Напярэдадні 80-гадовага юбілею Вялікай Перамогі кіраўніцтва раёна разам з прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый ушаноўваюць ветэранаў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, тых, хто пакутаваў у варожым палоне, хто перанёс блакаду Ленінграда.

З кожным годам усё менш становіцца сведкаў той страшэннай вайны, гераічных салдат Вялікай Айчыннай. Таму мы так трапятліва адносімся да кожнага з іх.
Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Павел Афанасьевіч Новікаў сустракаў шматлікіх гасцей разам з унучкай і праўнучкай. Павіншаваць ветэрана прыехалі член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Аляксандр Пішч, старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Наталля Чарэшка, старшыня раённай арганізацыі ГА «Белая Русь» Таццяна Кашкан, старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Яцкевіч, старшыня раённай арганізацыі ГА «Чырвоны крыж» Алена Дзмітрыева, дырэктар Пружанскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Нэлі Педчанка.

Ваенны камісар Пружанскага раёна Кірыл Шаўчэнка ўручыў ПаўлуАфанасьевічу юбілейны медаль «80 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.».
Выхаванцы ваенна-патрыятычнага клуба з СШ №1 імя ЧБВА запэўнілі, што моладзь прымае эстафету гераічнага мінулага ад ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Нашчадкі абяцаюць гэтую памяць пранесці праз гады і перадаць сваім дзецям і ўнукам.
Колькі было віншаванняў, кветак, падарункаў, у тым ліку ад Аляксандра Пішча і ўсяго ААТ «Жураўлінае»!
У госці да ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны Герасіма Савельевіча Шмулянкова прыехаў старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, а таксама кіраўнікі і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, байцы ваенна-патрыятычнага клуба.
У адрас ветэрана гучалі цёплыя словы. Міхаіл Грышкевіч запэўніў, што ў краіне робяць усё, каб на беларускую зямлю ніколі не ступіла нага салдата-заваёўніка. Беларусь памятае раны, нанесеныя Вялікай Айчыннай вайной. Такое не паўторыцца ніколі.
Герасім Савельевіч дзяліўся сваімі ўспамінамі аб мінулым. А яшчэ падпяваў артыстам аўтаклуба, якія спявалі такія любімыя для ўсіх песні ваенных гадоў.
Віншаванні і падарункі напярэдадні свята таксама прымалі Лідзія Васільеўна Гуга, Лідзія Дзмітрыеўна Фефілава, Юлія Леанідаўна Кузняцова, Вольга Варфаламееўна Баран, Надзея Канстанцінаўна Баглай, Валянціна Мікалаеўна Бубенчык, Лідзія Іванаўна Васіленка, Вера Уладзіміраўна Гаўра, Валянціна Іванаўна Засядацель, Яўгенія Паўлаўна Казлоўская, Іван Мікалаевіч Краўчук, Ніна Вікенцьеўна Лучкова, Аля Паўлаўна Чаргейка, Алена Кляменцьеўна Сачко, Алена Лявонцьеўна Гарэйка. Усе яны перанеслі жахі той крывавай і знішчальнай вайны, у тыле кавалі нашу Перамогу.
Заўтра мы ў святочным маршы пройдзем па вуліцах Пружан. Вялікую Перамогу называюць святам са слязьмі на вачах. Але гэта і слёзы радасці за тое, што змаглі адстаяць мір і незалежнасць, не скарыліся фашысцкай навале і ніколі не скарымся. На тое мы і нашчадкі салдат Вялікай Перамогі.
Віктар Ільюшчанка.
Фота аўтара