Пятница, 1 ноября 2024

Галоўнае аб планах Беларусі, ядзернай зброі і чырвоных лініях. Аб чым папярэджвае і да чаго заклікае Лукашэнка

44

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7 мая прыняў удзел ва ўрачыстым сходзе з нагоды Дня Перамогі. У час мерапрыемства, якое адбылося ў Палацы Рэспублікі, кіраўнік дзяржавы ўзнагародзіў дзевяць населеных пунктаў краіны вымпелам «3а мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны». У час свайго выступлення Аляксандр Лукашэнка, як і заўсёды, выказаўся на злобу дня. Гэтыя заявы Прэзідэнта заходнім палітыкам лепш спачатку вывучыць на зубок, перш чым планаваць якія-небудзь дзеянні ў адносінах да Беларусі. Аб чым жа папярэджваў і да чаго заклікаў беларускі лідар?

Пра падзеі, якія непадуладны часу і акалічнасцям

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў гісторыі краіны нямала яркіх старонак, якімі беларусы па праву ганарацца. Не ўсе з іх захавалі сваю значнасць да нашых дзён. Многія, страціўшы былы сэнс, аказаліся проста забытыя. Аднак ёсць даты і падзеі, якія нясуць у сабе разуменне сутнасці і праўду жыцця.

«Яны непадуладныя часу і акалічнасцям, перадаюцца праз пакаленні з малаком маці, аберагаюць ад памылак і дапамагаюць будаваць будучыню. Для беларусаў такой падзеяй стала Перамога савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён звярнуў увагу, што менавіта таму ў абноўленай Канстытуцыі быў замацаваны тэзіс аб тым, што «дзяржава забяспечвае захаванне гістарычнай праўды і памяці пра гераічны подзвіг беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны».

«Для нас, беларусаў, праўда і памяць пра вайну мацнейшыя за час і межаў не маюць», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Пра ахвяры Беларусі і сур’ёзную перасцярогу чалавецтву

«Усе народы Зямлі павінны ведаць, якая неймаверна высокая цана была заплачана толькі беларусамі за мір і свабоду, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён прывёў сумныя лічбы: звыш 300 тысяч жыхароў Беларусі былі пагнаны ў Германію ў якасці рабоў, толькі лагер «Трасцянец» забраў жыцці больш як 200 тысяч мірных грамадзян. Сотні гета і канцлагераў ператварылі мірную рэспубліку ў канвеер смерці.

«Па сутнасці, гэта быў генацыд мірнага насельніцтва. Гэты факт афіцыйна ўстаноўлены Надзвычайнай урадавай камісіяй адразу пасля вайны, і ў наш час гэтыя расследаванні прадаўжае Генеральная пракуратура. Загінуў кожны трэці. Як бы хто ў «вялікіх дэмакратыях» ні працівіўся і ні перашкаджаў, што б ні гаварыў, нягледзячы на асобы і тэрміны даўнасці, мы будзем выяўляць і аддаваць пад суд тых, хто мае дачыненне да злачынстваў нацыстаў. Няхай нават пасмяротна або завочна», — заявіў Прэзідэнт.

«Пры гэтым сёння ў многіх заходніх дзяржавах наша Перамога аб’яўлена па-за законам. Пад сцягамі дывізій СС маршыруюць фашыствуючыя радыкалы. На дзяржаўным узроўні ўшаноўваюць ваенных злачынцаў. А тыя, хто шануе памяць аб Вялікай Перамозе, абвяшчаюцца ворагамі нацыі. Беспрэцэдэнтныя інфармацыйныя атакі і разнастайныя фальсіфікацыі з боку калектыўнага Захаду апраўдваюць учыненыя нацыстамі і іх памагатымі зверствы», — сказаў беларускі лідар.

