Четверг, 22 января 2026

Галоўны ўрач Пружанскай ЦРБ Андрэй Іванавіч Пачынчык: «Мы асвоілі ўсе метады лячэння COVID-19»

1 011

Але нават напярэдадні прафесійнага свята медыцынскіх работнікаў захворванне на каранавірусную інфекцыю з’яўляецца асноўнай тэмай размовы.

— У цяперашніх эпідэміялагічных умовах, — гаворыць А.І.Пачынчык, — поспехам пружанскіх медыкаў я назваў бы тое, што мы пачалі паспяхова лячыць пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй. Чаго таіць, летась, калі нас накрыла першая эпідэміялагічная хваля, прымянялася эмпірычнае лячэнне — тое, якое праводзіцца без ведання дакладнай прычыны захворвання і назначаецца зыходзячы з вопыту, а не логікі.

Але на сённяшні дзень мы асвоілі і прымяняем усе вядомыя метады выяўлення і лячэння гэтай інфекцыі. У прыватнасці, вось ужо на працягу двух месяцаў мы сталі выкарыстоўваць пры лячэнні цяжкіх хворых бронхаскапію. Гэта сучаснае дыягнастычнае даследаванне слізістых трахеі і бронхаў з дапамогай спецыяльнага аптычнага прыбора.

Толькі зараз мы ўваходзім у нармальны рэжым працы, які быў да каранавіруса. Хочацца пазбавіць жыхароў ад прадузятага меркавання, што пры лячэнні ў стацыянары ў любым з аддзяленняў можна падхапіць COVID-19. Хворыя з гэтым дыягназам сёння лечацца толькі ў інфекцыйным і рэанімацыйным аддзяленнях бальніцы.

І наадварот, сёння назіраецца бум пацыентаў з траўмамі. Нядаўна да нас трапіў з пераломам шыйкі сцягна 101-гадовы гараджанін — наш былы работнік, ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Паспяхова правялі аперацыю і на днях выпісалі яго.

Умовы, якія сёння ёсць у нашай бальніцы, дазваляюць праводзіць складаныя аперацыі і ставіць на ногі нават пацыентаў у вельмі шаноўным узросце.

З мэтай умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы летась на медыцынскае абсталяванне было выдаткавана амаль 550 тысяч рублёў. Трэба аддаць належнае нашым спонсарам, якія прафінансавалі прыкладна трэцюю частку нашых пакупак: бія-хімічныя аналізатары, канцэнтратары кіслароду, фібрабранхаскоп, гематалагічны аналізатар…

Уласныя сродкі апошнім часам накіроўваліся пераважна на абсталяванне новай тэхнікай стаматалогіі. Ужо сёлета за пяць месяцаў набыта медабсталявання і вырабаў медпрызначэння больш як на два мільёны рублёў.

Калектыў Пружанскай ЦРБ сёння налічвае больш за тысячу чалавек, з якіх 162 урачы, 456 сярэдніх медработнікаў, а таксама 453 чалавекі малодшага і іншага персаналу. Лічба вялікая, але пакуль яна поўнасцю не закрывае патрэбу ў кадрах. У прыватнасці, урачамі бальніца ўкамплектавана амаль на 91%. Каб закрыць вакансіі, мы штогод падаём заяўкі аб’ектыўнай патрэбы ў кадрах, але апошнія гады іх задавальнялі толькі на 85-90%.

Што тычыцца задач, якія стаяць перад калектывам Пружанскай ЦРБ, яны ў нас застаюцца ранейшымі: рэалізацыя сацыяльных стандартаў, шэрага галіновых Дзяржаўных праграм, у тым ліку па захаванні і ўмацаванні здароўя насельніцтва, рацыянальнае выкарыстанне бю-джэтных сродкаў, укараненне камп’ютарных інфармацыйных тэхналогій у практычную дзейнасць і іншае.

Акрамя таго, працягнецца правядзенне капітальнага рамонту з мадэрнізацыяй стаматалагічнага аддзялення.

Асобная ўвага — прышчэпачнай кампаніі ад каранавіруса. На сённяшні дзень мы прышчэпліваем жадаючых расійскай і кітайскай вакцынай. Прычым працэс гэты выйшаў за межы раённай паліклінікі. Пакуль найбольшую актыўнасць у гэтым плане праяўляюць медработнікі: каля 75% ужо зрабілі прышчэпку. Увогуле пакуль вакцынавана каля 7% жыхароў раёна.

Варта адзначыць, што калі захворванне толькі прыйшло да нас, не было дакладных рэкамендацый, як з ім змагацца, ніхто ў нашым калектыве не адмовіўся ад сваёй работы. Нават у самы цяжкі перыяд, які прыйшоўся на другую хвалю захворвання, — на канец мінулага года — пачатак бягучага, усе ішлі выконваць свой абавязак. Таму складана кагосьці адзначыць асобна: усе малайцы — ад урачоў да санітарачак. І за гэта хачу падзякаваць кожнаму, хто працуе ў медыцынскай галіне. Моцнага здароўя вам і вашым блізкім!

Марына Вакульская, фота Кацярыны Масік