам выдавалі малако (якое пазней замянілі на яблычны сок), яны на пяць гадоў раней належнага тэрміну выходзілі на пенсію.

— Але я вельмі любіла сваю работу, — усміхаецца Ганна Антонаўна. — Ты ж памятаеш, з якім прыемным перазвонам падалі ў латок гатовыя радкі? Для мяне гэта было як музыка!

«Ты памятаеш?»

Мы былі рознымі калектывамі — рэдакцыя і друкарня. Але шмат гадоў працавалі ў адным будынку па вуліцы Свабоды: друкарня на першым паверсе, рэдакцыя на другім. І былі адной камандай, разам рабілі агульную справу — выпускалі раённую газету. Таму словы «Ты памятаеш?» раз-пораз гучаць у нашай размове з Ганнай Антонаўнай.

Яна з цеплынёй успамінае карэктара газеты Любоў Ярмут: «Ніводная памылка ад яе не магла схавацца!» Наборшчыцу Соф’ю Марозаву, друкароў Мікалая Гульковіча, Мікалая Дарашэнку, Леаніда Карнелюка, вярстальшчыц Марыю Андраюк і Ніну Стасевіч, сваіх першых настаўнікаў лінатыпістаў Алу Кісялевіч і Веру Бурмістраву…

За наборнай касай.

— А памятаеш, як аднойчы…

І ўзгадвае вось такі выпадак. Марыя Уладзіміраўна Андраюк па зададзеным адказным сакратаром рэдакцыі Іосіфам Аронавічам Хазаном макеце вярстала газетную старонку. На той час звярстаць — гэта значыць, з вылітых на лінатыпе радкоў, з металічных клішэ фотаздымкаў, сабраных з асобных літар загалоўкаў, розных лінеек і адбівак скласці і замацаваць у трывалую рамку старонку газеты. Важыла такая металічная старонка кілаграмаў 16. Яе трэба было несці ў друкарны цэх, дзе Мікалай Уладзіміравіч Гульковіч рабіў водціск для карэктарскага чытання. Дык вось, аднойчы ці то рамка была слаба замацавана, ці то па якой іншай прычыне, але металічны набор упаў і рассыпаўся па падлозе. Уяўляеце, што было? Тыя літаркі, рамачкі і радочкі збіралі ўсе, хто дзяжурыў па нумары! Дахаты разыходзіліся апоўначы.

Урэшце, падобныя спазненні для дзяжурных па газеце не былі навіной. Здаралася, у апошні момант мянялі артыкул ці чакалі тэрміновы матэрыял, які трэба было здаць абавязкова ў нумар… Вядома ж, чытачы газеты ўсяго гэтага не ведалі. «Раёнку» яны павінны былі атрымаць заўсёды ў тэрмін.

Я, быццам было ўчора, бачу, як літаральна ўзлятае на наш другі паверх да адказнага сакратара заўсёды вясёлая і прыгожая Ганна Антонаўна: тоўстая каса замацавана на галаве кошыкам, губы акуратна падфарбаваны, цёмны халат не хавае зграбнай і лёгкай постаці:

— Іосіф Аронавіч, у мяне набор закончыўся!

Яна пайшла на заслужаны адпачынак, калі пачалася эпоха новых тэхналогій і газету пачалі друкаваць у Брэсце — лінатыпісты ўжо былі непатрэбны. Але і будучы на пенсіі Ганна Антонаўна не сядзела без справы: яшчэ 10 гадоў адпрацавала санітаркай у палаце нованароджаных радзільнага аддзялення Пружанскай раённай бальніцы — вось тут і спатрэбіліся медыцынскія курсы, якія скончыла раней…

Пра гэтае «раней» — свае ўспаміны.

Лінатыпысты Пружанскай друкарні Ганна Літвіновіч і Ганна Дарашэнка.

Малюнкі ваеннага дзяцінства

Ганначцы якраз споўнілася два гады, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна.

— Можаш не паверыць, але дзіцячая памяць захавала некалькі малюнкаў з таго часу так цэпка, быццам усё было ўчора. Вось адзін: тата стаіць ля сцяны і на яго нацэлены варожыя аўтаматы. Мама крычыць, плача, падае на калені, просіць за тату. Ён працаваў абходчыкам на чыгунцы, і здарылася некалькі падрываў якраз на яго тэрыторыі. За тое, што недаглядзеў, фашысты прыгаварылі да расстрэлу. Што ўратавала, да цяперашняга часу невядома. Можа, галашэнне і просьбы мамы? Абодва яны дажылі да глыбокай старасці і памерлі ў адзін дзень: ранкам — маці, а вечарам — бацька…

А вось другі малюнак вайны з памяці Ганны Антонаўны Літвіновіч: гарыць іх клуня. Здаецца, не варта здзіўляцца. Вайна. Але там захоўваліся практычна ўсе самыя каштоўныя рэчы, якімі валодала сям‘я. У тым ліку зерне, крупы, мука… Гаварылі, што ў вёсцы з’явіўся чырвонаармеец — уцякаў ад немцаў. І быццам бы ён схаваўся ў гэтай клуні. Таму яе фашысты і падпалілі. Тады вялікую сям’ю: бабулю, бацьку з маці і чацвёра дзяцей (самай малодшай Ганначцы ўжо было тры гады) забраў да сябе на хутар дзядуля — мамін бацька.

