Ніколі б не паверыў, калі б мне сказалі, што галоўны санітарны ўрач Пружанскага раёна Кацярына Папко захапляецца творчасцю, пакуль сам на свае вочы ў гэтым не ўпэўніўся.
Сустракаліся і гутарылі мы з Кацярынай Анатольеўнай у яе кабінеце. У вочы адразу кінулася прафесійна выкананая фларыстычная кампазіцыя з галінак елкі, аздобленая цікавым дэкорам.
— Гэта так, не самая прыгожая мая кампазіцыя, я магу і больш цікавыя з кветак рабіць, —сказала Кацярына Папко.
Застаць галоўнага санітарнага ўрача раёна на месцы не заўсёды атрымліваецца. Шматлікія паездкі з праверкамі па захаванні санітарных правілаў, патрабаванняў займаюць даволі значную колькасць часу. А яшчэ — мерапрыемствы па ўтрыманні пад кантролем усялікіх вірусаў, каб яны не шкодзілі людзям. Здаецца, не да захапленняў — хутчэй бы адпачыць! А Кацярына Анатольеўна мала таго, што добрая гаспадыня, жонка, маці, яна яшчэ і творчы чалавек. Яе рукамі выраблены цудоўныя лялькі, нават ёсць танцорка з «Мулен Руж», а яшчэ і вязаныя мілыя вожыкі. Захапляецца яна і танцамі. Але гэта толькі пасля.
Пасля таго, як былі выкананы ўсе ўмовы праекта «Пружаны — здаровы горад» , яго інфармацыйнае суправаджэнне, а больш — мерапрыемствы якія ажыццяўляліся ў рамках гэтага праекта. Пра тое, што ўсё паспяхова было праведзена, гавораць і шматлікія ўзнагароды галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Брэсцкага аблвыканкама. Мала таго, наш праект увайшоў у пяцёрку лепшых у вобласці. Зразумела, што тут добра папрацавалі ўсе зацікаўленыя арганізацыі раёна. Аднак каардынаваў яго Пружанскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Немалазначным быў і прафілактычны праект «Здаровы горад (пасёлак) Брэсцкай вобласці без тытуню» ў рамках праекта «Пружаны —здаровы горад». Тут, акрамя Кацярыны Папко, адзначаны і ўклад намесніка старшыні райвыканкама Руслана Супрыновіча.
Слухаючы Кацярыну Анатольеўну, лавіў сябе на думцы, што гэтая, на першы погляд, сур’ёзная жанчына, трымае ў сабе акрамя патэнцыялу прафесійнага, шмат творчага. А нарадзілася ў сям’і далёкіх ад творчасці людзей: маці — бухгалтар, бацька — інжынер. Аднак малая радзіма Кацярыны Папко — горад Маладзечна, а гэта адна з культурных сталіц нашай краіны. Тут праходзяць штогадовыя творчыя фестывалі песні. Яшчэ я зразумеў, што людзі, якія як магіяй валодаюць лічбамі, чарцяжамі, нараджаюць творчых дзяцей. Але гэта толькі ўласныя назіранні. Магчыма, я не маю рацыі, але, хутчэй за ўсё, так і ёсць. Акрамя творчасці, Кацярына Анатольеўна захапляецца псіхалогіяй, некаторымі відамі спорту.
Мая суразмоўца можа бясконца расказваць пра дасягненні калектыву, грамадскую работу, якая добра наладжана ў цэнтры, шматлікія калектыўныя паездкі, спаборніцтвы. Гэта значыць, што тут пануе вельмі добры карпаратыўны дух, які напрамую залежыць ад капметэнтнасці і крэатыўнага падыходу кіраў-ніка.
Віктар Ільюшчанка.
Фота аўтара