У гэтых умовах, адзначыў кіраўнік дзяржавы, праўда аб злачынствах фашызму служыць сур’ёзнай перасцярогай чалавецтву, а захаванне гістарычнай памяці набывае асаблівае значэнне.
Пра агульны здабытак народаў Еўропы

«Народам Еўропы даўно пара зразумець, што Вялікая Перамога — наш агульны здабытак. Дзякуючы ёй, а таксама палітычнай, эканамічнай, ваеннай магутнасці Савецкага Саюза Еўразійскаму кантыненту на доўгія дзесяцігоддзі быў забяспечаны мір», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, што, нягледзячы на ідэалагічныя рознагалоссі і геапалітычную барацьбу ў пасляваенны час, сусветным ігракам усё ж удавалася дамаўляцца. «Ва ўмовах халоднай вайны бакамі, якія проціборствавалі, рабіліся рэальныя захады да разрадкі на аснове балансу сіл. Міжнародныя арганізацыі выступалі рэальнымі пляцоўкамі для перагавораў і садзейнічалі захаванню міру і ўмацаванню бяспекі на планеце. Але з распадам СССР урокі вайны былі забытыя», — канстатаваў Прэзідэнт.

Пра бесцырымоннасць «гаспадароў» свету

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што сёння палітыкі некаторых краін уявілі сябе гаспадарамі свету. Для іх стала звычайнай практыкай груба і бесцырымонна ўмешвацца ў справы суверэнных краін.

«Дастаткова толькі аб’явіць непажаданую краіну зонай сваіх інтарэсаў або «пагрозай» нацыянальнай бяспецы, як тут жа адбудуцца дывановыя бамбардзіроўкі і звяржэнне «недэмакратычнага» рэжыму, — заўважыў Прэзідэнт. — Па гэтай прычыне ў розных кутках планеты пастаянна ўспыхваюць ачагі напружанасці, якія разбураюць краіны і цэлыя рэгіёны. Прыкладаў вялікае мноства. Мы прыйшлі да таго, што сёння ніводная дзяржава не адчувае сябе абароненай ад знешняй агрэсіі».
Напружвае абстаноўку пашырэнне ваенных блокаў і саюзаў ва ўрон бяспецы іншых краін, а таксама беспрэцэдэнтнае нарошчванне патэнцыялу НАТА ў еўрапейскім рэгіёне. «Усё гэта ўжо каля заходніх і паўднёвых граніц нашай Беларусі, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Ад асобных дзеячаў мы чуем размовы пра вайну і ядзерныя ўдары».

Пра рэагаванне на абвастрэнне абстаноўкі

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на фоне пастаянна ўзрастаючай у Еўропе ваеннай актыўнасці ў Беларусі прымаецца комплекс мер адэкватнага рэагавання на абвастрэнне абстаноўкі. «Названая дзейнасць па абароне нашай краіны мае планавы характар і прадугледжвае некалькі этапаў», — сказаў ён.

У час першага этапу ў адказ на канцэнтрацыю войскаў паблізу паўночна-заходніх граніц Беларусі (а гэта ўжо каля 90 тыс. чалавек) выводзіліся ўзмоцненыя танкавы і механізаваны батальёны. Адпрацаваны пытанні недапушчэння прынікнення на беларускую тэрыторыю дыверсійна-разведвальных груп і незаконных узброеных фарміраванняў. Таксама на гэтым фоне праведзена раптоўная праверка з адмабілізаваннем і прывядзеннем у поўную баявую гатоўнасць механізаваных і зенітна-ракетных брыгад. «І апошняе — маштабная праверка ваенна-паветраных сіл», — расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, гэтыя праверкі паказалі эфектыўнасць існуючай сістэмы баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці, здольнасць брыгад своечасова перайсці ў вышэйшую ступень баявой гатоўнасці і выканаць задачы па прызначэнні.

Пра адпрацоўку прымянення нестратэгічнай ядзернай зброі

«Сёння мы пачынаем адпрацоўку другога этапу мер рэагавання. Для яго правядзення генеральнымі штабамі Узброеных Сіл Беларусі і Расіі прадугледжана праверка сіл і сродкаў сумеснай рэгіянальнай групоўкі войскаў, у рамках якой упершыню плануецца адпрацаваць пытанні прымянення нестратэгічнай ядзернай зброі, — заявіў Прэзідэнт. — У ходзе праверкі будзе ажыццяўляцца падача спецбоепрыпасаў у ракетныя і авіяцыйныя воінскія часці, загрузка іх на пускавыя ўстаноўкі і падвеска на самалёты. Ракетныя дывізіёны аператыўна-тактычных комплексаў «Іскандэр» і «Паланэз» будуць скрытна выведзены ў назначаныя пазіцыі і будуць адпрацоўваць пытанні нанясення ракетных удараў для адбіцця магчымага нападзення на Беларусь».
Адначасова авіяцыйныя воінскія часці падрыхтуюць франтавыя штурмавікі Су-25 да дзеянняў са спецбоепрыпасамі па падтрымцы войскаў, якія абараняюцца, і нанясенні праціўніку непапраўнага ўрону. 

