Суббота, 8 февраля 2025

Ганна Андрусевіч з Пружан прыняла ўдзел у рабоце форуму «Маладыя парламентарыі — позірк у будучыню Садружнасці» у Санкт-Пецярбургу і падзялілася ўражаннямі

389

Міжнародны міжпарламенцкі форум дзяржаў — удзельнікаў СНД «Маладыя парламентарыі — позірк у будучыню Садружнасці» прайшоў на мінулым тыдні ў Санкт-Пецярбургу.

У прыгожым і велічным Таўрычаскім палацы на працягу двух дзён маладыя людзі з дзевяці краін абмяркоўвалі ідэі і праекты, варыянты актыўнага ўзаемадзеяння маладзёжных парламентаў і цеснага супрацоўніцтва.

У склад беларускай дэлегацыі ўвайшло 12 чалавек. Гонару пабываць на мерапрыемстве ўдастоілася і намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ЦТДМ г. Пружаны і член маладзёжнага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў Ганна Андрусевіч. Адметна, што яна была адзінай прадстаўніцай маладзёжнага парламента невялікага горада Беларусі.

Праграма форуму была вельмі насычанай: шматлікія пасяджэнні, «круглыя сталы», работа па секцыях. Удзельнікі далучаліся да абмеркавання ідэй і праектаў і ў рэжыме анлайн. Таксама кожная краіна-ўдзельніца падрыхтавала выставу, на якой прадставіла сваю культуру і традыцыі. У гонар 30-годдзя Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў — членаў СНД і 10-годдзя Маладзёжнай міжпарламенцкай асамблеі на тэрыторыі Таўрычаскага саду ўдзельнікі форуму высадзілі кветкі і заклалі алею. Насычанай была і культурная праграма мерапрыемства. У апошні дзень форуму яго ўдзельнікі прынялі выніковую рэзалюцыю.

— Паўдзельнічаць у мерапрыемстве такога маштабу было вельмі карысна і цікава. У першую чаргу, для далейшай работы ў якасці маладога парламентарыя. Мы абмяняліся ідэямі, убачылі прэзентацыі пра самыя паспяховыя праекты, рэалізаваныя моладдзю Расіі, Арменіі, Азербайджана, Туркменістана, Узбекістана і іншых краін. Спадзяюся, што супрацоўніцтва будзе працягвацца і ў далейшым, — падзялілася эмоцыямі па выніках форуму Ганна Андрусевіч.

Уладзіслаў Шпарла