Пятница, 14 февраля 2025

Галоўныя сродкі ў барацьбе з падманам – розум і сумненне. Нагадваем асноўныя спосабы махлярства

1 697

Апошнім часам махляры напрыдумвалі столькі спосабаў падману, што, здаецца, няма сэнсу супрацьстаяць ім: маўляў, усё роўна абкруцяць. Аднак усё, на самай справе, не так песімістычна, абарона ёсць ад любога махлярства. Разгледзім гэта на прыкладах.

РЭЗКА ЎЗРАСЛІ ПЛАЦЯЖЫ ЗА МАБІЛЬНУЮ СУВЯЗЬ?
Не спяшайцеся абвінавачваць сотавага аператара ў неапраўданым павышэнні тарыфаў. Проста спытайце ў прадстаўнікоў кампаніі, ці адна SIM-карта дзейнічае па вашым нумары тэлефона. Магчыма, на нейкі час зламыснікі мелі доступ да вашай SIM-карты, напрыклад, пры здачы тэлефона ў рамонт або пакіданні яго ў заклад і г. д. Кланіраванне SIM-карты — даволі просты працэс пры наяўнасці адпаведных камп’ютарных праграм. У некаторых выпадках махляры гадамі выцягвалі грошы са сваіх ахвяраў. Калі вы выявілі дадатковую SIM-карту, неабходна неадкладна заблакіраваць яе ў свайго аператара сотавай сувязі.

ЗАПРАСІЛІ ВЯРНУЦЬ ГРОШЫ, ПЕРАЛІЧАНЫЯ ПАМЫЛКОВА?
Існуе некалькі схем такога махлярства. Напрыклад, SMS можа прыходзіць як ад аператара сотавай сувязі (зламыснік, на самай справе, папоўніў баланс мабільнага тэлефона сваёй ахвяры), так і з пабочнага нумара, паўтараючы «арыгінальнае» паведамленне аператара. Далей на мабільны нумар махляры тэлефануюць абаненту з просьбай вярнуць памылковы плацеж на вызначаны нумар. У выніку абанент пагаджаецца, пераводзіць пазначаную суму на мабільны нумар зламысніка. Якраз гэтага нельга рабіць ні ў якім разе. Справа ў тым, што у кампаній мабільнай сувязі ёсць паслуга вяртання памылковых плацяжоў, што дзейнічае на працягу некалькіх дзён. Махляр, атрымаўшы грошы ад «выпадковага» абанента, ідзе ў бліжэйшы сэрвісны пункт з просьбай адмяніць яго плацёж. У выніку ён вяртае свае грошы і атрымлівае прыбытак ад даверлівага грамадзяніна.

ВЫ ВЫПАДКОВА ВЫЙГРАЛІ Ў ЛАТАРЭЮ?
Не трэба спадзявацца на ўдачу, ні адзін арганізатар розыгрышу не праводзіць латарэю з самастойным пошукам удзельнікаў. Апошнія павінны запоўніць анкету або іншым спосабам АСАБІСТА даць свае дадзеныя, тым самым, пагаджаючыся ўдзельнічаць у розыгрышы. І калі вас раптоўна «абрадавалі» каштоўным выйгрышам, а потым просяць перавесці на пазначаны рахунак падатак за атрыманы падарунак ці наогул патрабуюць назваць рэквізіты плацежнай карткі для пераводу грашовага ўзнагароджання, то ведайце — гэта махляры. Самы просты спосаб — звярнуцца ў офіс названай кампаніі, тэлеканала, радыёстанцыі, банк або турыстычную фірму, каб на месцы ўдакладніць у супрацоўнікаў усе пытанні, звязаныя з магчымым выйгрышам. Не трэба забываць, што арганізатары кампаніі заўсёды асвятляюць у сродках масавай інфармацыі ход і вынікі правядзення рознага роду латарэй і акцый.

ТЭЛЕФАНУЮЦЬ З БАНКА З ПРОСЬБАЙ ПАЦВЕРДЗІЦЬ РЭКВІЗІТЫ КАРТКІ?
Заўсёды трэба памятаць, што сапраўдны супрацоўнік банка ніколі і ні ў якіх выпадках не будзе запытваць у кліента канфідэнцыйную інфармацыю, якая датычыцца рэквізітаў банкаўскай карткі, а таксама персанальных дадзеных з пашпарта і г. д. Вас могуць запрасіць па тэлефоне наведаць офіс фінансавай установы для ўдакладнення такіх звестак, у адваротных выпадках можна смела лічыць абанента махляром.

Наогул у любых выпадках варта захоўваць цвярозы розум і ў незнаёмай сітуацыі выказваць сумненне. Няма ніякіх падстаў дзейнічаць як мага хутчэй, спрабуйце ўсё праверыць. Нават ваша просьба пачакаць або ператэлефанаваць спалохае махляроў.

Валянцін Пашкевіч, намеснік начальніка РАУС