«Мерапрыемствы будуць праводзіцца на агульным аператыўна-стратэгічным фоне з адпрацоўкай у тым ліку расійскімі войскамі прымянення нестратэгічнай ядзернай зброі. У атрыманні аператыўнай інфармацыі нам дапамогуць воінскія часці Маскоўскай і Ленінградскай ваенных акруг, а таксама сілы і сродкі Балтыйскага флоту, размешчаныя ў Калінінградскай вобласці», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Рашэнне аб сумеснай каардынацыі і прымяненні войскаў з выкарыстаннем спецбоепрыпасаў лідары Беларусі і Расіі маюць намер абмеркаваць на сустрэчы ў Маскве 8 мая. «І прымем канчатковае рашэнне», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Непасрэднае кіраванне, кіраўніцтва войскамі, падача сігналаў на вучэбнае прымяненне нестратэгічнай ядзернай зброі будзе ажыццяўляцца генеральнымі штабамі Беларусі і Расіі ў адпаведнасці з існуючымі планамі ўзаемадзеяння», — дадаў Прэзідэнт.

Пры гэтым ён звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што праверка мае выключна абарончы характар. «Яна прызначана забяспечыць гатоўнасць беларускіх воінскіх часцей да работы са спецыяльнымі боепрыпасамі, а таксама наладзіць механізмы кіравання войскамі і ўзаемадзеяння саюзных органаў кіравання. Пасля завяршэння сумеснай трэніроўкі нашы войскі прадоўжаць мерапрыемствы па адэкватным рэагаванні на змяненне абстаноўкі», — расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пра імгненны адказ на агрэсію

«Я чалавек мірны, я не хачу вайны. Я гісторык і добра ведаю, што Беларусь заўсёды вяла не толькі і не столькі свае войны. Беларусь заўсёды была тэатрам ваенных дзеянняў. Я не толькі па кніжках вывучаў Другую сусветную і Вялікую Айчынную вайну. Стаўшы Прэзідэнтам, я азнаёміўся з сапраўдным станам спраў у чэрвені 1941 года і напярэдадні на нашай граніцы, калі мы верылі ў тое, што нам гаварылі. Нас пераконвалі, што вайны не будзе, што ўсё нармальна», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што Беларусь не мае намеру паддавацца ні на якія правакацыі і не збіраецца ні з кім ваяваць. «Кідаць краіну, мільёны людзей у горан вайны — гэта не да мяне. Проста наша задача — калі зноў, як гэта было, варожы бот ступіць на нашу зямлю, мы павінны нанесці ворагу непапраўны ўрон. І ён гэта павінен разумець, — заявіў беларускі лідар. — І калі ты разумееш, што ты імгненна атрымаеш тое, што табе немагчыма перажыць, непапраўныя страты, урон, ты ніколі (калі ў цябе яшчэ засталося ў галаве нешта) не пачнеш гэту вайну».
«Мы не верым ніякім спадзяванням. Мы яшчэ раз заяўляем: мы ні на кога не збіраемся нападаць. Мы проста рэагуем на тое, што адбываецца не далёка там недзе ў Газе, дзе Ізраіль бамбіць мірнае насельніцтва. Дзе ўжо дзясяткі тысяч людзей загінулі — цішыня. Мы не ўмешваемся ў гэтыя канфлікты. Мы глядзім за сваёй зямлёй і рэагуем на тое, што адбываецца побач. Яшчэ раз паўтараю: 90 тысяч (замежных ваенных. — Заўвага БЕЛТА) сканцэнтраваны на нашых граніцах. Хто з вас можа стаць і сказаць, што з гэтых 90 тысяч заўтра дзясятак тысяч не атакуе нашу граніцу? Ніхто», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Таму, дадаў Прэзідэнт, ён як галоўнакамандуючы прыняў рашэнне выставіць ваенныя падраздзяленні на ўсіх магчымых напрамках удару. У абаронных мерапрыемствах таксама задзейнічаны сілы пагранічных войскаў і МУС.