— Жылі дружна, — успамінае той час Ганна Антонаўна. — Усе працавалі. А мы, малыя, каб перабіць голад, збіралі і смажылі збожжавыя каласкі…

І трэці малюнак:

— Мне моцна хочацца піць. Дзіця ж! Крычу, патрабую ў мамы: «Піць!» А немец: «Шнэль! Шнэль!» — некуды нас гоніць. Гэтае «шнэль» я навучылася вымаўляць, напэўна, разам са словам «мама»… Наогул вайна не абышла нашу сям‘ю. Дзядзька Іван — мамін брат — загінуў пры вызваленні Польшчы, другі дзядзька Анатоль дайшоў да Берліна, прынёс з вайны кулю ў лёгкім, і дзядзька Мікола таксама ваяваў і вярнуўся.

Ваўкоў баяцца —у школу не хадзіць

Пасля вайны бацькі пабудавалі новую хату ў роднай вёсцы Кутнявічы. Дзеці пайшлі ў школу. Яна размяшчалася ў лепшай на той час вясковай хаце Мані Прасціцінай. Чатыры класы Ганна вучылася ў Кутнявічах, потым — у сямігодцы ў Ткачах, а ў старэйшых класах — у Малечы.

— Зімою ў Малеч за шэсць кіламетраў мы хадзілі з квачамі. Запальвалі іх, каб не сустрэцца з ваўкамі, — расказвае Ганна Антонаўна. — Цяжка было, але вельмі хацелася вучыцца. Марыла: навучуся добра лічыць і буду працаваць прадаўцом, каб уволю наесціся салодкага. Ды пасля заканчэння дзесяцігодкі тата не дазволіў ісці ў гандаль. Маўляў, апошнюю карову за твае пралікі я прадаваць не намераны…

Тым часам у вёсцы з’явіўся новы фельчар, Пётр Літвіновіч, і… маладзенькая Ганна выйшла замуж. Нарадзілася дачка Святланка. Вось тады і пайшла на курсы медсясцёр, што адкрыліся ў Пружанах. Але працаваць у медыцыне ёй не дазволіў ужо муж. Уладкаваў у друкарню.

Жыццё з мужам не было гладкім. Праз пэўны час сям‘я распалася, Ганна Антонаўна засталася адна.

Заўсёды сярод людзей

Уяўляю, як не спадабаецца маёй суразмоўцы гэтае слова: «адна»! Таму што насамрэч адной яна ніколі не была. Ініцыятыўная, кампанейская, вясёлая, яшчэ ў вёсцы была лепшай танцоркай і спявачкай. Прыйшоў адпаведны ўзрост — і стала ўдзельніцай знакамітага хору ветэранаў «Чырвоны гваздзік». А з 2016 года, калі адкрылася ў Пружанах аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту, актыўна пачала яго наведваць: трэнажоры, камп’ютарны гурток, гурток вывучэння італьянскай мовы, клубы крэатыўнага рукадзелля, «Магія кулінарыі», «Тонус», духоўныя гутаркі, паэтычныя святы… Навучылася плясці макрамэ, працаваць з папяровай саломкай. Без удзелу Ганны Антонаўны і цяпер не абыходзіцца ніводная выстава ў аддзяленні, а гумарэскі, з якімі выступае (дзе толькі знаходзіць такія вершы і байкі), вельмі дарэчы ўпісваюцца ў творчыя праграмы.

Вельмі важна, што ў гэтай актыўнасці яе падтрымлівае муж Васіль Мікалаевіч Півень. Ды і сам з задавальненнем удзельнічае ў многіх мерапрыемтвах. Яны разам ужо 30 гадоў і сапраўды, як дзве палавінкі…

85. Кропку ставіць вельмі рана

Усё. Трэба ўжо ставіць кропку. А не хочацца. Таму што пра гэтую жанчыну можна расказваць бясконца. Прыемна, што добры адрэзак часу мы правялі з ёю разам, робячы адну справу: выпускаючы нашу любімую «раёнку». Прыемна, што цяпер ёсць падстава праз газету павіншаваць Ганну Антонаўну з юбілеем: 21 чэрвеня ёй споўнілася 85 гадоў! Яна, па сутнасці, равесніца нашай газеты, якая будзе адзначаць свой юбілей у кастрычніку. Здароўя вам, любая каляжанка, даўгалецця! Толькі радасцей ад вашых родных і блізкіх! Няхай ніколі не высыхае рэчка вашай дабрыні, спагадлівасці і энергіі!

Ганна Хадаровіч. Фота Ірыны Сядовай і з архіву Г.А.Літвіновіч