Валейбалісты-аматары раёна добра ведаюць, што пачатак вясны — час правядзення турніру памяці А.А. Салтруковіча. Штогадовую традыцыю не сталі парушаць і сёлета.
На гэты раз у спартыўнай зале СДЮШАР г. Пружаны спаборнічалі пяць каманд. Сустрэць тут можна было як ужо добра знаёмыя па леташніх турнірах зборныя, так і новыя. Да «старажылаў» турніру можна смела аднесці зборную «Клепачы», у складзе якой — работнікі ААТ «Жураўлінае» і жыхары населенага пункта. Не першы год удзельнічае ў спаборніцтвах каманда «Лінова». Добра знаёмыя тыя, хто сочыць за валейбольнымі разборкамі, і з аматарскай дружынай «Алімп».
Што да навічкоў, то ўпершыню ў турніры імя Салтруковіча ўзялі ўдзел навучэнцы школы алімпійскага рэзерву нашага горада. У каманду пад назвай «СДЮШАР» аб’ядналіся хлопцы і дзяўчаты 2008-2009 гадоў нараджэння. А вось каманду «Dream team» (на здымку) сфарміравалі як ігракі мінулых гадоў, так і новыя валейбалісты.
Турнір-2022 праходзіў у два кругі. Кожная каманда сустрэлася з усімі сваімі сапернікамі. Усяго за 10 гульнявых дзён адбылося 20 матчавых сустрэч. Пры гэтым, як адзначыла Вікторыя Шаманава, дырэктар фізкультурна-спартыўнага клуба «Мухавец», які выступае арганізатарам спаборніцтваў, і па вечарах у будныя дні, і днём у выхадныя балельшчыкаў было дастаткова.
— Судзейская калегія на чале з галоўным суддзёй Аляксандрам Бажко адзначыла таксама ўзровень і настрой каманд. Не здаваўся ніхто, усе імкнуліся паказаць максімум, — падкрэсліла Вікторыя.

Яе словы пацвердзілі вынікі турніру. Каб вызначыць сярэбранага і бронзавага прызёраў, давялося звярнуцца да пэўных падлікаў. Такім чынам, трэцяе месца сёлета заваявала каманда «Алімп». На жаль, не змагла пацвердзіць свой леташні статус чэмпіёна каманда «Клепачы», якая ў гэты раз размясцілася на другім месцы. Ну а галоўны кубак, быццам апраўдаўшы сваю назву, забрала пружанская зборная «Dream team» (на здымку).

Своеасаблівай «ізюмінкай» турніру-2022 стала вызначэнне лепшых ігракоў. Калі раней званні прысуджала судзейская калегія, то падчас сёлетніх спаборніцтваў яны вызначаліся шляхам анкетавання каманд. У выніку лепшым звязуючым турніру прызнаны Барыс Кулагін са зборнай «Клепачы». Тытул «Лепшы нападаючы» атрымаў Мікалай Ходзін (каманда «Алімп»). Званне «Лепшы ігрок турніру» прысуджана Раману Гвоздзіку з «Dream team». Дарэчы, у дадзеным выпадку меркаванне гледачоў поўнасцю супала з думкамі суддзяў. Па словах апошніх, Раман з’яўляецца валейбалістам са стажам, усе гульні ён адыграў без замен, праявіў спартыўную этыку ў адносінах да суддзяў і іншых ігракоў.
Партнёрам турніру выступіў райкам прафсаюза работнікаў АПК і яго старшыня Дзмітрый Чайкоўскі. Менавіта пры яго дапамозе былі набыты кубкі для пераможцаў, граматы для ўдзельнікаў і лепшых ігракоў. Каманда-пераможца па традыцыі атрымала грашовы прыз. Упершыню за гісторыю спаборніцтваў ім заахвоцілі і сярэбраных прызёраў.
Турнір абяцае вярнуцца роўна праз год. Таму ў тых, хто даўно хацеў у ім паўдзельнічаць, дастаткова часу, каб сабраць каманду аднадумцаў.
Уладзіслаў Шпарла. Фота прадастаўлена РФСК «Мухавец»