«Будзе ціха — добра, будзе і ў нас спакойна і ціха. Калі нехта прыменіць зброю супраць нас, мы адкажам. Прытым імгненна. Мы не будзем рысаваць ніякіх ліній. Мы не Расія на тысячы-тысячы кіламетраў — там можна рысаваць лініі і нечага чакаць. Расію-матухну адразу не захопіш. А Беларусь, як паказала апошняя вайна, на працягу месяца перастала існаваць. Цяпер будзе яшчэ хутчэй. Таму ніякіх ліній. Ніякіх. Любая агрэсія — і адказ будзе імгненны», — папярэдзіў беларускі лідар.

Пра зброю абароны і звар’яцелых палітыканаў

Ён дадаў, што сёння шмат гаворыцца пра ядзерную зброю. Некаторыя пачынаюць гадаць, прыменіць ці не прыменіць Лукашэнка гэту ядзерную зброю. «Паслухайце, гэта зброя стрымлівання, гэта зброя абароны. Ніхто ў наступленне з гэтай зброяй не пойдзе. Рабіце адсюль выснову», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Самае страшнае, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, што ў разуменні Захаду трэцяя сусветная вайна не з’яўляецца чымсьці адцягненым і падаецца як звычайная і цалкам дапушчальная. Але наўрад ці гэта трэба простым людзям — як у нас, так і ў Еўропе і іншых рэгіёнах планеты. Таму сёння я хацеў бы чарговы раз з гэтай трыбуны ад імя беларускага міралюбнага народа звярнуцца да народаў блізкага і далёкага замежжа (сітуацыя падштурхоўвае да гэтага): трэба спыніць звар’яцелых палітыканаў, не даць ім шанцу ператварыць усё жывое на планеце ў попел», — заклікаў Прэзідэнт.

Пра планы і пазіцыю Беларусі

«На ўсе спробы запалохвання Беларусь адказвае паслядоўнай міратворчай пазіцыяй з палітыкай стратэгічнага стрымлівання. Мы ўлічылі памылкі пачатку Вялікай Айчыннай вайны і больш не павядзёмся на абяцанні, правакацыі і забалботванне прамой ваеннай пагрозы. Як і савецкія салдаты ў далёкім 1945-м, мы разам з нашым саюзнікам стаім на абароне не толькі тэрытарыяльных, але і рубяжоў нашай агульнай гістарычнай памяці», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што на першым пасяджэнні VII Усебеларускага народнага сходу былі прыняты два асноўныя дакументы — Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі і Ваенная дактрына. Яны вызначаюць канкрэтныя меры стратэгічнага парадку, якія дапамогуць забяспечыць надзейную абарону канстытуцыйнага ладу Беларусі, суверэнітэту і мірнага жыцця народа. «Хто хоча разабрацца ў нашых планах і нашай пазіцыі сёння, яшчэ раз прапаную вам звярнуцца да гэтых дакументаў. Мы не хавалі іх, мы іх апублікавалі», — звярнуў увагу Прэзідэнт.

«Паўтараю каторы раз: мы абсалютна мірная краіна і не разглядаем ніводную дзяржаву ў якасці праціўніка. Але калі спатрэбіцца, беларускі народ паўстане на абарону роднай зямлі, выкарыстоўваючы для гэтага ўсе магчымыя сілы і сродкі, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Галоўным гарантам ваеннай бяспекі краіны з’яўляюцца нашы Узброеныя Сілы. Таму мы іх падтрымліваем у пастаяннай баявой гатоўнасці і аснашчаем самым сучасным узбраеннем».

