Среда, 26 марта 2025

Галоўны рэдактар «Раённых будняў» адказаў на пытанні пружанскіх школьнікаў

222

Адказваць на пытанні, асабліва калі іх задае моладзь, не вельмі і проста. З юнакамі і дзяўчатамі трэба быць адкрытым, бо фальш яны адчуваюць тонка.

Да ўдзелу ў ток-шоу «100 пытанняў даросламу», якое арганізуе і праводзіць узорная кантакт-студыя тэатралізавана-інтэлектуальнай гульні «Teens-фармат», мяне запрасіла адна з кіраўнікоў — Наталля Іванцова. Я ёй удзячны за гэта. Бо, нягледзячы на хваляванне, адчуў сапраўднае задавальненне ад зносін з моладдзю. Зарадзіўся энергіяй, маладым задорам.

Гэта добра, што жывы дыялог з вучнямі школ г. Пружаны не ператварыўся ў нуднае, фармальнае мерапрыемства: вядучая задавала падрыхтаваныя пытанні, а я адказваў на іх дзяжурнымі фразамі. Не, прысутныя ў зале Палаца культуры ўключыліся ў размову. Іх цікавіла, ці ўдзельнічаў я ў бойках, аб чым марыў, што чытаць люблю, якую музыку слухаю, ці падабаюцца мне сучасныя песні, ці служыў ва ўзброеных сілах, як прыйшоў у журналістыку, ці проста стаць журналістам, як прыцягнуць моладзь да чытання кніг і многія іншыя. У самым пачатку я даў амаль урачыстае абяцанне адказваць на пытанні маіх карэспандэнтаў шчыра, без хлусні. Сваё абяцанне я выканаў сумленна. Не люблю сам хлусіць і калі мне хлусяць, падманваюць, здраджваюць.

Назіраючы за рэакцыяй хлопцаў і дзяўчат, заўважаў, што большасць з іх уцягнулася ў размову і ім было цікава са мной гутарыць. Як кажуць, паміж намі «ўзнікла хімія». Кантакт адбыўся. Моладзь мяне «адфарматавала».

Развітваючыся з маімі маладымі суразмоўцамі, пажадаў, каб яны ніколі не адчайваліся, якая б сітуацыя ў жыцці не ўзнікла. Адчай вядзе ў пустату, чалавек перастае верыць у свае сілы, засмучаецца і можа зрабіць непапраўнае. Заўсёды можна знайсці выйсце, паправіць становішча, пайсці правільна і з высока ўзнятай галавой. Будучыня за такімі вось маладымі людзьмі, з якімі мне пашчасціла сустрэцца на ток-шоу.

Віктар Ільюшчанка

Фота Кацярыны Масік