Любое сельгаставарыства славіцца сваімі працаўнікамі, адказнымі і сумленнымі. Не выключэнне ў дадзеным выпадку і ААТ «Агра-Калядзічы».
Яскравы прыклад — галоўны інжынер ААТ «Агра-Калядзічы» Аляксандр Кадука, які сёлета быў узнагароджаны Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь за вялікі ўклад у рэалізацыю эканамічнай палітыкі нашай краіны. А гэта ўжо многа гаворыць пра самога чалавека.

З чаго пачыналася ўзыходжанне да ўшанавання? У лёсе Аляксандра няма нічога незвычайнага для нашай краіны. Ураджэнец вёскі Бельчыцы ў 2006 годзе скончыў школу ў Рудніках. Адвучыўся ва УА «Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж» на механіка, хаця пры паступленні вагаўся: а можа, электрык? Перамагла цяга да тэхнікі. Па размеркаванні ў 2009 годзе трапіў у ААТ «Пружанскае», дзе і адпрацаваў два гады на пасадзе брыгадзіра трактарнай брыгады. Ужо ў гэтай гаспадарцы зарэкамендаваў сябе з лепшага боку: з людзьмі ладзіў, сваю справу ведаў.
А добрага спецыяліста хоча займець любая гаспадарка. ААТ «Агра-Калядзічы» зрабіла прапанову, а малады чалавек не адмовіўся. Пачынаў працоўную дзейнасць у сельгаставарыстве механікам і завочна вучыўся ва УА «Беларуская дзяржаўная ордэнаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчая акадэмія». Адвучыўся, і кіраўніцтва гаспадаркі даручыла больш важны фронт работы — працаваў інжынерам-механікам.
І імкненне зрабіць усё на выдатна ёсць, і поўнае паразуменне з падначаленымі на ўзроўні, і адказнае стаўленне да работы на месцы. Вось дзякуючы гэтаму, з чэрвеня 2021 года Аляксандр Кадука — галоўны інжынер ААТ «Агра-Калядзічы». Абавязкаў прыбавілася: гэта і праца з кадрамі, планаванне работы, рамонтаў, дакладнае выкананне пастаўленых задач. Канечне, дапамагаюць пяць інжынераў і два механікі, але ўсё роўна на самацёк такую работу не пусціш, трэба кантраляваць, накіроўваць, падказваць.
Проста сумленна працаваць, не перакідаць свае абавязкі на чужыя плечы, быць з усімі на роўных, не губляць інтарэсу да работы, заўсёды імкнуцца да новага — усё пералічанае мае дачыненне да з Аляксандра Кадукі. А яшчэ пашанцавала на згуртаваную каманду аднадумцаў, якая не падвядзе, выканае ўсе пастаўленыя задачы, нават сумнявацца не трэба. Гэтыя складнікі і зрабілі сваю справу: працу галоўнага інжынера ААТ «Агра-Калядзічы» адзначылі на ўзроўні рэспублікі. Ганаровая ўзнагарода, якая падкрэслівае: у сінявокай Беларусі чалавек працы ніколі не будзе забыты.
Смела ідзём наперад, глядзім на гэты свет чыстымі вачыма, дыхаем гаючым паветрам на поўныя грудзі і верым у тое, што кожнага з нас чакае светлая будучыня. Толькі так, бо інакш гэта не жыццё. Аляксандр Кадука пацвердзіць.
Вадзім Раўнейка
Фота Кацярыны Масік