Паводле яго слоў, дзякуючы прафесійнай вывучцы, патрыятызму, адданасці воінскаму абавязку і Айчыне воіны беларускай арміі здольны захаваць бяспеку нашай дзяржавы і нанесці праціўніку пры неабходнасці непапраўны і непрымальны ўрон.

У той жа час кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што сёння важна не толькі ваенная сіла: «Ніякае самае сучаснае ўзбраенне не зможа зламаць народ, калі ў нас з вамі будзе адзінства. Нашы праціўнікі гэта добра разумеюць і робяць усё, каб нас расцягнуць, раз’яднаць».

Пра долю Прэзідэнта і вертыкалі ўлады

«Гаворачы ўсё гэта, я думаю аб тым, каб не перабраць, не напружыць наша грамадства, — прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. — Усё, што мы робім, мы робім для таго, каб гэтага (паўтарэння вопыту Вялікай Айчыннай вайны. — Заўвага БЕЛТА) не здарылася. Я не веру, што ў Заходняй Еўропе — растлусцелай, адкормленай — нехта захоча лезці ў брудныя, вашывыя акопы, каб ваяваць. Яны ж ужо ад гэтага адвыклі. Ды і наша моладзь, вы ведаеце, гэтага не хоча. Гэта мы, народжаныя тады, недалёка пайшоўшыя ад той Вялікай Перамогі, разумеем, чаго каштавала нашым бацькам і дзядам усё гэта».

«Але мы павінны быць гатовы да ўсяго. Я не веру, што яны звар’яцелі і пераступяць мяжу, якую нават нарысавалі самі», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка сказаў, што не верыць у тое, што Прэзідэнт Францыі, ядзернай дзяржавы, Эмануэль Макрон, даволі разумны чалавек, але які заяўляе аб гатоўнасці хоць заўтра ўвесці ўзброеныя сілы ва Украіну і пачаць вайну, ці, напрыклад, польскія ўлады, або яшчэ хто — што яны на самай справе зробяць тое, пра што гавораць. «Каб яны гэтага не зрабілі, мы павінны быць моцнымі (пра гэта ўжо гаварылася, цяпер паважаюць толькі сілу). І якімі б мы ні былі — маленькімі ці вялікімі — мы павінны быць моцнымі, арганізаванымі, маналітнымі», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

«Доля мая і тых, хто побач са мной, заключаецца ў тым, каб мы маглі адказаць на любую пагрозу», — дадаў ён.
Пра ветэранаў і вызваліцеляў Беларусі

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што для сучаснага пакалення ёсць дастойны прыклад для пераймання — гэта ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, якіх, на жаль, зусім мала сёння засталося ў жывых. У першыя пасляваенныя гады яны, аслабленыя, перажыўшыя столькі цяжкасцей, нягод і пакут, усё ж знайшлі ў сабе сілы і мужнасць адбудаваць краіну. Яны зрабілі для нас «усё і нават больш», звярнуў увагу Прэзідэнт. «Мы гэта не павінны забываць. Як толькі забудзем, да нас гэта бяда прыйдзе», — падкрэсліў ён.

Асаблівыя словы ўдзячнасці кіраўнік дзяржавы адрасаваў таксама тым вызваліцелям Беларусі, якія жывуць у розных кутках планеты: «Вы нам — родныя людзі. Што б ні адбывалася і як бы ні ставіліся да Перамогі там, дзе вы цяпер жывяце, беларуская зямля ўсіх вас помніць і дзякуе вам».

«Вечная слава гераічнаму подзвігу народаў Савецкага Саюза, якія разам прайшлі праз вогненнае ліхалецце вайны і перамаглі нацызм», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка пажадаў ветэранам і ўсім, хто адбудоўваў краіну, а таксама прадстаўнікам старэйшага пакалення, усім суайчыннікам міру, дабрабыту і шчаслівага жыцця пад небам толькі свабоднай Беларусі. «Я сардэчна віншую ўсіх з надыходзячым вялікім святам. З Днём Перамогі, паважаныя сябры! — сказаў на заканчэнне кіраўнік дзяржавы. — Жывіце спакойна, гадуйце дзяцей. Няхай кожны робіць сваю справу. Нам ад гэтага часу нікуды не дзецца. Таму што час выбраў нас».

БЕЛТА