Вельмі рада была ўбачыць на грандыёзным канцэрце, прысвечаным 590-годдзю Пружан, выступленне гітарыста May Lianа. Для некага гэта музыкант з сусветна вядомым імем, а я яго памятаю як свайго вучня Юрачку Маіляна.
У 1970-х я працавала ў пружанскай СШ № 3 і была класным кіраўніком у класе, дзе ён вучыўся. Інакш як хлопчык-энергія яго і назваць было немагчыма. Ужо тады без гітары ў руках яго рэдка калі можна было ўбачыць, і я заўсёды ведала, што ў Юрыя вялікая будучыня.
Падчас канцэрта плакала, перажывала неверагодныя эмоцыі, узгадвала і гэтую вечную гітару ў школе, і тое, як былы вучань аднойчы прывёз мне на 50-гадовы юбілей букет цюльпанаў – 50 штук…
Крыху засмуцілася сярод вялікай колькасці народу і не падышла, каб абняць цябе, Юрый. Дзякуй за задавальненне ад тваёй музыкі, дзякуй арганізатарам такога цудоўнага фэста!
Надзея Іванаўна Казлоўская, ветэран педагагічнай працы