Четверг, 13 февраля 2025

Галоўныя ворагі кавіду — захаванне сацыяльнай дыстанцыі, рэспіраторны этыкет і… добры настрой. Жанна Ісакава пракаментавала сітуацыю з захворваннем на каранавірус у раёне

884

«Кажуць, што найлепшым саюзнікам у барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй з’яўляецца добры настрой. Але, прабачце, адкуль гэтаму настрою ўзяцца, калі прыходзіш у паліклініку, а ў «чырвонай» зоне хворых — цэлы калідор! Кашляюць, чхаюць, спрачаюцца і нават скандаляць. А ўрачы як прымалі, не спяшаючыся, так і працягваюць прымаць. Што адбываецца? Да нас прыйшоў той самы «амікрон» і выклікаў калапс медыцынскай сістэмы? Хто нарэшце скажа праўду: сапраўды ўсё так кепска ці можна спадзявацца на лепшае?»

Сяргей, г. Пружаны

Пра сітуацыю з захворваннем на COVID-19 у Пружанскім раёне расказвае загадчыца аддзялення агульнаўрачэбнай практыкі Жанна Ісакава.

— У першую чаргу, не трэба панікаваць.Так, нас накрыла хваляй таго самага «амікрону», які адрозніваецца ад іншых штамаў каранавіруснай інфекцыі высокай кантагіёзнасцю: заразіцца ім можна значна хутчэй, чым, напрыклад, «дэльтай». Таму сёння і хварэюць цэлымі сем’ямі, незалежна ад узросту – што дзеці, што дарослыя.

У сувязі з чым наша паліклініка перайшла на новы рэжым работы: урачы вядуць прыём хворых нават у нядзелю, прычым да апошняга пацыента. А пацыентаў шмат, нагрузка на медыкаў велізарная. Да слова, у мінулую суботу мы прынялі больш за сто чалавек, у нядзелю за пяць (!) гадзін прыёму (замест вызначаных трох) — больш за паўсотні хворых. У будні лічба павялічылася ў разы. І гэта не ўлічваючы выклікаў урачоў на дом: у суткі на аднаго ўрача сёння прыпадае каля дваццаці. Не хапае нават транспартных адзінак, каб хутчэй аб’ехаць вызначаныя адрасы, таму мы вымушаны звяртацца да кіраўнікоў гарадскіх арганізацый з просьбай часова падтрымаць паліклініку транспартам. Некаторыя ўжо адклікнуліся. Дзякуй ім за разуменне сітуацыі!

Больш за тое, сёння, каб разгрузіць паток пацыентаў у «чырвонай» зоне паліклінікі, мы прыцягнулі іншых спецыялістаў. Нароўні з тэрапеўтамі хворых прымаюць урач-дэрматолаг, лор, акуліст, хірург і гінеколаг. Але гэта не павінна людзей турбаваць. Сімптаматыка «амікрону» і пратаколы лячэння вядомы ўсім урачам.

Хвароба звычайна суправаджаецца катаральнымі з’явамі: асіпласцю голасу, сухім кашлем, болем у горле, галаўным болем і павышанай тэмпературай, якая можа дасягаць 39 градусаў. Нічога звышасаблівага не назіраецца – усё як пры звычайных ВРІ і сезонным грыпе. Таму няма неабходнасці рабіць тэсты: навошта губляць час, чакаючы іх вынікаў, калі можна ў першы ж дзень хваробы пачаць адэкватнае лячэнне.

Сёння, у адрозненне ад папярэдніх хваляў, хварэе больш людзей, але 99 працэнтаў пацыентаў – у лёгкай форме. Стацыянары не перагружаны. Калі раней амаль палове шпіталізаваных пацыентаў патрабавалася кіслародная тэрапія, то сёння такіх — 0,1%.

Амаль усе хворыя лечацца амбулаторна, прымаюць супрацьвірусныя і кроваразрэджваючыя прэпараты, вітаміны С і D, пры неабходнасці – гарачкапаніжальныя сродкі. Дарэчы, што тычыцца вітаміну D, які адказвае за імунітэт, то яго трэба прымаць строга па назначэнні ўрача, паколькі лішак у арганізме нават больш небяспечны за недахоп. Сёння ў пружанцаў ёсць магчымасць на платнай аснове здаць адпаведны аналіз у нашай паліклініцы, каб дакладна даведацца пра ўзровень вітаміну D у крыві.

Рэдка, і толькі па выніках аналізаў, мы назначаем антыбіётыкі. Але абсалютна ўсім рэкамендуем багатае піццё і паўнавартаснае харчаванне з перавагай садавіны і агародніны.

Калі дакладна выконваць усе назначэнні ўрачоў, папраўка наступае даволі хутка, таму што «амікрон» выклікае менш ускладненняў. Дарэчы, большасць тых, хто своечасова прайшоў вакцынацыю, не ішлі нават на бальнічны.

На што хацелася б звярнуць асаблівую ўвагу. «Амікрон» вельмі «лятучы», таму сёння, як ніколі, важным становіцца захаванне сацыяльнай дыстанцыі, прытрымліванне рэспіраторнага рэжыму і элементарных норм… ветлівасці і павагі адзін да аднаго.

Мы, урачы, ужо прызвычаіліся да непавагі з боку некаторых пацыентаў. Калі не шкадуеце ўрачоў, дык суседзяў па чарзе ў паліклініцы паберажыце! Будзьце цярплівей, уважлівей і далікатней! Заўсёды ацэньвайце адэкватна свой стан здароўя, паверце, тэмпература 37,5 – гэта не нагода пісаць завяшчанне. Магчыма, побач з вамі камусьці цяжэй, чым вам, прапусціце наперад хворага з тэмпературай пад 39! Давайце разам дружна змагацца з кавідам і тады ўсе будзем здаровы!

Падрыхтавала Алена Зялевіч. Фота Сяргея Талашкевіча