Суббота, 15 марта 2025

Ганаровы донар Алена Нядведская: «Хочацца, каб у нашым грамадстве развівалася культура донарства і разуменне таго, хто такія донары»

451

14 чэрвеня адзначаецца Дзень донара — свята людзей, якія ратуюць жыцці іншых, аддаючы сваю кроў. Наогул донарам быць ганарова, а тыя, хто носіць званне ганаровага донара, дастойны ўсялякай павагі і захаплення.

Сярод такіх — і Алена Нядведская. Жанчына прызнаецца, што ўпершыню рашылася на падобную працэдуру ў студэнцкія гады.

Ганаровы донар Алена Нядведская.

— Ведаеце, вырашыла тады паспрабаваць здаць кроў, каб не камусьці, а найперш сабе даказаць, што магу гэта зрабіць, — дзеліцца Алена Віктараўна. — Страшна? Не, не было, я не баюся, калі бачу кроў.
З таго часу прайшло больш за 30 гадоў. Цяпер жанчына з’яўляецца ганаровым донарам.

— Дзяўчаткі мяне ўжо даўно ведаюць (так ласкава называе Алена Віктараўна медперсанал трансфузіялагічнага аддзялення), быў перапынак нядоўгі, па стане здароўя. А так — я заўсёды гатова. І заўсёды раблю гэта бязвыплатна. Ведаеце, ніякага пачуцця няма, што табе хтосьці за штосьці павінен. Для мяне — гэта сапраўды вялізнае жаданне дапамагчы людзям, — кажа донар.

Згодна з заканадаўствам, у Рэспубліцы Беларусь у ганаровых донараў ёсць пэўныя льготы. Аднак, як расказала субяседніца, яна рэдка імі карыстаецца:

— Пасля здачы крыві я адчуваю сябе добра, відаць, арганізм да такіх працэдур прывык. Ніяк спецыяльна аднаўляцца не трэба. Вядома, імкнешся цяжкага не паднімаць, пакуль на руцэ павязка, дадаеш пэўныя прадукты ў сваё меню (для ўзняцця гемаглабіну). Вось і ўсё. Таму я практычна ніколі не брала «донарскія» дні, ды і іншыя льготы рэдка выкарыстоўваю.

Донарства, асабліва бязвыплатнае, — гэта свядомая магчымасць людзей па загадзе сэрца і душы, а не з асабістых інтарэсаў, аказаць дапамогу тым, хто апынуўся ў бядзе. Таму хочацца, каб у нашым грамадстве развівалася культура донарства, культура разумення, хто такія донары і наколькі важная іх, здавалася б, нябачная «місія».

— Я лічу, што донарства — гэта справа кожнага. Ніякай шкоды для арганізма няма, пры ўмове, вядома, што чалавек здаровы. Таму ўсе тыя, хто можа падзяліцца сваёй крывёй на карысць іншых, — не бойцеся! Гэты працэс зусім не страшны, а вынік яго вельмі патрэбны, — адзначае Алена Віктараўна.

Вольга Вадзяновіч. Фота Кацярыны Масік