Суббота, 18 января 2025

Гамельчанін, якія сарваў Дзяржаўны сцяг з магазіна ў Пружанах, прыгавораны да арышту на 3 месяцы

306

Адна з «заходніх каштоўнасцей», да якіх імкнуцца некаторыя прадстаўнікі нашага грамадства, некалі прагучала ў перадвыбарным выступленні Джона Кенедзі: «He пытай, што твая Радзіма можа зрабіць для цябе, спытай сябе, што ты можаш зрабіць для сваёй Радзімы». І на захадзе нават апазіцыянеры ці дысідэнты прытрымліваюцца правіла, што іх краіна — найвышэйшая каштоўнасць. Нягледзячы на згоду-нязгоду з палітычным курсам яе эліты.

Вось толькі нашы «змагары за дэмакратыю» ідуць па іншым шляху: чым больш смецця і брыдкіх слоў выльеш на сваю Радзіму, тым большы ты дэмакрат. Даходзіць нават да самых чорных учынкаў — ганьбы Дзяржаўных сімвалаў. Чым мог пашкодзіць нацыянальны сцяг 27-гадоваму гамельчаніну? На гэта следства не знайшло адказу, калі разбіралася з учынкам маладога чалавека, які ноччу напрыканцы чэрвеня сарваў сцяг з фасада аднаго з магазінаў Пружан і кінуў яго на зямлю.

Потым зламыснік пакаяўся, прызнаўся, што не кантраляваў сябе, таму што знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення. Аднак, як сцвярджаюць медыкі, спіртное не падштурхоўвае чалавека рабіць тое, што яму не было вядома, алкагольныя пары проста здымаюць этычныя і маральныя абмежаванні. Значыць, сумленне грамадзяніна не моцна і супраціўлялася такому ўчынку.

Трэба нагадаць, што ў Злучаных Штатах Амерыкі, якія для некаторых выступаюць у якасці «правадыра дэмакратыі», за здзек над Дзяржаўнымі сімваламі адзін грамадзянін нядаўна быў прыгавораны да 16 гадоў турэмнага зняволення.

Пружанскі суд у дачыненні да гамельчаніна вынес не настолькі «дэмакратычны» прысуд — пакаранне ў выглядзе арышту на тры месяцы. Магчыма, такі тэрмін быў дадзены на абдумванне свайго ўчынку.

Прыгавор не ўступіў у законную сілу, можа быць абскарджаны і апратэставаны у апеляцыйным парадку.

Аляксандр Вярбіцкі, пракурор раёна